Не паваляушы не з’ясІ?

Нас пастаянна заклікаюць да акуратнасці. У гандлёвых залах магазінаў, якія прадаюць прадукты харчавання, шматлікія правяраючыя не дапусцяць антысанітарыі. На прылаўках і ў халадзільніках чысціня і парадак, кожная група тавараў на сваім месцы (прынамсі, у брэндавых гіпермаркетах). Паўфабрыкаты і хлебабулачныя вырабы прадаўцы падаюць нам у пальчатках. Акрамя таго, усе работнікі сферы гандлю рэгулярна праходзяць медкамісію.

Але што часам адбываецца ў падсобках магазінаў! Малако, гародніна, рыба, мяса — усё ўпярэмешку. А самае галоўнае, хто і як разгружае гэтыя “стэрыльныя” прадукты. Шмат разоў на ўласныя вочы назірала карціну: упадзе на зямлю з паддона вэнджаны кумпячок пры разгрузцы — вадзіцель падыме яго і пакладзе назад. Зразумела, што “ляжалы” тавар абавязкова патрапіць на прылавак, а затым перавандруе ў кошык пакупніка. Бо гэта гатовы да ўжывання прадукт, і спажывец, нічога не падазраючы, не стане падвяргаць яго дадатковай тэрмаапрацоўцы — накорміць “смачненькім” сваю сям’ю.

Аднойчы ўсе пасажыры маршруткі, у якой я ехала дадому з працы, назіралі пацешную і адначасова сумную вулічную сцэнку. Вадзіцель невялікага грузавічка ў спешцы збіраў з праезнай часткі і запіхваў назад на паддоны булачкі, што выпалі з машыны. Напэўна, пасля гэтага спакойна даставіў іх у гандлёвую кропку або сталоўку.

Была я таксама сведкай эпізоду, калі бяздомны сабака схапіў са скрыні батон каўбасы — тавар пасля разгрузкі выставілі ля чорнага ходу крамы. Ікласты зладзюга паспеў прабегчы метраў сто, пакуль яго не дагналі вадзіцель і грузчык. Каўбасу ў сабакі адабралі і, як мае быць, паклалі назад у скрыню. Лепш гэтую каўбасу даеў бы няшчасны сабака, а прадавец, каб не несці страты, каго-небудзь аблічыў. Вядома, непрыгожа, затое гігіенічна.

Вераніка Голубева, Бабруйск

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter