«Не парушай калодзежа, пакуль не збудуеш новага»

СТАРШЫНЁЎСКІ корпус Беларусі багаты на таленавітых кіраўнікоў, сярод якіх і Герой Сацыялістычнай Працы кандыдат сельскагаспадарчых навук Васіль Маісеевіч Гарошка. Крутыя віражы лёсу не песцілі яго, кавалі характар. А загартоўвала нялёгкая сялянская праца. У яго роднай палескай вёсцы Селішча, што прытулілася да пясчанага ўзгорку перад разлогам прыпяцкай поймы, пасляваенная разруха супала з калектывізацыяй. Бацька перадаў у калектыўную гаспадарку каня, вупраж і сельгасінвентар. У першае калгаснае жніво ўся вёска выйшла на хлебную ніву. Мужчыны касілі збажыну, а жанчыны снапы вязалі. Падлетак Васіль Гарошка і яго сябрукі ў жбанах насілі бацькам ваду са студні. А як толькі закончылася жніво, хлапчук упершыню пайшоў у школу.

Гэты мудры бацькоўскі запавет нясе праз усё жыццё чалавек- легенда Васіль Гарошка

СТАРШЫНЁЎСКІ корпус Беларусі багаты на таленавітых кіраўнікоў, сярод якіх і Герой Сацыялістычнай Працы кандыдат сельскагаспадарчых навук Васіль Маісеевіч Гарошка. Крутыя віражы лёсу не песцілі яго, кавалі характар. А загартоўвала нялёгкая сялянская праца. У яго роднай палескай вёсцы Селішча, што прытулілася да пясчанага ўзгорку перад разлогам прыпяцкай поймы, пасляваенная разруха супала з калектывізацыяй. Бацька перадаў у калектыўную гаспадарку каня, вупраж і сельгасінвентар. У першае калгаснае жніво ўся вёска выйшла на хлебную ніву. Мужчыны касілі збажыну, а жанчыны снапы вязалі. Падлетак Васіль Гарошка і яго сябрукі ў жбанах насілі бацькам ваду са студні. А як толькі закончылася жніво, хлапчук упершыню пайшоў у школу.

Вёска толькі прызвычайвалася да калектыўнай працы. Дагэтуль мелі свае надзелы і выжывалі на іх без асаблівага дастатку, хаця ў працы сябе не шкадавалі. Вялікая сялянская сям’я Гарошкаў, як і ўсе сяляне, трымалася няпісанага вясковага статута. У нядзелю і святы бацькі ўпраўляліся па гаспадарцы і крочылі за чатыры кіламетры ў царкву суседняга Парахонска, дзе Маісей Захаравіч прыслужваў. А ў будні круглы год шчыравалі ў працы. Калгас толькі станавіўся на ногі. Плаціць людзям не было чым. Выручалі сялян хатнія гаспадаркі ды выезды ў заробкі. Некаторыя ў далёкіх краях заводзілі сем’і і заставаліся там. Дачка Гарошкаў Вера таксама разам з сяброўкамі некалькі гадоў ездзіла на жніво ў стаўрапольскія стэпы. З мяхамі пшаніцы вярталася дамоў. Сям’я радавалася гэтым заробкам. Упадабаў працавітую беларуску стаўрапольскі казак і прапанаваў выйсці замуж. Чытаў-перачытваў пісьмы ад сястры падлетак Васіль Гарошка, і яго сэрца поўнілася марай таксама паспытаць невядомую рамантыку. Цеснаватай станавілася юнаку бацькоўская хата. У чатырнаццаць гадоў задумаў таксама падацца ў невядомую далячынь. Употайкі ад родных адправіўся ў Пінскі райкам камсамола і папрасіў пуцёўку на маладзёжную будоўлю. Вярнуўся дамоў, сабраўся ў дарогу, падабраў момант і перад самым развітаннем заявіў пра свой намер. Збянтэжаная маці страціла прытомнасць. Васіль хуценька адпаіў яе валяр’янкай, супакоіў і вярнуўся ў хату. Пачакаў трохі і праз акно ўцёк.

— Я камсамолец быў і гарэў жаданнем праявіць сябе дзеля Радзімы, — узгадвае Васіль Маісеевіч. — На ўсю краіну грымела слава пра ўдарныя камсамольскія будоўлі. Мяне падагравалі і пісьмы сястры з далёкага Стаўраполля. Паехаў я на сібірскую новабудоўлю. Холад, неабжыты край хутка астудзілі пыл. Схуднелы, абшарпаны вярнуўся дамоў. Але не супакоіўся. Яшчэ два разы адпраўляўся ў пошуках рамантыкі. Асвойваў цаліну, пакараў калмыцкія стэпы. Працы ніякай не баяўся, бо вырас у сям’і, дзе ўсё рабілі самі.

Яшчэ падлеткам асвоіў касу. Бацька змайстраваў пад мой рост маленькае коссе. Сам станавіўся ў пакосе за мною і глядзеў, як атрымліваецца. Паказваў, як лепей класці пакос. Я, канешне, не так спрытна, як бацька, але разам з усімі касіў, не валэндаўся па вёсцы. Сена мы нарыхтоўвалі на трацяк. Два стагі ў калгас і адзін — сабе. Бацьку гэта вельмі абурала. Казаў, што памешчык за польскім часам два стагі аддаваў сялянам і толькі адзін забіраў сабе. Але, як я ведаю, у некаторых гаспадарках нават толькі дзясятую частку сяляне атрымлівалі. Мы за касавіцу ставілі па трыццаць стагоў у прыпяцкіх балотах. І ў кожным стажку па паўтары-дзве тоны сена.

— Васіль Маісеевіч, вас з маленства прывучалі да працы, а як вы сваіх дзяцей выхоўвалі?

— Час усё мяняе, абнаўляецца ўклад жыцця. Нашы бацькі заўсёды былі побач з намі. А я не мог сваіх дзяцей вазіць па палях і фермах калгаса. Жыццёвы ўклад на вёсцы стаў іншым. Некалі мой бацька сам з усім бездакорна спраўляўся: хамуты вырабляў, верацёны для кроснаў, лоўка трымаў у руках сякеру, спрытна касіў, будаваў. Яму не патрэбна была ніякая дапамога. А што мы ўмеем? Я ўвесь быў аддадзены сваім працоўным справам. Дзяцей бачыў толькі як яны спалі. З дому выходзіў у пяць гадзін і позна вечарам вяртаўся. А мы раслі навідавоку ў бацькоў. Яшчэ я ў школу не хадзіў, а ўжо мне даручалі пасвіць авечак, свіней, пазней даглядаў каня, кароў. А цяпер якая гаспадарка ў селяніна? Мала хто трымае жыўнасць на падворку, асабліва кароў, не ўсе нават соткі бяруць. У «Аснежыцкім» мне як аграному даручалі адбіваць участкі калгаснікам ў полі, і я стараўся, каб справіцца з гэтым раненька, каб ніхто з вяскоўцаў не бачыў, як адмерваю. Не дай бог, калі крыху менш — ужо канфлікт. А цяпер трэба ўгаворваць, каб маладыя ўзялі соткі. Адвучылі селяніна за савецкія часы ад зямлі. Лічу, што зараз перадаваць у прыватную ўласнасць зямлю яшчэ не час. Трэба спачатку выхаваць гаспадароў, а прымусова нічога не атрымаецца. Цяпер можна браць колькі хочаш зямлі. Набывай міні-трактар і апрацоўвай яе. Некалі мая старэйшая сястра Вольга з мужам Пятруком употайкі сярод балот вышуквалі лапікі зямлі, апрацоўвалі, сена касілі ў глухіх мясцінах і цягалі на сабе з прыпяцкіх балот. І вельмі баяліся, каб ніхто пра гэта не даведаўся. А цяпер у іх вёсцы нават кароў не ўсе трымаюць.

— Васіль Маісеевіч, на вашых вачах мянялася вёска, выпрабоўваліся самыя розныя варыянты гаспадарання ў сельскай вытворчасці. Ваш погляд на ўсё гэта, як практыка і вучонага.

— Яшчэ нядаўна вёскі мы падзялілі на перспектыўныя і неперспектыўныя. У 14 вёсках калгаса імя Горкага, якім я прыйшоў некалі кіраваць, налічвалася ўсяго паўсотні вучняў і быў толькі адзін першакласнік і дзевяць выпускнікоў сярэдняй школы, а праз дваццаць гадоў майго старшынёўства стала звыш 600 дзяцей узростам да 16 гадоў. Мы пачалі з пашырэння адной вясковай школкі, потым узяліся за другую. Людзям стваралі ўмовы, каб заробак быў, дастатак у кожнай сям’і. Дзеля гэтага каля кожнай вёскі дзе аднавілі, а дзе пабудавалі новыя жывёлагадоўчыя фермы. Стварылі рабочыя месцы. Кожная такая вёсачка магла знікнуць, як тыя хутары, якія бяздумна знішчылі ў хрушчоўскія часы. Хутарская сям’я да дзесяці чалавек. Трымалі жывёлу, кармілі сябе, а лішкі прадавалі. Ім не патрэбна была аніякая дапамога. Знеслі масава хутары, і тая зямля пазарастала хмызняком і пустазеллем, здзічэла. Мы імкнуліся падтрымаць усе, нават самыя дробныя, вёсачкі гаспадаркі. Заасфальтавалі вуліцы, правялі водаправоды, адкрылі некалькі крамаў. І яны зараз жывуць і развіваюцца. Фермы забяспечваюць арганікай навакольныя палі.

Сёння, дзе па Беларусі і ёсць пустуючыя новыя катэджы на вёсцы, але на Палессі людзі ў чэргах стаяць, каб атрымаць іх. Мы будавалі такое жыллё раўнамерна па населеных пунктах, і гэта затрымала людзей на вёсцы.

Яшчэ я б хацеў звярнуць увагу на выхаванне моладзі на вёсцы. У нашай Канстытуцыі запісана, што дзецям да 16 гадоў забараняецца працаваць. А чаму можна навучыць пасля 16 гадоў? Гэта ўжо сфарміраваная асоба. Таму мы пажынаем вынікі. Па сённяшні дзень адгукаецца былая масавая даваенная кампанія вывазу больш руплівых гаспадароў у Сібір.

Калі я аналізую этапы развіцця нашай вёскі, міжволі ўзгадваю «Паднятую цаліну» Міхаіла Шолахава, які бліскуча адлюстраваў усе праблемы казацкіх станіц пачатку трыццатых гадоў.

Памятаеце дзеда Шчукара, які згодны быў на любую пасаду, не думаючы, ці справіцца з ёю. А казакі годна ўзважвалі свае магчымасці. Цяпер, праз гады, аналізую сваю працу ў славутым калгасе «Аснежыцкі», дзе таксама бурліла жыццё і, акрамя высокіх вытворчых дасягненняў, яшчэ і чыста чалавечыя пачуцці буялі. Інтрыгі хапала не на адзін раман. Прыязджаў пісьменнік і доўга жыў у гаспадарцы, збіраў матэрыял для кнігі. Мо, некалі і прачытаем гэты беларускі раман, дзе галоўны герой — хлебароб. Лічу, што менавіта хлебаробы — сапраўдныя героі.

— У былыя часы вызначалі лідараў, на якіх раўняліся ўсе. Як вы думаеце, чаму менавіта «Аснежыцкаму», дзе вы пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі пачалі працаваць галоўным аграномам, пашчасціла трапіць у лік такіх гаспадарак?

— Таму што мудры чалавек кіраваў ёю і вывеў у лідары. Кіраўніцтву Беларусі патрэбен быў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Ралько для арыенціра аграрыяў. Урадам ствараліся спрыяльныя ўмовы для гаспадарак-маякоў. Гэта была дзяржаўная палітыка. «Аснежыцкі» і іншыя перадавыя гаспадаркі Беларусі трымалі еўрапейскі ўзровень па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства.

Напэўна, ёсць сэнс і сёння звярнуцца да іх вопыту гаспадарання. У іх дасягненнях шмат павучальнага.

Некалі мой бацька казаў: «Не парушай старога калодзежа, пакуль не збудуеш новага, бо дрэнна будзе».

— Запаветы бацькі, папячыцеля парахонскай царквы, у жыцці прыгадзіліся?

— Ды яшчэ як. І найгалоўнейшы запавет — спасцігаць навуку. Раней на Палессі былі вельмі снежныя зімы. Раненька бацька ўставаў і пратоптваў нам з братам сцяжынку праз поле і ўзлесак у суседні Парахонск, куды за чатыры кіламетры толькі я і брат Міхаіл з нашай вёскі хадзілі ў школу. І адзіныя з нашага Селішча атрымалі вышэйшую адукацыю. Усё гэта дзякуючы бацьку, які ў 1917 годзе штурмаваў Зімні. Меў два Георгіеўскія крыжы, але быў неграматны. Некалі казаў, што яму лягчэй гектар травы выкасіць, чым распісацца. Даў сабе слова сваіх дзяцей вывучыць.

А яшчэ ў маім жыцці вялікую ролю адыгралі служба ў арміі і вучоба ў Беларускай сельгасакадэміі, дзе я добра засвоіў тэарэтычны курс. А праца ў «Аснежыцкім» пад кіраўніцтвам мудрага Уладзіміра Ралько ды аснежыцкая зямля дазволілі праявіць свае здольнасці і атрымаць ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы, абараніць кандыдацкую дысертацыю, а потым аснежыцкі вопыт перанесці на калгас імя Горкага, які я ўзначаліў. Землі гэтых гаспадарак абсалютна розныя. Аснежыцкія ад прыроды багатыя, і за польскім часам гектар тут каштаваў сто злотых, а ў гаспадарцы, дзе я старшынстваваў, у дзесяць разоў танней.

У «Аснежыцкім» кожны гактар атрымліваў па сто тон арганікі і поўную запраўку тукамі. Ралько гаварыў, што для нас арганіка, як сытая качка ў баршчы, а мінеральныя ўгнаенні, як соль. Не пасоліш баршча, і есці яго і качку не смачна. А калі мы давалі такую запраўку палёў, то ўсё на вачах буяла. Гэту практыку я перанёс у сваю гаспадарку.

— Але тады, Васіль Маісеевіч, можна было такую раскошу дазваляць, бо паліва таннае і адпаведна нізкія затраты на вывазку арганікі.

— Так, літр саляркі каштаваў менш чым буханка хлеба. А цяпер і хто на мэрсэдэсе катаецца для душы, і хто ў полі на трактары магутным працуе, плацяць аднолькавую цану за паліва. Так не павінна быць. Ва ўсім свеце спецыяльныя запраўкі для хлебаробаў. Там паліва танней. І падаткі, што зараз увялі ў Беларусі на аўтатранспарт ад вагі машыны... Я лічу, трэба марку ўлічваць, а не вагу. Адзін на машыне бізнес робіць, а пенсіянер толькі на дачу ездзіць і столькі ж павінен плаціць?

— А ваш асноўны маршрут які зараз?

— Ні дня яшчэ не сядзеў без справы. Працую намеснікам дырэктара Пінскага філіяла Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Не забываю пра родную альма-матэр у Горках. Наведваюся туды, выступаю на навуковых канферэнцыях. Часта бываю ў гаспадарцы, якой аддаў дваццаць гадоў жыцця, аснежыцкія палі аглядаю.

— Тыя самыя палі, што прывялі вас да Героя Сацыялістычнай Працы.

— Стаць ім не так і проста было. Да мяне «Аснежыцкі» ўжо меў пяць Герояў. Шостую Зорку атрымаў у другі раз старшыня Уладзімір Ралько. Падобнай гаспадаркі ў Беларусі няма. Не толькі аснежыцкая зямля давала Герояў, але і фермы. Лепшыя даяркі трымалі абсалютны рэкорд — па 7000 кілаграмаў малака ад каровы ў год. Цяпер ужо многія беларускія гаспадаркі выйшлі на такія рубяжы, а ў флагманаў, такіх як «Сноў», «Верцялішкі» і іншых, і больш высокія дасягненні.

— А які рубеж вывеў вас у Героі?

— Мы на аснежыцкіх палях пачалі вырошчваць трыцікале і выйшлі на небывала высокую ўраджайнасць. У жніво гаспадарку наведаў Пётр Міронавіч Машэраў, якому я на полі падарыў сноп з тучнымі каласамі. Важкі сноп уразіў яго. Я расказаў пра плён супрацоўніцтва з вучонымі. На кожным каласку было па сотні налітых зярнят.

— Ну што, аграном, — прамовіў Пётр Міронавіч, — такой шчодрай нівай па праву можна ганарыцца.

— Калі ўсё гэта поле будзе мець такую густату трыцікале, то мяне палічаць фантазёрам, калі назаву ўраджайнасць, — асмеліўся я выказаць сваю думку высокаму дзяржаўнаму дзеячу. Тады сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па рэспубліцы складала 25 цэнтнераў.

— Ну, аграном, называй лічбу? — зацікавіўся Пётр Міронавіч.

— За 120 цэнтнераў з гектара трыцікале, — выпаліў я.

— За гэта і варта ўдастоіць звання Героя, — як адрэзаў Пётр Машэраў.

І слова сваё стрымаў. У трыццаць шэсць гадоў галоўны аграном калгаса «Аснежыцкі» Васіль Маісеевіч Гарошка атрымаў Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы.

— Васіль Маісеевіч, пасля атрымання Зоркі Героя вы доўга не затрымаліся ў «Аснежыцкім».

— Канешне, за спіной такога слыннага кіраўніка было спакайней. Але пры гэтым планку патрабаванняў Уладзімір Ралько ніколі не зніжаў. Паралельна з вытворчасцю я рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю і паспяхова яе абараніў. Прыйшоў вопыт не толькі ў агранаміі, але і ў арганізацыі працы. У Пінскім райкаме партыі мне сказалі, што льву і тыгру цяжка ўжыцца.

— Хто з вас тыгр, а хто леў?

— Вядома, я ў параўнанні з двойчы Героем Сацыялістычнай Працы Уладзімірам Ралько ўсяго толькі тыгр. Некаторыя пагаворвалі, што пад яго крылом я Зорку Героя атрымаў. Вось таму і вырашыў даказаць сваю самастойнасць. Прыняў адсталую гаспадарку Піншчыны, каб перанесці туды назапашаны вопыт. Праз нейкі час на раённых нарадах наш калгас імя Горкага стаў атрымліваць пераходныя Чырвоныя сцягі.

— Васіль Маісеевіч, вы прызнаны лідар у працы. А жонку вашу Вольгу Міхайлаўну можна назваць маці-гераіняй. Траіх дзяцей выхавала і трыццаць гадоў адпрацавала галоўным эканамістам у «Аснежыцкім».

— У маіх заслугах вялікая доля яе мудрасці і працавітасці. На яе плячах была сям’я, але і свае службовыя абавязкі выконвала бездакорна. Цяпер унукаў выхоўваем. Блага, што ўсе дзеці побач жывуць.

— Якім вы бачыце будучае аграрнага сектара Беларусі?

— Безумоўна, перспектыва за буйнатаварнай вытворчасцю. Само жыццё выкрышталізуе асноўныя напрамкі. Як я лічу, зараз зашмат правяраючых над хлебаробам. Не бачу асаблівай патрэбы ў раённых, абласных упраўленнях сельскай гаспадаркі. Ва ўсе вякі селянін ведаў, што, калі і як рабіць на зямлі. Нездарма ж яго так і называюць — земляроб.

Уладзімір СУБАТ, "СГ"

Пінскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Васіля ГАРОШКІ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?