Не паўтараецца...

Лідзія Іванаўна Лукашэвіч, 1937 года нараджэння, з Оршы шукае свайго сябра, які быў цудоўным музыкам. Яе сябар Аляксандр Віктаравіч СІПАЙЛА, прыкладна 1936—1937 года нараджэння.

Лідзія Іванаўна Лукашэвіч, 1937 года нараджэння, з Оршы шукае свайго сябра, які быў цудоўным музыкам. Яе сябар Аляксандр Віктаравіч СІПАЙЛА, прыкладна 1936—1937 года нараджэння.

“Мы жывём з мужам разам 46 гадоў. У нас ужо дарослыя дзеці і ўнукі. Мой муж, 1948 года нараджэння, не забывае ўсё жыццё пра жанчыну, якую сустрэў у 1960 годзе. Калі ён вярнуўся з арміі ў родную вёску Адамавічы, там была Паўднёва-Беларуская экспедыцыя. Яго прынялі туды на работу бурыльшчыкам. У гэтай экспедыцыі была Вера. Яна з Гомельскай вобласці, мела пяцігадовую дачку. У снежні 1962 года яго забралі працаваць у калгас. Тады экспедыцыя знаходзілася ў Зэльве. Так яны і згубілі адно аднаго. У жыцці не давялося ім больш сустрэцца. Мой муж вельмі хоча даведацца пра Веру. Юзэфа Генрыхаўна Міцкевіч, Гродзенскі раён”.
“Семнаццаць гадоў таму я пазнаёміўся з жанчынай, якую да гэтага часу не магу забыць. Раней Святлана Іосіфаўна ДЖАНЯНІДЖЭ жыла ў Мінску на вуліцы Алега  Кашавога.  Яна  1941  года  нараджэння,  ура-джэнка вёскі Гушчына Уздзенскага раёна. Да замужжа мела прозвішча Пукала. Вось і ўсё, што мне вядома пра яе. Дапамажыце мне ў пошуку сяброўкі. Генадзь Ціханавіч Паднасенка, Віцебскі раён”.

Пошукі працягваюцца

“Наш сын Андрэй Мікалаевіч САСНОЎСКІ, 1974 года нараджэння, праходзіў службу ў вёсцы Лапічы Асіповіцкага раёна. 22 ліпеня 1994 года, калі яму заставалася чатыры месяцы да канца службы, ён прапаў. Пасля таго нам нічога пра яго невядома. Дзе ж ён? Загадка. А мы з бацькам усё чакаем, плачам і верым, што ён вернецца. Праводзілі меншага сыночка ў армію, думалі, у старасці дапамога будзе, а тут — адны слёзы. Рэгіна Антонаўна Сасноўская, Маладзечанскі раён”.
“Мы з Жаннай (прозвішча не ўказана) працавалі разам на мінскім заводзе “Транзістар” з 1967 па 1972 год. Затым я паехала ў Маладзечна, а яна — у пасёлак Рудзенск Пухавіцкага раёна. У той час каля яе хаты ў доме бытавога абслугоўвання рабілі штучныя кветкі. Больш пра сваю сяброўку з той пары я нічога не ведаю. Хочацца сустрэцца з ёй і ўспомніць гады, праведзеныя разам. Галіна Адамаўна Насадовіч (Скадорва), Маладзечна”.
“Дапамажыце знайсці майго сына Валерыя Мікалаевіча ПУЛЬЯНОВА,  1962   года   нара-джэння. Ён закончыў школу, чыгуначны тэхнікум, грамадзянскае авіяцыйнае вучылішча ў Расіі, у горадзе Выбаргу. Пачаў працаваць. Ажаніўся. У іх нарадзіліся двайняты. Праз некаторы час яго жонка знайшла иншага. Пасля гэтага мой сын з дзецьмі вярнуўся дадому. 25 чэрвеня 2000 года ён паехаў на заробкі ў Маскву. З ім накіраваліся яго сябры Пятроў, Казакоў і Сіманаў. З той пары пра іх нічога невядома. Дарагі Валерачка, адгукніся! Я ўжо стамілася чакаць. Дай пра сябе знаць. Я прыеду і забяру цябе. Усе чакаюць твайго вяртання: дзеці, сястра, браты, я. Зінаіда Яфрэмаўна Пульянова, Орша”.
“З Яўгенам СЯМЁНАВЫМ, 1933 года нараджэння, я служыў разам у арміі ў Расіі, у горадзе Мурманску з 1952 па 1955 год. Родам ён з Валожына, некалі жыў на вуліцы Леніна. У верасні 1952 года мы былі прызваны на тэрміновую службу. У той час Яўген вучыўся на другім курсе Мінскага мастацкага вучылішча, а я — таксама на другім курсе, толькі Мінскага індустрыяльнага тэхнікума. Служылі мы ў Мурманску ў асобым радыётэхнічным палку паветранага назірання, паведамлення і сувязі. Хочацца сустрэцца з ім больш чым праз паўстагоддзя. Мікалай Піліпавіч Петрачэнка, Орша”.
“Шукаю пляменніцу, дачку брата Святлану Мікалаеўну ФЕДАСЕЕНКА (Наўрыцкую), якая нарадзілася ў 1964 годзе ў Таліне (Эстонія). Я яе бачыла толькі адзін раз, калі бацькі прывозілі маленькую Святланачку да нас у Магілёў. Ёй тады было 3—4 гады. Маці яе ў хуткім часе развялася з маім братам, выйшла замуж за іншага і паехала жыць у Віцебскую вобласць. Света закончыла школу, затым ВНУ. Выйшла замуж за Анатоля, у іх нарадзілася дачка Таццяна. Яе бабуля па лініі маці ў 1980—1990 гадах даслала мне ліст, у якім напісала, што Святлана з сям’ёй жыве ў вёсцы Заходы Рэчыцкага раёна. Я з ёй перапісвалася, потым сувязь абарвалася. Аднойчы паслала віншавальную паштоўку, але яна вярнулася з надпісам: “Адрасат выбыў”. Хачу зноў аднавіць нашы адносіны, сустрэцца з ёй. Яна ж незнаёма са сваімі роднымі па бацьку. Гады чатыры таму да нас прыязджаў з Эстоніі мой брат. Яму параілі з’ездзіць у Віцебск, каб убачыць сваю дачку. Але яго пошукі не мелі плёну. На тым месцы, дзе жыла яго былая жонка і дачка, ужо пабудаваны новы мікрараён. Ён даведаўся толькі, што яго жонка працавала настаўніцай і памерла гадоў дванаццаць таму. Больш ніякіх няма звестак. Валянціна Уласаўна Мікушкіна, Магілёў”.

Радавод прырасце

Мікалай Антонавіч Навуменка з Латвіі шукаў блізкіх яму людзей: дзядзьку Рыгора Афанасьевіча Атрашэнку і яго сына Аляксея. Рыгор Афанасьевіч Атрашэнка ў свой час працаваў дырэктарам школы і быў рэпрэсіраваны. Яго жонка баялася новых рэпрэсій, таму нікому не гаварыла, што ў іх ёсць сваякі. Патэлефанаваў Сяргей Нічыпаравіч Атрашэнка з Мінска і расказаў, што ён сваяк Рыгора Афанасьевіча Атрашэнкі і шмат ведае пра яго лёс. Будзе рады пазнаёміцца з аўтарам пісьма, які, відаць, таксама з іх роду.

Родная кроў

“Маіх бацькоў няма ўжо сярод жывых. Татку я свайго не памятаю, бо ён не жыў з намі. У яго ёсць дзве дачкі — Таццяна і Наталля, якія прыкладна на гадоў 7—9 старэйшыя за мяне (я 1962 года нараджэння). Нарадзіліся яны ў вёсцы Зеляневічы Пружанскага раёна. Маці іх памерла. Пасля гэтага бацька разам з імі прыйшоў жыць да маёй маці ў вёску Груск таго ж раёна. Пазней, ў 1960 годзе, нарадзілася мая старэйшая сястра Ала, а потым я. Прозвішча бацькі, здаецца, ДУДОК (ці Дудак). Звалі Міхаіл. Пасля яго смерці Таццяна і Наталля перабраліся ў Ваўкавыскі раён ці горад Ваўкавыск. А я з маці Яўгеніяй Мікалаеўнай Калагрыў пераехала ў вёску Ласевічы. Там з’явілася на свет мая малодшая сястра Алена, 1969 года нараджэння. Усім нам зараз за 40, а то і за 50 гадоў. Мне і маім сёстрам хочацца ведаць пра лёс нашых родных па бацьку Таццяны і Наталлі. Валянціна Міхайлаўна Казакова (Калагрыў), Бабруйскі раён”.

Пайшла і не вярнулася

“Шукаю цётку, сястру бацькі, Надзею Рыгораўну ЛАВЫШАВУ (Лавашаву), прыкладна 1930—1932 года нараджэння. Маці іх звалі Марыя Ігнацьеўна, яна ўраджэнка Віцебска. Іх сям’я жыла ва Украіне: горад Сталіна (зараз Данецк) Макееўскага раёна, каля хімічнага завода. У пачатку вайны яны ўцяклі ад фашыстаў у вёску Знаменка. Жылі ў зямлянцы да вызвалення Украіны ад ворагаў. Надзя пазней рабіла ў калгасе. Калі пачалася засуха, іх сям’я прыйшла ў Гомель. Жылі ў шалашы. Надзя праз нейкі час разам з сяброўкай некуды пайшла і не вярнулася. Родныя чакалі яе год. Потым пераехалі ў вёску Хальч Веткаўскага раёна. Надзея так і не вярнулася да родных. Дзе яна, што з ёй здарылася, невядома. Можа, зараз яна адгукнецца. Таццяна Мікалаеўна Лажэвіч (Лавышава), Зэльвенскі раён”.

Блізкія людзі

“Шукаю стрыечнага брата Фёдара Антонавіча РЫЖКО, 1936 года нараджэння, ураджэнца вёскі Руда Івацэвіцкага раёна. У 1955—1957 гадах служыў у арміі ў горадзе Алма-Ата. Пасля звальнення ў запас паехаў ва Украіну. Працаваў шахцёрам. Атрымаў кватэру ў горадзе Прыволле Лісічанскага раёна Варашылаўградскай вобласці. Але пасля смерці жонкі Веры Сцяпанаўны ён пераехаў у горад Навадружаўск Луганскай вобласці. Ажаніўся другі раз. Яго жонку завуць Лідзія Іванаўна Смародзіна. У 2007-м яны прадалі кватэру і пераехалі ў вёску Лісічанскага раёна. Пішу пісьмы, а адказу з 2001 года не атрымліваю. Так і перарвалася сувязь паміж намі. Ілья Ільіч Рыжко, Мінск”.
“Дапамажыце адшукаць Леаніда Іванавіча ЛЯМЦАВА, прыкладна 1938 года нараджэння. Ён сваяк маёй маці Марыі Іосіфаўны Куліковай. Прыязджаў да нас у 1965 годзе. Вядома, што дзяцінства яго прайшло ў горадзе Быхаве ў прыёмных бацькоў. Затым працаваў ён у марфлоце. Пазней купіў бацькам кватэру ў Гомелі. Хочацца даведацца, як склаўся лёс Леаніда. Алена Уладзіміраўна Пісарэнка (Кулікова), Мінск”.
“Шукаю сваю сястру Марыю Антонаўну САБУР, якая пражывае ва Украіне, у сяле Самойлаўка Рагачынскага раёна Херсонскай вобласці. Мы падтрымлівалі сувязь ўвесь час, але мінула два гады, як адказу на мае пісьмы няма. Мужа маёй сястры завуць Міхаіл Сабур, а дзетак — Юра, Сяргей і Алег. Антаніна Антонаўна Засулевіч, Нясвіжскі раён”.
“Дапамажыце адшукаць майго стрыечнага брата Васіля Мартынавіча КУЛЯШОВА, 1946 года нараджэння, ура-джэнца вёскі Забавы Бялыніцкага раёна. Апошні раз мы размаўлялі ў 1998 годзе. Тады яму зрабілі аперацыю ў Бараўлянах. Калі паправіўся, паехаў да сястры ў Оршу. Яна пазней памерла, і мне нічога невядома пра лёс брата. А.М. Каролік, Магілёў”.

Памяць сэрца

“Я згубіў ваенны білет свайго бацькі. Паслаў у Падольскі архіў запыт. Адтуль паведамілі, што ніякіх звестак у іх пра Антона Уладзіміравіча КОРЗАНА няма. Таксама яны адсутнічаюць у мінскім архіве. Я даведаўся, што бацька, 1904 года нараджэння, размаўляў па-французску, бо працаваў шахцёрам у Францыі. Памёр у 1959 годзе і пахаваны ў Шаркоўшчыне. Дапамажыце атрымаць  звесткі пра татку. Яшчэ я мару вярнуцца ў дзяцінства і сустрэцца са сваімі аднакласнікамі і былымі настаўнікамі. У 1967 годзе закончыў Бачэйкаўскую школу-інтэрнат Бешанковіцкага раёна. Са мной разам давялося па волі лёсу тут апынуцца Віктару ІВАНОВУ (вядома, што раней жыў у Віцебску), Аляксандру ЯНВАРСКАМУ і Марыі КРУКЛІНСКАЙ. Хачу даведацца і пра лёс маіх настаўнікаў Ганны Аляксандраўны Зуевай і Надзеі Тарасаўны (прозвішча не памятаю), а таксама Ламаносавай. Хацеў бы даведацца і пра лёс аднакурснікаў па Мсціслаўскім будаўнічым вучылішчы № 92, з 17-й групы: Пятра КАПЛУНОВА і іншых. Чакаю таксама вестак ад дачок Ірыны Канстанцінаўны ПЕЦЬКА (Пяцько), жыхаркі вёскі Варанчукі Шаркоўшчынскага раёна, 1906 года нараджэння. Яны паехалі з родных мясцін, а іх маці памерла. Толькі ведаю, што адна дачка жыве ў Магілёве, другая, Тоня, у Віцебску. Таксама прашу адгукнуцца мужа Веранікі Феліксаўны ГОЛУБ (дзявочае прозвішча Корзан) і яе дачку, якія жывуць у Оршы. У мяне ёсць звесткі пра вашага роднага чалавека. Уладзімір Антонавіч Корзан, Шаркоўшчына”.

Лагер і яго вязні

“У ліпені 1941 года каля пасёлка Баравуха-2 пад горадам Полацкам знаходзіўся лагер для ваеннапалонных. Хачу даведацца, ці доўга ён існаваў, якія там былі ўмовы ўтрымання, пра далейшы лёс лагера і яго вязняў, ці захаваліся іх спісы. Справа ў тым, што прапалі без вестак многія з тых, хто пайшоў на фронт у пачатку вайны з нашай Віцебскай вобласці. Н.Н.Жыгала, Гродна”.

Горкае рэха вайны

“У нашай сям’і на вайне загінулі тры браты. Шукаю звесткі пра майго дзядзьку па лініі маці Ягора Савельевіча ШАРАКОВА, прыкладна 1922 года нараджэння. Ён ураджэнец вёскі Тошнін Сіроцінскага (зараз Шумілінскага) раёна. На фронт дзядзька быў прызваны Сіроцінскім райваенкаматам. Апошні ліст прыслаў з Беластока. Мая маці пасля вайны пасылала запыт у Маскву. Прыйшоў адказ, што дзядзька прапаў без вестак. Зараз у архівах з’явілася шмат інфармацыі. Можа, пашчасціць даведацца пра роднага чалавека. Аліна Васільеўна Бастава (Шаракова), Гарадок”.
“Шукаю звесткі пра свайго дзядулю Рыгора Герасімавіча КАНДРАЦЬКОВА, ураджэнца вёскі Прысна Веткаўскага раёна (год нараджэння яго мне невядомы). Прапаў без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны. У канцы мая 1941 года мой дзед быў прызваны на ваенныя зборы ў горад Гомель. Апошні ліст ад яго атрымалі 19 чэрвеня таго ж года. Ірына Эдуардаўна Праснякова, Бранская вобласць (Расія)”.
“Хачу даведацца, дзе загінуў мой бацька Міхаіл Васільевіч САЛАДКОЎ, 1896 года нараджэння, ураджэнец вёскі Навасёлкі Гуслішчанскага (зараз Галоўчынскага) сельсавета Ма-гілёўскага (зараз Бялыніцкага) раёна. Быў прызваны на фронт у першыя дні вайны. Пасля вызвалення мы атрымалі паведамленне, што тата прапаў без вестак. Ганна Міхайлаўна Трацэўская (Саладкова), Магілёў”.
“Дапамажыце ў пошуку звестак пра майго брата Андрэя Фёдаравіча ГРАБЯНЬКА, 1915 года нараджэння, ураджэнца вёскі Старая Пярэсіка Ігрушкаўскага сельсавета Крупскага раёна. У 1935 годзе пайшоў у армію, служыў на Далёкім Усходзе. Пасля вяртання жыў у Оршы, ажаніўся з Нюрай Яфрэмаўнай Гараньковай. У пачатку вайны пайшоў на фронт. Больш пра яго лёс нічога невядома. Міхаіл Фёдаравіч Грабянёк, Барысаў”.
“Шукаю звесткі пра бацьку Афанасія Іванавіча БАГЛАЯ, 1916 года нараджэння, ураджэнца вёскі Ляплеўка Брэсцкага раёна. Яго забралі на фронт у сакавіку 1944 года. Прысылаў маленькія трохвугольнікі, якія не захаваліся. Пасля перамогі нам прыйшло паведамленне з ваенкамата, што бацька прапаў без вестак. Аднавясковец расказваў маці, што бачыў бацьку пры фарсіраванні Віслы. Можа, знойдуцца людзі, якія памятаюць татку і могуць расказаць пра яго. Ганна Афанасьеўна Асіюк, Брэсцкі раён”.
“Хачу адшукаць дваіх родных мне людзей. Андрэй Фядотавіч ШАЎЧУК у 1930-я гады жыў у Мінску і працаваў на адказнай пасадзе. Была ў яго сям’я: жонка Зіна і дачушка Валя. Жонка яго была роднай сястрой Галадзеда. І відаць, Андрэй Шаўчук разам з ім працаваў. У 1938—1939 гадах сям’я Андрэя прапала. Больш нічога пра іх мы не ведаем. І яшчэ. Падчас Вялікай Айчыннай вайны без вестак прапала мая цётка Ганна Яфрэмаўна ПРАКОПЧЫК, якая нарадзілася ў вёсцы Стары Двор Варатынскага сельсавета тады яшчэ Бабруйскай вобласці (зараз Варапаеўскі сельсавет Пастаўскага раёна). Ганна скончыла Бабруйскае медвучылішча, а потым паступіла ў Смаленскі медінстытут. У 1941 годзе яна заканчвала трэці курс і прыслала дадому пісьмо, што прыедзе на канікулы. Пачалася вайна... Яна разлучыла сям’ю з Ганнай. Куды мы толькі ні звярталіся, адказ адзін: прапала без вестак. Зінаіда Сільвестраўна Грынкевіч, Мінск”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter