Не п’ём, а лечымся

Так сёння многія апраўдваюць ужыванне спіртнога. Але гэты жартаўлівы выраз толькі паказвае, што мы не лічым праблему сур’ёзнай.

Так сёння многія апраўдваюць ужыванне спіртнога. Але гэты жартаўлівы выраз толькі паказвае, што мы не лічым праблему сур’ёзнай.

Нядаўна пачуў па радыё, што Міжнародная арганізацыя аховы здароўя назвала беларусаў самай пітушчай нацыяй у свеце. Маўляў, тыя, хто старэйшы за пятнаццаць гадоў, спажываюць штогод па 17,5 літра чыстага спірту. Што мы ў першых радах па гэтай справе, неяк не верыцца. Дарэчы, гэты факт спецыялісты ў хуткім часе абверглі. Але праблема са злоўжываннем спіртнога, безумоўна, ёсць.

Вось прыгадваецца такі выпадак. Справа была напрыканцы зімы. Ля калонкі ляжаў мужчына, адкінуўшы галаву, а ля яго стаяў хлапчук гадоў шасці. Ён з усяе моцы стараўся падняць п’янага бацьку, але той не рэагаваў — так набраўся. “Уставай, тата!” — ледзьве не плакаў хлопчык, яму было сорамна. Але ў малечы нічога не атрымлівалася. Тут падышлі жанчыны і пачалі ўшчуваць мужыка, а ён і голасу не падае. Потым маладыя хлопцы далі рады, знайшлі санкі і завезлі “татку” дадому. На другі дзень я сустрэў гэтага мужчыну і выказаў яму ўсё, што думаю.

Ён, праўда, павініўся і са шкадаваннем распавёў, што сын не можа знайсці сабе месца. Плача і просіць: “Тата, не пі больш!” “І што, не будзеш?” — запытаў я. Той кіўнуў. Але хто пітушчаму чалавеку дасць веры?

А на святую Радуніцу што рабілася? У вёсцы Пліса было шмат дарагіх іншамарак, на мясцовых могілках кіпела работа, хто спяшаўся прыбраць магілкі, хто падфарбоўваў агароджу, а хто адразу пачаў частавацца, успамінаючы родных, што адышлі ў нябыт. На сталах была выпіўка, і яе было багата, як і закускі. Прапусціўшы па чарцы, другой, трэцяй гамонка зрабілася больш гучнай, пачуўся смех. Але хіба ў гэтым сэнс Радуніцы? І святары не перастаюць нагадваць, што ладзіць п’янкі на могілках нельга. Толькі хто тыя папярэджанні чуе?

Шмат можна разважаць на гэтую тэму. Але асабліва сумна і недаравальна, што дарослыя паказваюць гэткі прыклад дзецям. А потым мы абураемся, што моладзь дрэнна сябе паводзіць, парушае закон і не паважае старэйшых...

Анатоль ФІСЕНКА,
Жодзіна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter