Не пі, мама!

Бацькоўскі алкагалізм вачамі дзяцейЯкое сэрца не сціснецца ад болю, калі бачыш, як дзіця спрабуе засцерагчы неразумную маці ад брыдкага ўчынку. Вось і сёння, прыйшоўшы з магазіна, не магу супакоіцца ад тае агіды, якую выклікаюць пастаянныя натоўпы п’янтосаў, што кучкуюцца ля кожнага магазіна. І ўдвая брыдка глядзець на жанчын, без якіх ніколі не абыходзяцца гэтыя зборышчы. Вось з гэткага натоўпу спрабуе выцягнуць сваю маці хлапчаня гадоў дзевяці.

...Тая маці, Таня З., нідзе не працуе, жыве на дапамогу, якую дзяржава выплачвае на ўтрыманне сына як адзінокай маці. Аднойчы, атрымаўшы гэтую дапамогу, паабяцала сыну купіць марожанае. Той з радасцю пайшоў з мамай у магазін. Толькі марожанага ён так і не пакаштаваў. Ля магазіна мама адразу “зачапілася” за сваіх “калег”-алкаголікаў, якія чакалі, можа, адкуль-небудзь перападзе выпіць. Яе тут жа абкружылі, вымагаючы “праставіць з палучкі”. Па кругу пайшла бутэлька. І ніякія ўпрошванні сына: “Мама, не пі! Пойдзем дадому”, — на яе ўжо не дзейнічалі. Потым, узваліўшыся на кволае сынава плячо, яна, ледзь перастаўляючы ногі, “ішла” дадому. У двары гулялі сынавы сябры-аднакласнікі, ля пад’езда сядзелі кабеты. Відаць было, як саромеўся хлопчык, што ягоная мама не такая, як у сяброў. Сп’янелая, яна то спявала, то плакала, то дакарала сына, быццам ён вінаваты, што жыццё ў яе не склалася.
Хто ж растлумачыць той гора-маці, што прасцей за ўсё шукаць вінаватых, а тым больш вінаваціць дзіця. Значна цяжэй асэнсаваць і задумацца, дзеля чаго губіць сваё жыццё, калечыць лёс сына. Кінуў муж, скарацілі на працы, няўдалае каханне... Усё гэта толькі апраўданні. І гарэлка — не суцяшэнне, ёю становішча не выправіш. Як растлумачыць жанчыне, што алкаголь здольны зваліць з ног нават дужага мужчыну, а жанчыну, арганізм якой вельмі востра рэагуе на шкодныя рэчывы, тым больш. Вучоны з Нью-Йорка Чарльз Лімбер тлумачыць гэта тым, што энзім, які разбурае алкаголь у арганізме чалавека, у мужчын “працуе” ў два разы больш актыўна, чым у жанчын. З гэтай жа прычыны жанчын-алкагалічак практычна немагчыма цалкам вылечыць ад згубнай залежнасці, яна застанецца і пасля лячэння. Толькі вялікімі намаганнямі волі можна супрацьстаяць гэтаму злу.
Асабліва небяспечна ўжываць алкаголь цяжарным жанчынам. Але якая ж алкагалічка кантралюе тую цяжарнасць і задумваецца аб тым, што плод не мае ўласнай крывяноснай сістэмы, таму “п’яная” мацярынская кроў атручвае яго ўжо ў самым зародку?! У выніку на свет з’яўляюцца цяжка хворыя дзеці. Хваробы ў іх часцей за ўсё невылечныя. Акрамя таго, у сем’ях алкаголікаў дзеці ад нараджэння з’арыентаваны бачыць свет толькі ў негатыўных праяўленнях: брыдкаслоўе, бойкі, непавага, бруд, недаяданне і, што горш за ўсё, яны рана далучаюцца да ўжывання алкаголю. Адсюль агрэсіўнасць, дзіцячая злачыннасць, ланцужок амаральных учынкаў... Таму, падросшы, яны цалкам выпадаюць з агульнапрынятых маральных нормаў жыцця. Павелічэнне падлеткавага алкагалізму ў перспектыве можа адгукнуцца выраджэннем нацыі.
Доўга няньчыліся ў грамадстве з гэтымі людзьмі, чакаючы невядома чаго, пакуль алкагалізацыя не перакінулася на падлеткавае асяроддзе. Наспеў час узяцца за прымусовае лячэнне алкаголікаў. У якой форме, павінны вырашыць спецыялісты, бо тое, што мае сённяшні арсенал лячэння, адчувальных вынікаў не дае.
І каб словы “Не пі, мама!” ніколі не давялося пачуць з дзіцячых вуснаў, мама заўсёды павінна заставацца мамай — прыгожай, пяшчотнай, клапатлівай, добрай...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter