Сёння дзень памяцi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў

Не на вайне, справімся

ВЫРАЗ “гэта не на вайне” стаў статусным для былога воіна-інтэрнацыяналіста з Докшыц Іосіфа ЮЧКАВІЧА. Праблемы, якія перыядычна ўзнікаюць, ім цяпер рашаюцца проста. Ён упэўнены: пакуль чалавек жыве, стаіць на нагах, мае здаровыя рукі і цвярозы розум, можна рашыць найскладанейшыя задачы. Ён не адкладвае на пасля тое, што можна зрабіць сёння, ніколі не паглядвае ўбок, каб звярнуць з прамой дарогі.

Воін-інтэрнацыяналіст, а цяпер лепшы майстар-дарожнік філіяла “Докшыцкае ДРБУ” КУП “Віцебскаблдарбуд” Іосіф ЮЧКАВІЧ.

ТЭРМІНОВАЯ служба вясковага хлопца пачалася з вучэбкі. Затым быў Афганістан у найбольш складаныя — 1981—1983 — гады. Іосіф служыў у 108-й мотастралковай ды- візіі ў медыцынска-санітарным батальёне. Сан- інструктар Ючкавіч мог аказаць практычна любую медыцынскую дапамогу, ведаў на лацінскай мове кожны прэпарат, падтрымліваў у параненых моц духу. За плячамі ўжо быў сельскагаспадарчы тэхнікум, праца ў саўгасе, набыты жыццёвы вопыт. Аднак тое, з чым давялося сустрэцца там, “за рэчкай”, цяжка ўкладвалася ў галаве…

Найбольш уразіла трагедыя на перавале Саланг. Амаль пад воблакамі, на вышыні каля чатырох кіламетраў, замест вузкай горнай дарогі быў пабудаваны тунэль, праз які праходзіла шасціметровая магістраль. Рух аўтамабіляў ажыццяўляўся двухбакова. Тунэль лічыўся стратэгічна важным аб’ектам і знаходзіўся пад аховай. Але як яго ні ахоўвалі, аднойчы здарылася непрадказальнае: без адзінага выстралу там загінула 70 савецкіх ваеннаслужачых і больш за сто маджахедаў. Аб прычынах здарэння гаварылі, ды і цяпер гавораць, па-рознаму. Галоўным жа для юнака стала смерць, якая забрала многія жыцці і пакалечыла лёсы. Да гэтага часу ў яго вачах стаяць тыя цынкавыя дамавіны, што заносілі яны ў самалёт.

ПЕРШЫЯ гады пасля службы Іосіфу практычна не спалася. Заплюшчваў вочы — і зноў бачыў таварышаў па службе. Кароткія сны чамусьці заканчваліся выявай дарогі. Іосіфу вельмі хацелася ведаць, куды яна яго кліча і што чакае там, за паваротам.

Цяпер Іосіф Іванавіч разумее, што сны прадказвалі шчаслівую будучыню. Амаль адразу пасля дэмабілізацыі хлопца запрасілі на вяселле, і там сярод мноства дзяўчат яму кінулася ў вочы гарэзлівая Аленка. Сур’ёзнаму хлопцу па душы прыйшлася весялушка, і ён сказаў яе маці: “Вазьму ў жонкі тваю дачку”. Як ужо вядома, як сказаў Ючкавіч, так і зрабіў. Канечне, да таго былі сустрэчы ў дарозе. Яна прыязджала з Вілейкі, ён “ляцеў” да яе з Докшыц.

Ажаніліся — і зноў была дарога. Дарэчы, зімой — лыжная. Маладыя людзі такім ходам навяшчалі бацькоў. Сярод іншага Іосіф працягваў вучыцца. Прафесію заатэхніка памяняў на майстра дарожнай справы.

З той пары прайшло нямала часу. У сям’і нарадзіліся і выраслі двое дзетак. Іосіф Іванавіч ужо дзядуля, а ў душы па-ранейшаму юнак з апаленым лёсам, вельмі патрабавальны да сябе і падначаленых майстар дарожна-рамонтнага ўпраўлення № 180. Яго ўчастак — 243 кіламетры дарог рэспубліканскага і раённага значэння.

Асабліва заснежыла зіма ў лютым, а таму майстру са сваёй брыгадай даводзіцца працаваць нават ноччу.

— Усё як звычайна, — усміхаецца Іосіф Ючкавіч. — Не на вайне, справімся.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА

Адкуль ты, Федзя? З таго свету...

АФГАНСКАЯ вайна не абмінула, напэўна, ніводнай вёскі Столінскага раёна. Пабывалі на ёй і юнакі з Лядзецкага сельсавета. Дзякуй богу, усе прыйшлі жывыя, некаторых, праўда, паранілі куля ці асколак.

Фёдар Астапчук з Вялікіх Арлоў пра тое, што давялося там перажыць, расказвае неахвотна. Па характары сціплы, немнагаслоўны, ды і ўспаміны нават праз такі час рэжуць сэрца, бо дахаты вярнуўся “з нежывога”.

Служыў хлопец у правінцыі Хайратонь. На машыне вазіў бітую тэхніку да мяжы з Саюзам, адтуль — зброю і боепрыпасы. Дарога страшная. Навіна па Арлах прабегла як маланка і ўдарыла ўсіх: Федзя, Голубаў сын, загінуў у Афганістане. Трапіў у аўтамабіль снарад, і Фёдара разарвала на кусочкі.

Мама! Колькі ёй прыйшлося перажыць і выплакаць! Колькі малітваў прачытаць, колькі ў Бога выпрошваць! Але трэба было жыць: сям’я — пяцёра дзяцей — вялікая, ды і гаспадарка. Хаця іншы раз ад бяссонных начэй і бясконцых слёз у вачах і не памятала, што рабіла.

У той дзень мама, Вольга Сцяпанаўна, разам з дачкою Нінай упраўляліся на агародзе. Ніна паднялася, каб абцерці рукі ад глебы, і тут убачыла, як ад аўтобуснага прыпынку ідуць суседская дзяўчына, а разам з ёю – юнак. Яна пазнала ў ім загінуўшага брата. “Мама, гэта наш Федзя!” — яшчэ не верачы сваім вачам, закрычала яна. Вольга Сцяпанаўна ледзь не страціла прытомнасць — падбегчы і моцна прытуліць сына да сябе не было сілы. “Жывы! Божа! Слава Табе!” — толькі і прамовіла.

Фёдар Астапчук зараз жыве ў Лядцы. Разам з жонкаю Марыяй выхавалі сына. Трымаюць гаспадарку, жонка працуе ў бухгалтэрыі ААТ “Лядзецкі”. Фёдар зарабляе на хлеб сезоннымі работамі. Ніколі ў жыцці не патрабаваў ні льгот, ні асаблівага стаўлення да сябе. Знешне прыгожы, з усмешкай, шчыры, адказны – жыве сабе ціха па прынцыпе “сумленне, праца і дабро”.

Запытала пра льготы, жыццё:

— Галоўнае – жывы, — усміхнуўся ён.

Тамара СКРАБЕЦ

вёска Вялікія Арлы

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter