Уладзімір ЗВЯРЫНСКІ жыве на другім краі вёскі і з Маратам ён не быў знаёмы, але памятае, як хутка разнеслася па партызанскіх брыгадах чутка пра подзвіг. хацеў вучыць дзяцей, але на некалькі год гэта жаданне прыйшлося адкласці

Не мог я сядзець на печы, калі другія ваююць

Уладзімір Звярынскі хацеў вучыць дзяцей, але на некалькі год гэта жаданне прыйшлося адкласці
Уладзімір Звярынскі хацеў вучыць дзяцей, але на некалькі год гэта жаданне прыйшлося адкласці

У КАНЦЫ вёскі Харомецкія Уздзенскага раёна ўстаноўлены помнік юнаку, пра якога многія ведаюць ледзь не з самага маленства, — Марату Казею, які падарваў тут сябе разам з фашыстамі. Уладзімір ЗВЯРЫНСКІ жыве на другім краі вёскі і з Маратам ён не быў знаёмы, але памятае, як хутка разнеслася па партызанскіх брыгадах чутка пра подзвіг. 



Дагледжаную хату Уладзіміра Фролавіча сярод іншых вылучае чырвоная зорка. Сустракае нас гаспадар на лаўцы. Ці скажаш, што яму 91? Выдае хіба толькі прыгожы пінжак з узнагародамі, які мы папрасілі апрануць для фотаздымка. На ім ордэн Айчыннай вайны першай ступені, медалі «За адвагу»,  «За Перамогу над Германіяй». Неаднойчы ён ужо распавядаў аб сваёй нялёгкай маладосці. Але яшчэ раз расказаць пра гэта лічыць сваім абавязкам.

— Здаецца, ці было ў жыцці шчасце? — пачынае Уладзімір Фролавіч. — Дарослым стаў рана, потым вайна. Няма ўжо жонкі, дзяцей — двух сыноў. Дзякуй, што нявестка прыязджае кожныя выхадныя і даглядае, траіх праўнукаў ужо дачакаўся. Яшчэ тым леткам капаўся сам у агародзе, а цяпер стала цяжэй. Зімаваў гэты год у Мінску ў родных. А ўвесну хутчэй сюды. 

Нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Касцяшы над славутым Нёманам. Сям’я была невялікая — дзед, мама, тата, я і два малодшыя браты. Дзед і мама працавалі ў калгасе, а бацька, добры сталяр, выкладаў урокі працы ў Магільнянскай сярэдняй школе. 

Добра памятаю калектывізацыю. Бацька ў ліку першых пайшоў уступаць у калгас. У нас было дзве каровы. Кветку пакінулі сабе, а Квятулю прывязалі да возу, пагрузілі дробны інвентар і пасадзілі мяне за лейцы кіраваць. Назад ішлі пешшу. Бацьку, які скончыў чатыры класы, прызначылі рахункаводам. Цяжэй стала, калі пакінуў нас дзед. А праз некаторы час — яшчэ адна вялікая рана, якая і сёння не загойваецца на сэрцы, — органы НКУС забралі бацьку. На мяне, як на старэйшага, лягла гаспадарка. Коней не хапала, трэба было ўсё вазіць на калясцы. На нас пазіралі, як на дзяцей ворага народа. Мы ж віны ці сораму за тату не адчувалі, ён быў добры працаўнік, з людзьмі ладзіў. Толькі ў 1957 годзе прыйшло пісьмо, што з-за адсутнасці складу злачынства рэабілітаваны пасмяротна. Потым даведаліся ад следчага прычыну: бацька сябраваў у свой час з палякам, і за гэта яму прыпісалі шпіёнства. 

Нашу размову перапыніў бібліёбус, які спыніўся каля дома. Уладзімір Фролавіч, чалавек інтэлігентны і адукаваны, прынёс прачытаныя кнігі і ўзяў новыя. Яго цікавяць дакументалістыка і ваенныя раманы. Прачытаў многа твораў пра Сталіна, Берыю, захапляецца творчасцю Шамякіна. Ён і сам піша. Яго невялікія ўспаміны час ад часу друкуюцца ў раённай газеце — пра вайну, пра партызан, пра свае франтавыя гады, апошні раз пра родныя касцяшоўскія хутары, якіх даўно ўжо няма.

— Маці нам, тром сынам, заўсёды казала адно: трэба вывучыцца. Я, скончыўшы Песачанскую сямігадовую школу, рваўся хутчэй пайсці на свой хлеб і вырашыў стаць настаўнікам пачатковых класаў. 

Мара была светлай — вучыць добраму і вечнаму. Але на некалькі год яе трэба было адкласці. 22 чэрвеня 1941 года быў апошні экзамен па педагогіцы за другі курс. Здаў на выдатна. Вясёлы і радасны ішоў да цёткі, у якой жыў. У гэты ж дзень у Мінску мелася быць адкрыццё Камсамольскага возера. Прыходжу — цішыня. Ніхто не пытаецца, як здаў. А пасля гавораць, што вайна пачалася. Першая ноч была спакойная, а ў другую наляцелі самалёты і пачалі бамбіць чыгуначную станцыю. Мы перабраліся ў цэнтр, думалі, што мірных жыхароў чапаць не будуць. Зноў ноччу наляцелі самалёты. Добра памятаю, як, вярнуўшыся на месца нашага дома, убачыў толькі абгарэлае палена. 

Вырашылі пакінуць сталіцу. Па дарозе сустрэлі хлопцаў-аднавяскоўцаў, якія працавалі на будаўніцтве авіязавода. Усе разам вырашылі вяртацца ў Касцяшы. Можна было толькі ўявіць радасць бацькоў, калі яны ўбачылі жывых дзяцей. Як раз быў сенакос, і ўсе дружна ўключыліся ў працу. 

У пачатку 1942 года немцы развесілі па вёсцы аб’явы, каб моладзь ад 18 год з’явілася ва Узду на нейкую рэгістрацыю. Маці разумела, што верыць ворагам не трэба, і вырашыла пайсці ў разведку. Адправілася ў прыцемкі, а на раніцу наказала мне ісці ёй насустрач. 

Пайшоў я не адзін, чалавек дваццаць нас сабралася. Дарога была, безумоўна, маркотнай: ні размовы, ні песень, ні жартаў. Выйшлі з лесу, шлях разыходзіўся. Ва Узду можна было ісці цераз Нізок ці на Сямёнавічы. Тут упартая Волька Пармон запярэчыла: «Пой- дзем на Нізок, там жыве мая сястра, яна ўсё ведае і ўсё раскажа». Як толькі я ні адгаворваў дзяўчат, але не здолеў. Маці расказала потым, што ніякай рэгістрацыі няма, усіх, хто прыходзіць, запіраюць у будынку для адпраўкі ў Германію. Мае спадарожніцы так і не вярнуліся… 

— Чаму вырашылі пайсці ў партызаны?

— Перш за ўсё таму, што савецкую ўладу любіў. Немцы ж вывешвалі аб’явы аб тым, што яны вызвалілі нас ад камуністаў, а мы бачылі, што гэта за «вызваленне». Ды і не мог я сядзець на печы, калі другія ваююць. Толькі з нашых Касцяшоў больш за паўсотні было ў партызанах. Хадзілі на падрыў эшалонаў па дарогах Мінск—Баранавічы, Слуцк—Баранавічы, захоплівалі «языкоў». Канешне, вялікія баі былі нам не пад сілу. Боепрыпасаў не было, што знойдзем у лесе, забяром — вось і ўся зброя. 

Аднойчы даведаліся, што ва Узду да фашыстаў паступіла  папаўненне. Мы павінны былі здабыць інфармацыю пра іх. Агентурна не атрымлівалася. Злавілі паліцая, прывялі яго ў наш штаб і папярэдзілі: «Не скажаш — табе адна дарога». Ён паведаміў: папаўненне неўзабаве павінна адправіцца грабіць насельніцтва, таму што ў гарнізоне няма чаго есці. Засаду зрабілі на дарозе каля могілак вёскі Прысынкі. Сядзелі там два дні, а калі заўважылі ворага, не вытрывалі і пачалі паліць. Ранавата, трэба было бліжэй падпусціць, вялікіх трафееў не захапілі — усяго дзве вінтоўкі. Яны павярнулі назад, а цераз два дні наляцелі самалёты, бамбілі Палядзі, Суткі, Канапелькі, Мрочкі. Падступіцца ў партызанскія зоны фашысты не маглі, дык з неба!..

Яшчэ цікавы выпадак быў. Атрад наш стаяў у лесе каля вёскі Нізок.  Аднойчы вечарам прыбягае да нас мужык і кажа, што заўважыў на ўзлеску немцаў. Камандаванне загадала знішчыць. Акружылі гэту лапінку лесу і сядзелі там усю ноч. На ўзыходзе сонца прабегліся кулямётнай чаргой — тыя заварушыліся. Трэба даваць каманду выходзіць.  Па-руску — ці зразумеюць, а я ведаў слоў сто ад сілы і пачаў: «Дойч камрат, ком! Хэндэ хох! Партызан ніхт шысэн». Іх выйшла дванаццаць чалавек. Я яшчэ раз сказаў «ніхт шысэн». Слова стрымаць былі гатовыя ўсе, акрамя аднаго паляка, які нервова круціўся каля фашыста са шрамам на шчацэ і стрэліў! «Што ты нарабіў, аўтарытэт партызан падрываеш!» — закрычалі яму. «Браточкі, — кажа, — не вытрываў. У 41-м ён забіў майго бацьку». Астатнім збянтэжаным пленным мы неяк растлумачылі гэта, і яны супакоіліся.   

ПАМЯТАЕ Фролавіч і вызваленне, і партызанскі парад у Мінску 16 ліпеня 1944 года. На скрыжаванні дарог Слабада—Ануфрова, Прысынак—Ануфрова сустракалі Чырвоную Армію. Як былі рады, што назапасяцца патронамі, гранатамі, нагатавалі святочны абед. Дзяўчаты сустракалі франтавікоў з кветкамі, столькі было радасці і весялосці. Але абедаць воіны не засталіся, спяшаліся на Захад даганяць ворага, які адступаў. А на парадзе добра запомнілася Уладзіміру Фролавічу вышэйшае камандаванне, якое стаяла на трыбуне, і тое, як партызаны стараліся ісці правільным крокам. 

Пасля ўрачыстасці кожны падыходзіў да камісіі і здаваў зброю. Каго адразу адпраўлялі на фронт, каго — на барацьбу з бандамі (нацыяналістамі), а каго — на аднаўленне народнай гаспадаркі. Звярынскі пачаў настаўнічаць непадалёк ад роднай вёскі — у Тоўстым Лесе. Ад былой школы там засталіся адны галавешкі. Жанчына, якая працавала там некалі прыбіральшчыцай, выдзеліла пад клас палову сваёй хаты. Знайшлася дошка, старыя шпалеры, збілі парты. У каго не было сапраўдных чарнілаў, рабілі іх з буракоў. Навіну аб узнаўленні школы ўсе сустрэлі з энтузіязмам. Вучняў новы настаўнік раздзяліў на дзве групы, і з першага верасня пачаў праводзіць заняткі ў дзве змены. Але праз месяц прыйшла позва ў ваенкамат. 

СПАЧАТКУ Фролавіча адправілі ў вучэбны полк ваеннага гарадка ва Уруччы, што пад Мінскам. Нясоладка там  было: усё разбурана, дашчатыя баракі, ежа абы-якая. Але навабранцы не звярталі на гэта ўвагі, усе не маглі дачакацца адпраўкі на сапраўдную вайну. Нарэшце паехалі на Гомель, з Чарнігава павярнулі на Львоў, а потым да лініі фронту дабіраліся пешшу. Трапіў Уладзімір Фролавіч у 36-ты гвардзейскі полк 5-й арміі 1-га Украінскага фронту. 

— Спачатку стаялі ў абароне, а пасля атрымалі каманду наступаць. Па нашай групе немцы такі агонь адкрылі, што галавы нельга было ўзняць. Я быў кулямётчыкам і атрымаў заданне прабіцца ў тыл і знішчыць ворага. Па дарозе наш разлік заўважылі і бабахнулі мінай. Таварышу ссекла ўсю нагу, і я наказаў яму заставацца на месцы і не варушыцца. У мяне ж была ў крыві ўся рука, але працавала. Падабраўся да немцаў метраў за пяцьдзясят і як даў па іх з кулямёта!

У санбаце мне павыпорвалі асколкі, але адзін і цяпер сядзіць у руцэ. А праз некаторы час атрымаў больш сур’ёзнае раненне. Дайшлі да Нэйсэ, прытока Одэра, паставілі абарону і пачалі рыхтавацца да вырашальнага бою. Для гэтага трэба было пераправіцца на другі бераг. І там разрыўная куля трапіла мне ў правую нагу. Наказаў другому нумару: «Ідзі. Ваюй за дваіх». А мяне падабралі санітары і адразу адправілі ў санбат. Шэсць месяцаў лячылі ў шпіталях. Там сустрэў і Перамогу. 

Дэмабілізавалі толькі ў 1948 годзе. А далей — зноў педагогіка. У дзіцячым доме пазнаёміўся з будучай жонкай, нарадзілі двух сыноў. 

УЛАДЗІМІР Фролавіч ні- колі не расказваў вучням пра свае подзвігі і медалі. А тыя, даведаўшыся пра гэта праз дзясяткі гадоў і сустрэўшы потым старога настаўніка, неяк па-новаму глядзелі ў яго блакітныя вочы.

Вікторыя КОРШУК, «СГ»

korshuk@sb. by

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter