Фермер Сяргей Кузнец: «Кепскай зямлі няма. Ёсць няправільны падыход да яе»

Не «ўкаталі» Кузняца ні Вярхі, ні Горкі

У КІРАЎНІКА фермерскай гаспадаркі “Бярозка” Сяргея КУЗНЯЦА ёсць усе падставы ганарыцца сваімі дасягненнямі: сёлета ён атрымаў неверагодны ўраджай цукровых буракоў — больш як 1200 цэнтнераў з гектара. Нават па еўрапейскіх мерках гэта вельмі годны вынік сялянскай працы. Бо, да прыкладу, у сёлетні, спрыяльны для культуры год сярэдняя ўраджайнасць па вобласці складае 420 цэнтнераў на круг.


– ЯШЧЭ вясной думаў, што на гэтым полі нічога ладнага не будзе, – узгадвае гаспадар. — Яго рыхтавалі позняй вясной, апрацавалі гліфасатамі. Калі сеялі, пыл стаяў слупом. Насенне ўзыходзіла слаба. А тут яшчэ засушыла. Ды, мабыць, боская міласць, сонца і дождж паспрыялі росту раслін: калі надышоў час праводзіць падкормкі пасеваў, яны зазелянелі адным шчыльным дываном.

Цукровыя буракі – выгадная справа, упэўнены Сяргей. Калі авалодаць тонкасцямі вырошчвання, заўжды будзеш з прыбыткам. Хоць раней яму нярэдка даводзілася чуць, што землі Жабінкаўшчыны малапрыдатныя для іх. Ён не згаджаецца, няма, кажа, кепскай зямлі – ёсць няправільны падыход да яе.

Сяргей узгадвае тое першае поле, атрыманае яшчэ бацькам-нябожчыкам у 1995 годзе, — 7 гектараў зямлі непадалёк ад вёскі Горкі. Пасеялі пшаніцу, буракі, пасадзілі бульбу. Сабралі неблагі ўраджай. Акрыленыя поспехам, праз некалькі гадоў узялі яшчэ 7, потым – 62 гектары. Каб сабраць ураджай, над кожным даводзілася нямала папрацаваць. Надоўга запомніў Сяргей і тыя 30 гектараў ля Вярхоў. Мясцовыя жыхары круцілі пальцам: “Кузнец, навошта ён табе? Тут нават пшаніца не расце, а буракі тым болей!” Усёй сям’ёй ачышчалі ўчастак ад смецця: вывезлі некалькі прычэпаў шпагату, поліэтылену, бітай цэглы. Пасеялі буракі, і яны сёлета па 800 цэнтнераў далі.

Бацька заўважыў у ім жылку гаспадара і адправіў стажыравацца ў Германію да фермера-міліянера. Многія метады працы, “падгледжаныя” за мяжой, спатрэбіліся маладому Кузняцу на жабінкаўскай зямлі.

– Быў час – займаўся свінагадоўляй, але зноў вярнуўся да раслінаводства. Засяродзіўся на цукровых бураках, — тлумачыць фермер. — Здаецца, пра іх ведаю практычна ўсё. Асабліва дапамаглі так званыя доследныя пляцоўкі на маіх палях, арганізаваныя цукровым заводам, які на працягу трох гадоў высяваў і даследаваў гібрыды ад розных вытворцаў. Для мяне гэта была выдатная магчымасць прааналізаваць і параўнаць усходжасць, успрымальнасць да хвароб, набіранне цукру, колер, памер, форму каранёў.

На дасягнутым Сяргей Кузнец спыняцца не збіраецца, планаў і ідэй хапае. Сёлета вялікі для фермерскай гаспадаркі машынна-трактарны парк папоўніла сеялка Мonasem з сістэмай лакальнага ўнясення мінеральных удабрэнняў. У бліжэйшай перспектыве – пашырыць угоддзі на 300, а лепей на 600 гектараў. Бо тых 330, на якіх сёння працуе фермер, не хапае для севазвароту:

— Працаваць на зямлі ў мяне атрымліваецца лепш за ўсё, таму што, у адрозненне ад іншых я не развучыўся любіць яе.

Святлана БЯЛЯК

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter