Не кідайце баб, дзяды! Прыпеўкі вучаць, як пазбегнуць сямейных драм

Сур’ёзныя газеты чытаюць не толькі таварышы ў пінжаках, што паселі ў кабінетах. Грунтоўныя газеты цікавыя ўсім: і настаўніку, і вяскоўцу. Бо ў век інфармацыі слова важыць больш, чым калі-небудзь. “Народная”, як вядома, газета асаблівая. У ёй знаходзіцца месца і для важных дзяржаўных навін, і для карысных парад простаму чалавеку. Таму нядзіўна, што нашы чытачы не проста падпісчыкі, а дарагія сябры. А ў дадатак — аўтары прыпевак.
Н.К.Коўшык са славутай сваімі клубніцамі вёскі Дварэц Лунінецкага раёна даслаў нам юбілейную прыпеўку — к 20-годдзю “НГ”:
Газет хороших много есть,
Всех за час не перечесть.
Ну а я, ей-ей не лгу,
Жить без “Народной”
не могу.
“Я ўжо 16 год сябрую з вашай газетай, — піша спадар Коўшык. Але хочацца ўдакладніць: з нашай агульнай газетай, шаноўны чытач! — Дзякуй за цікавае выданне! Дай Бог усім супрацоўнікам моцнага здароўя, шчасця, творчага плёну!”
А што трэба, каб адчуваць шчасце? Чытач з клубнічнай сталіцы ведае адказ:
Калі з бабаю жыў дзед,
Быў сняданак, быў абед.
Кінуў бабу — няма дзеду
Ні сняданка, ні абеду.
Каханне — вось ён, адзіны гарант стабільнасці і дабрабыту ў лёсе кожнага чалавека. Не кідайце баб, дзяды! Чуеце?..
А каб на стале стаялі смачныя стравы, трэба нямнога. Паводле Ж.А.Суворавай з вёскі Лойкі Гродзенскага раёна,
Як працуеш кожны дзень,
На стале не пуста.
Што і гаварыць, народ спявае пра сябе шчырую праўду. Яшчэ б кіравацца гэтай праўдай, а не адхіляцца ад яе “генеральнай лініі”, як некаторыя наравістыя дзяды ды капрызныя бабы. Зрэшты, на тое і прыпеўкі — каб расказваць пра норавы ды капрызы жыцця.
Бывае ж усякае... Вось яшчэ гісторыя ад спадарыні Суворавай:
Я любіла цябе, гад,
Чатыры месяцы падрад.
Ты мяне — паўмесяца,
І то хацеў павесіцца.
Тут ужо, як кажуць, не дай Бог! Спадзяёмся, гэта гісторыя скончылася ўсё ж добра.
Пішыце сваю праўду жыцця — будзем спяваць разам!
Мне ж на гэты раз хочацца даць галоўнае слова ў рубрыцы “Чаму б нам не спець!” Пятру Лукічу Валінскаму са Стаек Івацэвіцкага раёна. Няхай яго прыгожы расказ напоўніць вашы душы золатам мінулай восені.

Грыбнік
Нібы ветразь, на вадзе
Чарацінка шастае.
У грыбы мяне вядзе
Сцежка пакручастая.

Ранак коціцца, бяжыць,
На хаду паснедаю.
Між бяроз буду кружыць
Спрытна, непаседаю.

Поўніцца пад дужку кош,
Пошукі нялёгкія,
Гутарыць з грыбамі нож —
Восень ажно вохкае.
Пётр ВАЛІНСКІ
Івацэвіцкі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter