Не губляючы карані

За мяжой зараз пражывае каля двух з паловай мільёнаў беларусаў, і для радзімы яны не сталі чужымі

За мяжой зараз пражывае каля двух з паловай мільёнаў беларусаў, і для радзімы яны не сталі чужымі

Дзяржаўная праграма супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013—2015 гады, прынятая напрыканцы мінулага года, стала своеасаблівай падзеяй у стасунках нашай краіны з суайчыннікамі, якія па розных абставінах пакінулі яе. Што новага дасць гэты дакумент, ці дапаможа наладзіць эканамiчныя кантакты з беларусамi замежжа і як зрабіць разнастайным жыццё дыяспары, даведалася карэспандэнт “НГ”.

Ад ЗША да Аўстраліі

Падобная праграма дзейнічала ў краіне ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, але не мела статусу дзяржаўнай. Дарэчы, менавіта яна стала асновай для распрацоўкі канцэпцыі цяперашняй.

— Была пэўная паўза паміж праграмамі, аднак супрацоўніцтва з беларусамі замежжа працягвалася, — тлумачыць галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Людміла Лебедзь. — Праводзіліся мерапрыемствы, аказвалася дапамога грамадскім аб’яднанням беларусаў замежжа. Каб надаць гэтай працы больш сістэмны і арганізаваны характар, актывізаваць зносіны з суайчыннікамі, была прынята праграма “Беларусы ў свеце”.

Сёння за мяжой — ад ЗША і Аргенціны да Кітая і Аўстраліі — пражывае каля двух з паловай мільёнаў беларусаў. Уваходзячы ў грамадска-культурныя аб’яднанні або проста адчуваючы сябе беларусамі, многія нашы суайчыннікі імкнуцца папулярызаваць там звычаі, традыцыі, мову, тым самым працуючы на карысць нацыянальнай культуры і ўмацаванне пазiтыўнага iмiджу Беларусі за мяжой. Вядома, без пэўнай падтрымкі рабіць гэта складана.

Праграма накіравана на кансалiдацыю беларускай дыяспары, забеспячэнне яе духоўнага і культурнага развіцця, рэалiзацыю грамадзянскiх правоў i законных iнтарэсаў, пашырэнне адзiнай iнфармацыйнай i культурнай прасторы.

У госці на радзіму

— Асаблівасць прынятай праграмы ў тым, што ў ёй упершыню прадугледжана дзяржаўнае фінансаванне мерапрыемстваў, якія датычацца супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, — зазначыла Людміла Іосіфаўна. — У 2013—2015 гадах будзе выдаткавана больш як 6,4 мільярда рублёў.

Сярод мерапрыемстваў, на якія плануецца патраціць дзяржаўныя грошы, — распрацоўка i арганiзацыя турысцка-экскурсiйных маршрутаў па нашай краіне для беларусаў замежжа, уключэнне факультатыўнага курса “Беларускае замежжа: гiсторыя i сучаснасць” у вучэбныя планы ВНУ па спецыяльнасцях сацыяльна-гуманiтарнага i эканамiчнага цыкла, арганiзацыя выстаў i пленэраў, адкрыццё школ або класаў з вывучэннем беларускай мовы па iнiцыятыве дыяспары і многае іншае.

Як расказала Людміла Лебедзь, праграма прадугледжвае супрацоўніцтва не толькі ў гуманітарнай сферы. У дакумент уключаны раздзел аб умацаванні эканамічных стасункаў з беларусамі замежжа і прыцягненні іх да развіцця бізнесу. Гэта асабліва датычыцца кіраўнікоў замежных фірм з ліку этнічных беларусаў і іх прадпрыемстваў.

Дзякуй ад суайчыннікаў

Паколькі ў праграме хацелі ахапіць як мага больш кірункаў супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, праца над ёй зацягнулася не на адзін год. Але чаканні аказаліся апраўданыя.

— Беларусы з розных краін працягваюць дасылаць падзякі ў адрас міністэрства, — расказвае Людміла Лебедзь. — З Італіі атрымалі вельмі кранальны ліст ад групы суайчыннікаў, якія па ўласнай ініцыятыве арганізавалі клуб беларускай культуры, працавалі на грамадскіх пачатках, а цяпер дзякуючы праграме яны сталі больш упэўненыя ў слушнасці сваёй работы. З Харватыі атрымалі ліст ад беларусаў, якія структурна хацелі ўвайсці ў клуб рускай культуры, аднак пасля прыняцця праграмы вырашылі зарэгістравацца як самастойнае грамадска-культурнае аб’яднанне.

Да канца года павінен быць прыняты яшчэ адзін важны для дыяспары дакумент — закон “Аб беларусах замежжа”. Нашы суайчыннікі па-сапраўднаму адчуюць, што з’яўляюцца неад’емнай часткай радзімы, дзе іх памятаюць і заўсёды гатовыя пачуць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter