Праўдзівасць гэтай народнай мудрасці на практыцы даказваюць на Міншчыне
Сёлета ў сталічным рэгіёне дарослыя мяркуюць зэканоміць каля 340 млрд. рублёў, а дзеці — паказаць, як яны навучыліся ашчаднасці. Гэта дазволіць правесці энергаэфектыўныя і навучальныя мерапрыемствы, якія намечаны ў Год беражлівасці.
У сталічнай вобласці працягваецца работа па выкананні патрабаванняў Дырэктывы № 3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». «За кошт укаранення энергаэфектыўных мерапрыемстваў мы плануем зэканоміць звыш 180 тыс. т умоўнага паліва. Шмат увагі ўдзяляецца павелічэнню аб’ёмаў выкарыстання мясцовых відаў паліва. Так, у гэтым годзе ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі Смалявічаў, Любані, Капыля, аграгарадка Гатава, што ў Мінскім раёне, намечана ўвесці ў эксплуатацыю пяць буйных аб’ектаў на МВП магутнасцю больш за 30 МВт. Таксама будзе рэалізаваны праект па будаўніцтве міні-ЦЭЦ у Заслаўі магутнасцю 3,2 МВт», — расказвае начальнік аддзела энергетыкі і паліва Мінскага аблвыканкама Сяргей Сямашка.
На будаўніцтва энергакрыніц у сістэме ЖКГ будзе накіравана больш за 80 млрд. рублёў з абласнога бюджэту. Усяго ж на Міншчыне плануецца ўвесці каля 65 МВт магутнасцей на мясцовых відах паліва, што дазволіць зэканоміць звыш 40 млн. куб. м газу.
У сталічным рэгіёне пытанні эканоміі — на парадку дня не толькі ў дарослых. Вучыцца гэтай патрэбнай справе пачынаюць са школьнай парты. Прэс-сакратар упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Алена Паплаўская не без гонару адзначае, што навука ідзе досыць вынікова. Дастаткова сказаць, што больш за 140 вучняў і 50 настаўнікаў будуць прэтэндаваць на перамогу ў заключным этапе рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці «Энергамарафон». Дарэчы, пройдзе ён 28—29 сакавіка, і адметна, што на базе ўстаноў адукацыі Слуцкага раёна. Гэты конкурс мае на мэце абагуліць і распаўсюдзіць лепшы вопыт па навучанні дзяцей беражлівым адносінам да энергарэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Дарэчы, у абласным этапе прымалі ўдзел больш за 400 праектаў, а лепшым рэгіёнам у гэтым накірунку быў прызнаны Вілейскі. На Міншчыне на працягу года пройдуць шматлікія мерапрыемствы ў рамках абазначанай тэмы. А на базе Мар’інагорскай гімназіі актыўна працуе ўнікальны музей энергазберажэння, які размяшчаецца ў будынку, узведзеным па сучасных стандартах, дзякуючы якім зберагаецца энергія.