Які “Куст” стараюцца зберагчы палешукі

Не даць яму засохнуць

Вёска Камень застаецца адной з найбагацейшых крыніц традыцыйнай культуры Пінскага Палесся. Гэта адно з найстаражытнейшых паселішчаў, якое археолагі адносяць да перыяду ранняга жалезнага веку. Даследчыкі гісторыі і фальклору не раз папаўнялі тут свае веды, напрацоўвалі матэрыял для навуковых дысертацый, падручнікаў і энцыклапедый.

Фота аўтара

У  гэтай вёсцы захаваўся ахоўны абрад “Куст”, які праводзіцца падчас хрысціянскага свята — у Дзень Святой Тройцы, сёлета ён прыпадае на 27 мая. “Хадылы да К€уста”, альбо “Повэдэмо Куста”, — дагэтуль кажуць (з націскам на “у”) старэйшыя жыхаркі, для якіх удзел у абрадзе — своеасаблівае вяртанне ў пару вясёлай і непаўторнай маладосці. Гэта гульня-забава, якая дае жыццёвыя сілы. А яшчэ “Куст” — сувязь з продкамі і вера ў магічную сілу кляновай галінкі ва ўбранні галоўнай гераіні святочнага шэсця — “Кусты”. Вяскоўцы чакаюць на сваіх падворках удзельнікаў абрадавага шэсця.

Нягледзячы на тое, што носьбітаў жывой традыцыі каменскага “Куста” застаецца не так многа, а новае пакаленне неахвотна далучаецца да ўнікальнай спадчыны, руплівыя работнікі мясцовага Дома культуры стараюцца браць пад сваю апеку правядзенне кожнага абраду — каб не даць “Кусту” паступова “засохнуць”. Каб кожную Тройцу вёска абуджалася рэхам прыгожай мінуўшчыны, спявала непаўторнымі галасамі далёкіх продкаў:

Пасвыла волы з вэчора да повночы,

Дай напала тумань на моі чорны очі.

Дай не так на очі, як на мою жовту косу,

Шчо я, молодая, вінчыка не доношу...

Пад гэту песню заўсёды пачынаецца абыходны абрад. Дзяўчаты апранаюць сваю сяброўку ў “Кусту”, абвіваюць зялёным лісцем. Вакол яе водзяць карагод, прымерваюць кляновы вянок:

А я, моладая, вінчыка доносыла,

Своіх сусідочок на вэсілле просыла...

Пачуўшы пад вокнамі ці каля ганка знаёмыя з дзяцінства песні, гаспадары спяшаюцца на ганак вітаць галасісты гурт. Прыход “Куста” — добрая вестка і самыя лепшыя спадзяванні на добрае лета, на тое, што будзе багаты ўраджай, што абмінуць хату бяда і ліха, не пераступяць парог хваробы. Дзявочы гурт абавязкова спявае руплівым і дбайным гаспадарам:

А ў нашаго дзядзькі хорошэнько на дворы,

Стоіць чэрэмшына по корыннечко в моры.

А з-под чарышэнькі да сокол вылетае,

А ў нашаго дзядзькі всэ подвор’ічко ззяе.

Пасля гэткіх прызнанняў валачобнікаў шчодра адорваюць гасцінцамі. “А ці ўмее ваша “Куста” танцаваць? Хай пакажа!” — просяць гаспадары. “Куста” выходзіць з сяброўскага кола, моўчкі танцуе і кланяецца гаспадарам. Бывае, што і яны кідаюцца ў скокі. Дагэтуль у Камені лічаць, што “Куст” на двары — як Бог у хаце.

Іван Лужынскі

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter