Не чаркамi, а шклянкамi i пад бананы

Усё менш застаецца сярод нас ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны...

Усё менш застаецца сярод нас ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны. Але тыя, што яшчэ жывуць, звычайна валодаюць тонкiм пачуццём гумару. Можа, таму i жывуць. Яно i навука не аспрэчвае, а нават даказвае, што гумар падаўжае чалавечае жыццё. 

Сустракаю днямi знаёмага ветэрана-партызана. Як заўсёды, ён хiтравата падмiргвае i прапануе: 

— Зойдзем да мяне, па сотачцы кульнём!  Табе, браце, для натхнення такое лякарства ой як не пашкодзiць! 

Мне б развiць адвечную мужчынскую тэму, няхай сабе i жартам, але я прамалiнейна i дубавата адмовiўся. На што суразмоўца даволi ядавiта заўважыў: 

— Яно i бачна: якое ў вас пiтво, такая i прадукцыя. Адна вада. Не захмялееш ад сучасных артыкулаў! 

Во дае дзед! Можна падумаць, што ў ягоную маладосць пасля чытання газет на карачках поўзалi, як ад убойнай дозы гарэлкi. Не паспяваю прыдумаць нешта трапнае, як былы партызан выдае чарговы экспромт: 

— А цi ведаеш, як цяпер п’юць? Не чаркамi, а шклянкамi i закусваюць не цыбуляй, а бананамi. 

Тут ужо i я не палез за словам у кiшэню, агрызнуўся не менш ядавiта: 

— Пасля такой “закусi” цi не захочацца па дрэвах, як малпы, лазiць? Тым болей што i клiмат мяняецца. Вось-вось пальмы пачнуць i ў нас расцi… 

Вось i пагаварылi. Разышлiся цвярозымi, але падсiлкаваўшыся прыемнай дозай гумару. I адначасова “захмялелымi” добрым настроем.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter