Не чакайце, пакуль рак «свiсне»...

Андрэй  Шмак  раiць  кожнаму  трымаць  у  сабе  анкалагiчную  насцярожанасць

Андрэй  Шмак  раiць  кожнаму  трымаць  у  сабе  анкалагiчную  насцярожанасць 

Загадчык абдамiнальнага аддзялення НДI анкалогii доктар медыцынскiх навук Андрэй Шмак (на здымку), па сутнасцi, у iм i жыве. З пяцi рабочых дзён у яго чатыры аперацыйныя. У панядзелак разам з калегамi аглядае тых, каму зроблены аперацыi, гутарыць з тымi, хто рыхтуецца да iх. Яго можна сустрэць усюды: у працэдурнай, на медыцынскiм пасту, у ардынатарскай, на лекцыi, на спатканнi з «хадакамi», якiя штодня займаюць чэргi ў яго кабiнет. Андрэй Iванавiч прыходзiць на свой трэцi паверх i ў суботу, i ў нядзелю. Дзе б нi быў у выхадныя, а ў аддзяленне да хворых абавязкова зазiрне. 

— Як вы, педыятр, сталi хiрургам-анколагам? 

— Сапраўды, я вучыўся ў Мiнскiм медiнстытуце на аддзяленнi педыятрыi. I першыя мае ўрачэбныя крокi ў Жодзiне звязаны з педыятрыяй. Але, пагадзiцеся, у жыццi кожнага чалавека бываюць шчаслiвыя выпадковасцi. Мендзялееў, кажуць, прыснiў таблiцу хiмiчных элементаў. Ньютану дапамог зрабiць адкрыццё адарваны плод. Гогалю падарыў сюжэт «Рэвi­зора» сам Пуш­кiн. Нашага слыннага кампазiтара Iгара Лучанка вывеў у вялiкi свет музыкi бацька-самавук. I ў мяне ёсць людзi, якiя натхнiлi педыятра Андрэя Шмака на складаную, цiкавую i вельмi патрэбную навуку анка­ло­гiю. 

— Хто гэтыя людзi i як усё адбылося? 

— Найперш, я ўдзячны маме. Яна скiравала мяне прысягнуць запаветам Гiпакрата. Другiм хросным свайго жыцця лiчу Анатоля Аляксеевiча Буднiка. Ён, будучы загадчыкам абдамiнальнага аддзялення Навукова-даследчага iнстытута анкалогii, сагiтаваў мяне заняцца сур’ёзнай справай – хiрургiяй у анкалогii. Ён агiтаваў пераканаўча: «Андрэй, зразумей, педыятрыя – масавая спецыяльнасць, а анкалогiя – згустак усiх медыцынскiх навук. Трэба ратаваць людзей!..» Так, у 1989 годзе я стаў навуковым супрацоўнiкам у бараўлянскiм iнстытуце, якi некалi заснаваў акадэмiк Аляксандраў... 

— Расшыфруйце, Андрэй Iванавiч, што гэта такое абдамiнальнае аддзяленне? 

— Абдаман — гэта жывот. I ўсё, што звязана з органамi брушной поласцi, — аб’ект нашай хiрургii. На сённяшнi дзень пухлiны страўнiка займаюць трэцяе месца ў анкалогii. На першым — лёгкiя, на другiм — скура. У аддзяленнi пастаянна шэсцьдзесят клiентаў. I ў кожнага — свае непаўторныя, спецыфiчныя праблемы... 

— Скажыце, а па якiх прычынах часцей за ўсё людзi трапляюць пад скальпель анколага? Рак, калi прачытаць наадварот, будзе «кар». Дык якая варона накарквае хваробу? 

— Менталiтэт многiх нашых пацыентаў такi, што яны сядзяць на гарачай печцы, пакуль не пачнецца пажар. Ракавая хвароба спакваля падбiраецца да чалавека. I не трэба чакаць, пакуль пачнуцца ванiтаванне, млявасць, беспрычынная патлiвасць, цяжкасць пры глытаннi ежы, чорны стул, страта апетыту i вагi, страўнiкавы дыскамфорт. Гэтыя сiмптомы якраз i сцвярджаюць, што рак «свiснуў», варона каркнула. Значыць, чалавек не праходзiў цi адмаўляўся праходзiць рэгулярныя абследаваннi ў клiнiцы. Вось i атрымлiваецца, што 75 працэнтаў нашых пацыентаў прыходзяць да ўрача ўжо з трэцяй цi чацвёртай стадыяй за­хворвання. А ў Японii, напрыклад, рак страўнiка  выяўляецца на першай. Таму што ўкладваюць немалыя сродкi ў штогадовую дыягностыку сваiх грамадзян, i яны апраўдваюцца. 

— Будзем спадзявацца, што ў хуткiм часе ў Беларусi будзе тое самае. Але што нам трэба рабiць сёння, каб уратавацца ад цяжкага захворвання? 

— Даказана, што сорак працэнтаў любых анкалагiчных захворванняў можна папярэдзiць, не дапусцiць. Трэба толькi быць мiласэрным да свайго здароўя, правiльна i якасна харчавацца. I, безумоўна, адмовiцца ад шкодных звычак — курэння, п`янства, наркотыкаў, неахайных адносiн да гiгiены цела i душы. Што казаць, калi нават у нашым медыцынскiм гарадку можна сустрэць хворых з цыгарэтай, а часам i з чаркай. I гэта ў перыяд падрыхтоўкi да аперацыi, а бывае, i пасля кропельнiц. А калi наконт рэкамендацый, то запiсвайце. 

Першае. Штодзённа трэба ўжываць не меней за пяць вiдаў фруктаў i агароднiны, а раслiнны харч павiнен на 45—60 працэнтаў пакрываць патрэбнасць чалавечага арганiзма ў энергii. 

Другое. Спажыванне чырвонага мяса павiнна быць абмежавана. Тлушчы i масла могуць забяспечваць чалавеку толькi трэць неабходнай энергii. 

Трэцяе. Мяса i рыбу для ежы рыхтаваць пры невысокай тэмпературы. Ужыванне смажанiны любых гатункаў пажадана абмежаваць. 

Чацвёртае. Нельга дапускаць павышэння i панiжэння масы цела. У маладым i сярэднiм узросце яна не павiнна перавышаць 5—6 кiлаграмаў. 

Пятае. Рэгулярныя штодзённыя прагулкi пехатой на свежым паветры, iнтэнсiўныя заняткi фiзкультурай i спортам, у залежнасцi ад узросту, здароўя i здольнасцей. 

Як бачыце, нiчога складанага. Трэба толькi навучыцца выконваць гэтыя простыя правiлы. 

— Якiя яшчэ перасцярогi, пажаданнi вы маглi б выказаць усiм, хто, на шчасце, не ведае дарогi ў вашу бальнiцу? 

— Хочам мы таго цi не, але трэба трымаць у сабе анкалагiчную насцярожанасць. Гэта не значыць забiваць сабе галаву хваробай, толькi пра яе i думаць. Але калi ў вас з’явiлiся палiпы, а яны бываюць адэнаматозныя, то трэба раiцца з доктарам. Хранiчны атрафiчны гастрыт, хранiчная язва страўнiка садзейнiчаюць узнiкненню рака. Пасля розных iнфекцыйных захворванняў варта пiльна праверыцца. Аказваецца, ёсць бактэрыi хелiкабактэр пiлоры, якiя здольны выклiкаць ракавае захворванне страўнiка. Адкрывальнiкi гэтых бактэрый атрымалi Нобелеўскую прэмiю. Трэба ведаць, што рак страўнiка не расце як грыб пасля дажджу. Яго iнкубацыя — ад двух да дзесяцi гадоў. Зноў жа паўтаруся, танней агледзець чалавека, чым пасля ратаваць. Берагчы жыццё людзей — вось стратэгiя i тактыка сучаснай медыцыны. Ды, напэўна, i не толькi адной медыцыны. 

— Адным словам, каб быць здаровым, трэба азiрацца вакол сябе на трыста шэсцьдзесят градусаў, змагацца за сваё здароўе? 

— Абсалютна правiльна. Павучымся ў японцаў. Яны адзiн раз у два гады ходзяць на прафагляды. Абавязкова! Прыкiньце, без тэхагляду машыны вас спынiць першы паставы. Нешта падобнае трэба наладзiць нам i з праф­аглядам у клiнiках. Не прайшоў — не дапускаецца да працы, не заключаецца з iм кантракт i гэтак далей. Трэба ўсiм зразумець, што галоўная стратэгiя барацьбы з ракам ды i з iншымi захворваннямi — гэта прафiлактыка. А асноўным элементам прафiлактыкi з’яўляецца гiгiена ўсiх органаў цела i фiзiчная актыўнасць. 

— Раскажыце пра сваiх калег, з якiмi штодня змагаецеся за зда­роўе сваiх пацыентаў. 

— У нас своеасаблiвы штат — хiрургi, практыкi i навукоўцы. Самы вопытны сярод iх Iосiф Фелiксавiч Шышло, кандыдат медыцынскiх навук, працуе над доктарскай. Каэфiцыент карыснага дзеяння ў яго — сто працэнтаў. Маўклiвы Мiкалай Леанiдавiч Суслаў заўсёды надзейны ў працы — каля аперацыйнага стала, у палаце каля хворага. З Маладзечна кожны дзень ездзiць на працу Анатоль Анатольевiч Лабiнскi, душа кампанii хiрургаў, кандыдат медыцынскiх навук. Прыйшоў да нас малады, энергiчны Шурпач. Класным хiрургам зарэкамендаваў сябе Аляксандр Уладзiмiравiч Камы­шнiкаў. Нядаўна ўлiлiся ў калектыў нашага аддзялення маладыя навуковыя супрацоўнiкi Анатоль Котаў, Дзмiтрый Гапановiч, Юрый Рэўтовiч. Думаю, у iх усё складзецца добра. Яны любяць сваю справу, умеюць гаварыць з хворымi, зайдзiце ў ардынатарскую, калi нашы хiрургi ўсе разам. Малюнак аптымiстычны: усё ў бялюткiх касцюмах, рослыя, статныя, фiзiчна здаровыя, сiмпатычныя... 

— Ну i на заканчэнне скажыце, з якiм настроем хiрург Андрэй Шмак iдзе на працу? 

— Паверце, за нашай прахадной не проста навукова-даследчы iнстытут са сваiмi аддзяленнямi, лаба­раторыямi, кабiнетамi. Гэта цэлы гарадок, асобная краiна здароўя, калi хочаце. Тут, у Бараўлянах, склаўся магутны калектыў айчынных анколагаў. Я ганаруся, што належу да гэтай незвычайнай сям’i медыкаў. Думаю, i ўся Беларусь можа ганарыцца тым, што ў рэспублiцы створана перадавая школа анколагаў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter