Не бойцеся сказаць дзякуй

Чаму асобныя кіраўнікi не жадаюць, як яны кажуць, “выстаўляцца ў прэсе”?

НЯДАЎНА трапіў  у не вельмі прыемную сітуацыю. Паехаў у  перадавую гаспадарку, дзе паказчыкі лепшыя, чым у іншых, зарплата выдаецца сваечасова, і нечакана пачуў ад кіраўніка:

— Не трэба пра нас пісаць!

Падумаў: дырэктар занадта сціплы, не хоча сябе выстаўляць. Кажу, што яго можна асабліва не ўпамінаць, але ж ёсць у гаспадарцы спецыялісты, перадавыя механізатары, аператары машыннага даення, у многім дзякуючы якім і жыве сельгаспрадпрыемства заможна і пра якіх не лішне сказаць некалькі добрых слоў. Але зноў чую тое самае: “Не трэба”.  Якую тайну хацеў схаваць ад мяне кіраўнік і дзеля чаго, я так і не зразумеў.

На жаль, такіх, якія недаацэньваюць маральныя стымулы, у тым ліку і цану газетнага радка, не адзін. Яны могуць часамі гаварыць пра тэхніку розных марак, безліч лічбаў у іх аж адскакваюць ад зубоў, а вось пра людзей, якія дабіліся поспеху, — добра калі ў апошнюю чаргу, а то і зусім нічога, як быццам усё адбылося само сабой. Лічаць, даволі і таго, што пасля заканчэння той ці іншай работы ўручаць пераможцам грашовую прэмію ці больш-менш каштоўны падарунак.

А мне ў сувязі з гэтым прыгадалася сустрэча з дачкой перадавога аператара машыннага даення племсаўгаса “Азярцы” Глыбоцкага раёна Веры Канстанцінаўны Шынкевіч, якая, на жаль, пакінула гэты свет, — Алай Андрэеўнай Шынкевіч. Яна і цяпер, як самую дарагую рэліквію, захоўвае даволі аб’ёмную папку, у якой разам з граматамі былі акуратна складзены  выразкі з газет амаль паўвекавой даўнасці, дзе расказваецца пра яе маці.  У адной з іх, змешчанай у “Віцебскім рабочым”  ад 14 чэрвеня 1985 года, чытаю: “Больш дваццаці год працуюць на ферме ”Кісарэўшчына” Вера Канстанцінаўна і Георгій Паўлавіч Шынкевічы, якія паставілі сёлета мэту надаіць ад каровы па 5 тысяч кілаграмаў малака. Вера Канстанцінаўна, шасціразовая ўдзельніца ВДНГ СССР, выйшла на рэкордныя надоі: па 25 кілаграмаў ад каровы ў суткі”. 

У іншых публікацыях апавядаецца наогул пра жыццё азярэцкіх даяроў, як яны дзеляцца перадавым вопытам работы з калегамі з іншых гаспадарак і раёнаў. Колькі часу мінула з той пары, няма ўжо тых дываноў, прывезеных з ВДНГ, а трохі пажоўклыя газетныя радкі жывуць, расказваюць унукам Веры Канстанцінаўны — Таццяне, Юрыю і праўнучцы  Кацярыне, — якая ў іх была славутая бабуля і што ёй можна ганарыцца, браць з яе прыклад. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюцца сёння і для напісання гісторыі Азярцоў.

Цана газетнага радка вымяраецца і ў прамым сэнсе. Аднаго разу давялося быць сведкай вельмі цікавага эпізоду ў ААТ “Шайцерава” Верхнядзвінскага раёна.  На полі працаваў механізатар са сродкамі аховы раслін. Тут жа знаходзіўся малады аграном, які паспрабаваў унесці карэктывы ў дозу прэпарату. Механізатар не пагадзіўся. Аргументам жа было тое, што ён вычытаў, як  усё трэба рабіць  у рэкамендацыях вучоных, надрукаваных у “Сельской газете”. Трывожна, але факт: сёння некаторыя спецыялісты гаспадарак не ведаюць нават, што ёсць такая  газета... 

 Аднак вярнуся  да таго, з чаго пачынаў, — нежадання асобных кіраўнікоў, як яны кажуць, “выстаўляцца ў прэсе”. У кабінет да былога старшыні калгаса імя Суворава (цяпер ААТ “Навасёлкі-Лучай”. — Аўт.) Пастаўскага раёна Героя Сацыялістычнай Працы Алега Валадзько без стуку заходзілі самыя розныя людзі, у тым ліку і журналісты. Ніхто не стаяў пад дзвярыма. Пры ўсіх ён вырашаў і самыя неадкладныя справы, і перспектыўныя. Ад журналістаў Валадзько не толькі не хаваў нічога, а, наадварот, падымаў шэраг праблем, каб палепшыць справы ў сельскай гаспадарцы, расказваў пра свае нестандартныя крокі ў гэтым накірунку. Вось і  сёлета  ехалі  ў Навасёлкі з розных рэгіёнаў краіны вяскоўцы, каб паглядзець і пераняць вопыт адкорму на  зімовым полі тысячнага статка бычкоў.

Аднаго разу, праўда, Алег Валадзько ад журналістаў усё ж уцёк. Гэта тады, калі атрымаў Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Сеў на дэльтаплан і кружыў у небе, пакуль апошні карэспандэнт не пакінуў межы гаспадаркі.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?