Не бітва, а звычайная праца

Надвор’е спрыяе: уборачная кампанія ўпэўнена падыходзіць да свайго завяршэння. Некаторыя раёны паспелі прыбраць ураджай да каласка. Нямала і тых, хто працуе на апошніх гектарах. Сярод першых фінішыравалі аграрыі трох раёнаў Брэсцкай вобласці — Столінскага, Камянецкага і Маларыцкага. Завяршаюцца работы на Гомельшчыне.

Зрэшты, умоўныя пераможцы ў баку ад гарачай пары не застаюцца. Так, на днях каля 40 камбайнаў гаспадарак — перадавікоў Гомельскай вобласці, дзе ўборка завяршылася або вялася на апошніх гектарах — Гомельскага, Добрушскага, Рэчыцкага, Веткаўскага, Мазырскага, Хойніцкага і Брагінскага раёнаў, — адправіліся на дапамогу тым, хто па нейкіх прычынах зацягнуў з тэрмінамі, распавёў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Сідарэнка.

У краіне намалацілі ўжо больш за 6 млн т збожжа. У сярэднім з аднаго гектара 36 ц збожжа. Ёсць і рэкорды. У трох гаспадарках Гродзенскага раёна ўраджайнасць перавысіла 100 ц/га: вытворчы кааператыў імя Крамко (звыш 102 ц/га),  СВК “Свіслач” і СВК “Прагрэс-Верцялішкі” (101 ц/га).

Працягваюць спаборнічаць механізатары, камбайнеры, вадзіцелі. На палях Аршанскай птушкафабрыкі ўшаноўвалі першага двухтысячніка — камбайнера філіяла селекцыйна-гібрыднага цэнтра “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” Сяргея Грэкава. У Магілёўскай вобласці ёсць трохтысячнікі. Першымі гэты рубеж па намалоце і перавозцы збожжа пераадолелі адразу два экіпажы камбайнераў (старшы камбайнер Уладзімір Мельнікаў і камбайнер Аляксей Макосаў, а таксама экіпаж вядомай у раёне дынастыі камбайнераў бацькі і сына Корсакаў) і два вадзіцелі ЗАТ “Агракамбінат “Зара” (Юрый Манкевіч і Лангуры Хасія).

На жаль, не абыходзіцца і без своеасаблівых антырэкордаў, якія выяўляюць кантралюючыя органы. Супрацоўнікі Кобрынскага РАУС затрымалі двух мясцовых жыхароў, якія выкрадалі з поля сельгаспрадпрыемства салому. У Бярозаўскім раёне быў спынены легкавік, які перавозіў 500 кг пшаніцы. А вось у Магілёўскім раёне міліцыі ўдалося спыніць крадзёж амаль 20 т хлеба. Тут адзін з кіраўнікоў прама з зернятока вывез 19,4 т фуражнай пшаніцы на суму крыху больш за 4,1 тыс. рублёў.

 Праверкі Камітэта дзяржкантролю паказалі: у сельгасарганізацыях Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей недастаткова падрыхтаваны зернесушыльныя комплексы. Фіксуюцца звышнарматыўныя страты ўраджаю. Да прыкладу, у ААТ “Літвяны-Агра” Уздзенскага раёна з-за несвоечасовай уборкі пераспелага рапсу на плошчы каля 10 га загублена каля 18 т насення.

Традыцыйнае свята “Дажынкі” намечана ўжо на бліжэйшыя тыдні. Але ўрачыстасці — не кропка, а хутчэй прамежкавы вынік у гарачай пары. Работы на палях працягнуцца.

Кампетэнтна

Фёдар Прывалаў, генеральны дырэктар РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН па земляробстве”:


— Не трэба зацыклівацца на ўборцы збожжавых. Гэта ўжо практычна пройдзены этап. У Брэсцкай вобласці — упэўнены фініш. Віцебшчына адстае, але пры добрым надвор’і справіцца ўжо праз тыдзень. Час пераключацца на іншыя віды работ. Застаюцца непрыбранымі грэчка, гарох, якія спеюць пазней. Працягваецца церабленне лёну. Вырас добры ўкос траў, нават багацейшы, чым папярэдні. Выдатная люцэрна, зёлкавыя, цудоўная канюшына. Іх трэба тэрмінова ўбіраць. З 1 верасня на падыходзе — цукровыя буракі. А чаго вартая кукуруза? Удумайцеся ў лічбы: з палёў трэба будзе вывезці не менш за 20 млн т зялёнай масы гэтай культуры! Да 25 жніўня стаіць задача пасеяць больш за 360 тыс. га рапсу. А мы яшчэ не ў поўным аб’ёме нарыхтавалі і ўнеслі на палі ўгнаенні. Вось задачы, якія патрабуюць вырашэння. Са збожжавымі, лічыце, завяршылі і забыліся. Сёння стаіць пытанне пра ўраджай наступнага года. Прычым ніякай “бітвы”, пры якой непазбежныя памылкі і страты. Толькі планамерная, мэтанакіраваная праца.

muravsky@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter