Не асуджайце, і не будзеце асуджаныя

Хрысціяне бываюць розныя, часамі іх паводзіны, хутчэй, антыхрысціянскія і выклікаюць справядлівае абурэнне з боку іншых людзей. Такое абурэнне часта вынікае з жыццёвай пазіцыі, якую прынята называць “фарысействам”, — паказной набожнасцю, якая не мае ў сабе духу любові і міласэрнасці.


Фарысеі, якія згодна з евангельскімі апісаннямі не маглі прыняць Хрыста і яго вучэнне, спяшаліся асудзіць чалавека і апраўдаць свае слабасці. Сапраўдны шчыры хрысціянскі дух братэрства і салідарнасці памірае там, дзе пашыраецца асуджэнне — жаданне перабольшваць зло, якое ёсць у іншых, спалучанае з нежаданнем дапамагчы чалавеку справіцца з праблемамі.

Пачуццё элітарнасці, лепшасці за іншых людзей не дазваляе некаторым задаць сабе важныя пытанні: “Чаму вось гэты чалавек робіць памылкі? Што б я зрабіў у падобнай сітуацыі? Ці датычыць гэта мяне ўвогуле? Чым я магу дапамагчы свайму бліжняму?” Прапусціўшы адказы на такія пытанні, мы асмельваемся патрабаваць ад Бога быць справядлівым да іншых, а да нас — міласэрным.

Хрыстос прыходзіць да кожнага чалавека як да хворага душой, да кожнага без выключэння. Спазнаўшы радасць прабачэння грахоў і дадзены нам чарговы шанец пачаць усё нанова, а таксама паверыўшы, што мы можам стаць лепшымі, мы здольныя паверыць і ў тое, што і іншы чалавек можа выправіцца. Канцэнтруючыся на слабасцях іншых, ці не забываем мы важныя словы з малітвы “Ойча наш...”: “Прабач нам правіны нашыя, як і мы прабачаем вінаватым нашым”?

Пустыя размовы, якія забіваюць аўтарытэт чалавека ў вачах іншых, сеюць паміж людзьмі варожасць і падазронасць. Сапраўдная падтрымка бліжняга праяўляецца між іншым у адкрытых размовах, у якіх не прамінаецца і горкая, непрыемная праўда пра бліжняга. Не кожную праўду пра кагосьці можна адкрываць усюды і заўсёды, а калі такая неабходнасць ёсць, то варта рабіць гэта з клопатам і любоўю. Праўда без любові забівае.

Фарысеям не хапала такой любові. Яе не хапае нам, калі мы канцэнтруемся на сабе. Добрым практыкаваннем для памнажэння людской салідарнасці можа быць выпрацоўванне ў сабе ў першую чаргу ўдзячнасці за дабро, якое мы атрымліваем, а ўжо потым патрабаванне справядлівасці.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter