Не апошнія цуды ля возера Пліса

Ці зможам мы разам адрадзіць улюбёную святую зямлю Рагнеды...

Праз смугу стагоддзяў,

Ліхалецця скруху

Паўстае Рагнеда

Як апостал духу.

Ядвіся Квяткоўская

Нескароная князёўна

Кожная дзяржава, кожны народ маюць свой пачатак, сваё нараджэнне. Адлік Беларусі як дзяржавы пачынаецца з канца Х стагоддзя, з Полацкага княства, калі там гаспадарыў князь Рагвалод. Ён праводзіў незалежную ад Кіева і Ноўгарада палітыку. Названымі гарадамі і іх землямі валодалі браты Яраполк і Уладзімір. І адзін, і другі прагнулі яшчэ больш умацаваць сваю ўладу, пашырыць свой уплыў. Гэта можна было зрабіць саюзам з Полацкам, узяўшы ў жонкі Рагнеду, дачку-прыгажуню Рагвалода. Абодва браты і пасваталіся да яе. Палачанка выбрала кіеўскага Яраполка. Уладзімір, пакрыўджаны адмовай, сабраў войска, напаў на Полацк, забіў Рагвалода і двух яго сыноў і сілаю завалодаў Рагнедай.

Так Рагнеда, якую цяпер назвалі Гарыславай, аказалася не па сваёй волі ў Ноўгарадзе, а затым і Кіеве, які праз некаторы час узяў Уладзімір. Яна нараджала яму сыноў і дачок, але не магла дараваць забойства бацькі Рагвалода і братоў. Аднойчы цярпенне скончылася, яна ўзяла ў рукі нож і падступіла з ім да ложка, на якім спаў Уладзімір. Аднак той прачнуўся і, разгневаны, загадаў рыхтавацца князёўне да смерці. Рагнеда паклікала свайго старэйшага сына Ізяслава, якому было гадоў восем, дала яму меч. І калі Уладзімір з’явіўся, каб забіць Рагнеду, хлопчык сказаў:

— Бацька, ты не адзін тут!

Уладзімір, разгубіўшыся ад такога нечаканага смелага заступніцтва, не крануў Рагнеду, а саслаў з сынам на айчыну, пабудаваў для яе горад Ізяслаў (цяперашняе Заслаўе. — Аўт.). Там яна пастрыглася ў манахіні з імем Анастасія. Сын жа Ізяслаў стаў княжыць у Полацку.

Аб яркім жыцці Рагнеды расказваюць старажытныя летапісы. Яе легендарны вобраз увасобіўся ў творах дзекабрыста Рылеева, рускага кампазітара Аляксандра Сярова, украінскага кабзара Тараса Шаўчэнкі, латыша Яніса Ніедрэ, беларускіх класікаў Янкі Купалы, Максіма Танка, драматургаў Аляксея Дударава, Алеся Петрашкевіча і многіх іншых.

У прадмове калектыўнага зборніка «Бацькаўшчына» аб Рагнедзе ёсць такія словы: «Легендарная полацкая князёўна — знакавая постаць у гераічным і пакутлівым шэсці продкаў. Тысячу гадоў таму на схіле жыцця яна, у манастве Анастасія, памкнулася ў «нявесты Хрыстовы». Праз сына Ізяслава паклікала суайчыннікаў трымаці незалежную дзяржаўнасць. А таксама паказала сваім прыкладам шлях да моцы духоўнай — узвышацца сэрцам, розумам, душою. І заслужыла нябеснае благаславенне. Бо знак Хрыстовага прыняцця яе душы — народная памяць, людская любоў».

Аб жыцці Рагнеды ёсць нямала народных легенд. Адна з іх заслугоўвае асаблівай увагі, бо перадаецца з пакалення ў пакаленне яе землякамі. Дык вось, згодна паданню, каб не трапіць у рукі ноўгарадскага князя Уладзіміра, Рагнеда нейкі час хавалася на востраве Пліса. (Зараз — Глыбоцкі раён.) Той востраў ёсць і цяпер. І называюць яго востравам Рагнеды.

Каб праверыць існасць гэтай легенды, мы звярнуліся да старажытных летапісаў, а таксама работ мясцовых краязнаўцаў. І тут нас чакала сапраўдная сенсацыя.

Яна тут была!

— У Плісе Рагнеда была адназначна. І не адзін, а сама меней — тры разы! — лічыць краязнаўца, дырэктар Празароцкай сярэдняй школы Вольга Гінько. Вядома, каб рабіць такое смелае сцвярджэнне, патрэбны падставы. Яны ў Вольгі Дзмітрыеўны ёсць. Паслухаем яе расказ:

— Рагнеда, Гарыслава, Анастасія. Тры імені ў аднаго чалавека. Тры жыцці, як пішуць гісторыкі, даследчыкі, літаратары пражыла яна. Першае — юнацтва, калі пускала з прасталюдзінамі у купальскую ноч па возеры свае вяночкі і марыла пра каханага, бо ў чатырнаццаць год саспела як нявеста. Другое — замужжа за князем Уладзімірам, нараджэнне дзяцей. Трэцяе — манахіня. І ў кожны з гэтых перыядаў яна магла трапіць у Плісу.

Наведванне Рагнедай гэтых мясцін у юнацтве напрошваецца само. Прыгожая прырода, рэкі, азёры, векавечныя бары, і зусім непадалёк ад Полацка, якія тры- чатыры дзесяткі кіламетраў. Іх можна было з лёгкасцю адолець на кані або па рэках — Дзвіне, Дзісне, Ауце. Што гэта рэальна, я пераканалася пасля сустрэчы з прафесарам Спірыдонавым, доктарам гістарычных навук, які даследаваў землі Полацкага княства, склаў карты таго часу. Археалагічнымі раскопкамі даказана, што тут, пачынаючы з VI стагоддзя, жылі людзі ля тутэйшых рэк і азёр, па так званай Залатой злучыне. І людзі далёка не бедныя. Міёрскі краязнаўца Вітольд Ермалёнак, які разам з работнікамі Акадэміі навук прымаў удзел у раскопках грунтовага магільніка, паведаў, што знайшлі ў захаваннях пацеркі, бранзалеткі, сярэбраныя кольцы і нават арабскі дэрхем. Як нямая сведка таго, што тут бывалі бацькі Рагнеды і яна сама, ляжыць і цяпер ля Дзісны камень — «пісанік» полацкіх князёў.

Другі раз Рагнеда наведала Плісу незадоўга да трагічных падзей, калі ноўгарадскі князь Уладзімір наважыўся сілай забраць князёўну-палачанку ў жонкі і сабраў для гэтага войска. Мы ведаем з летапісаў, што бацька Рагнеды, князь Рагвалод, не стаў чакаць нападзення ворага за сценамі горада, а выступіў насустрач. Размясціў сваю раць у пастаянным ваенным лагеры, дзе сёння вёска Чарневічы (Глыбоцкі раён). Дзякуючы рэльефу і манументальным збудаванням тут можна было не толькі добра абараняцца, але і наступаць. Вядома, Рагвалод ніяк не мог пакінуць Рагнеду без надзейнай аховы ў Полацку і ўзяў з сабою ў ваенны лагер. І тут ёсць два варыянты: ці яшчэ да бітвы з ворагам, ці калі пабачыў, што церпіць паражэнне, загадаў схаваць дачку на востраве возера Пліса. Але, відаць, знайшоўся здраднік, які выдаў Уладзіміру месца знаходжання Рагнеды. Ускосным пацверджаннем праўдзівасці гэтых падзей служыць наступны факт, пра які паведаў мясцовы краязнавец Віктар Міхайлавіч Норка. Пры закладцы настаўніцкага дома ў Чарневічах на паўтарамятровай глыбіні будаўнікі наткнуліся на такі масіўны фундамент, што не маглі нічога зрабіць і вымушаны былі адступіць. Старажытны фундамент датуюць якраз канцом X стагоддзя.

Трэцяя сустрэча з Плісай у Рагнеды адбылася, калі яна паломніцай наведвала Полацк, дзе княжыў яе сын Ізяслаў і падрасталі ўнукі. Яе шлях з Заслаўя ў Полацк і назад пралягаў праз Плісу. Аб гэтым, дарэчы, піша адзін з самых грунтоўных даследчыкаў біяграфіі жыцця Рагнеды Кастусь Тарасаў: «Маці Анастасія (яна ж Рагнеда. — Аўт.) ляцела знаёмай сцежкай уздоўж узлескаў, ад броду да броду, ад вёскі да вёскі, дзе зноў давалі ёй прытулак знаёмыя людзі… Вось перавезлі яе цераз Беразіну, вось за спіной Цна, Гайна, Усяжа і Пліса…»

І ці не Рагнеда гэта ў сваё апошняе наведванне дарагіх мясцін пакінула пасля сябе ў Плісе знак — вялікі каменны крыж.

Крыж Рагнеды?!

Крыж гэты высокі, пад два метры, высечаны з мясцовага валуна шэрага колеру, усталёваны сёння ў Плісе насупраць царквы Святой Параскевы. Апрацоўка даволі грубаватая, з бугаркамі. У цэнтры выбіты маленькі крыжык.

Дакладна ніхто не можа сказаць, калі з’явіўся гэты крыж. Наколькі памятаюць старажылы, стаяў ён пры дарозе, на так званым Альгердавым шляху, з Полацка на Вільню. Афіцыйна аднеслі яго да эпохі Сярэднявечча, XV—XVI cтагоддзі. Аднак віцебскі краязнаўца Мікалай Намеснікаў, які глыбока вывучыў усе каменныя крыжы на Віцебшчыне і аддаў гэтаму занятку не адзін год, іншай думкі:

— Крыж у Плісе куды больш даўні, зроблены няйначай у час зараджэння хрысціянства на нашых землях, у X—XI стагоддзях. Я прыходжу да такога меркавання таму, што ён у параўнанні з крыжамі сярэднявечча куды больш грубы і значна адрозніваецца ад усіх іншых каменных крыжоў. Пры вызначэнні даты даследчыкаў збівае з панталыку крыжык, выбіты ў цэнтры. Але такія крыжыкі, як я ведаю, наносілі значна пазней на старых культавых помніках, каб асвяціць іх. Напрыклад, такі ж крыжык выбіты на Сцёп-каменю, што знаходзіцца за вёскай Краснікі Докшыцкага раёна і дайшоў да нас з часоў язычніцтва. Таму цалкам верагодна, што крыж у Плісе паставіла Рагнеда, каб ён бярог спакой і шчасце тутэйшых людзей, з’яўляўся заступнікам ад ворагаў і эпідэмій — як знак пра дарагі ёй гэты край.

З версіяй Мікалая Намеснікава поўнасцю згодзен і мясцовы краязнаўца, былы старшыня Пліскага сельскага Савета Антон Мацкевіч: «Крыж вельмі старажытны, век так X—XI».

Антон Усцінавіч паведаў пра даволі драматычны лёс самога крыжа.

— Да 1956 года крыж стаяў ля дарогі. Потым, як пачалі ўзводзіць ферму, яго з іншымі валунамі прывалаклі, каб закласці пад фундамент. Гэта было надта сімвалічна, бо ў той час бальшавікі яра змагаліся з рэлігіяй і нават царкву ў Плісе закрылі. Толькі будаўнікі, большасцю мясцовыя і веруючыя жыхары, палічылі, што гэта — надта вялікі грэх: класці крыж пад фундамент фермы, фактычна ў гной. Механізатар Мечыслаў Турчыновіч, хвала яму, ноччу, тайком, адцягнуў крыж за рэчку. Але, як на тую бяду, неўзабаве там адкрылі кар’ер па здабычы гравію. Крыж зваліўся ў яму і доўга ляжаў там. І невядома колькі б. Аднак жанчыне з Арла, Ірыне, якая родам з гэтых мясцін, дачцы бацюшкі Данііла Пазняка, прысніўся тройчы адзін і той жа сон: крыж маліў, каб яго вызвалілі, дасталі з ямы. Жанчына неадкладна прыехала ў Плісу, заручылася падтрымкай дырэктара мясцовай будаўнічай арганізацыі Віктара Шышко і адвезла крыж да мясцовых могілак. Да крыжа зачасцілі людзі з кветкамі, бо адчулі нейкую небывалую энергію, святасць, якая зыходзіць ад яго. Само сабой напрошвалася, каб крыж быў у вёсцы. І на 500-годдзе Плісы, якое мы адзначылі ў 2007-м годзе, я выканаў гэтае пажаданне жыхароў. Крыж устанавілі насупраць царквы Святой Параскевы. Яго асвяціў полацкі ўладыка Феадосій.

Як не дзіўна, але трагічны лёс крыжа раздзялілі жыхары Плісы. За той час, пакуль ён ляжаў у яме, былы райцэнтр ператварыўся ў звычайную вёску: не стала мэблевага і сепаратарнага цэхаў, пякарні, сельпо, дзіцячага сада, інтэрната. Засталіся толькі школа і будаўнічая арганізацыя.

Пры ўстаноўцы крыжа ў самой Плісе здарыўся цуд. Землеўпарадчык сельскага Савета Сяргей Мішусцін моцна параніў палец на руцэ.

— Мяне ўразіла тое, — прыгадвае ён, — што я не пачуў аніякага болю, хаця скура была пашкоджана і сачылася кроў. Ну, думаю, за суткі распухне і давядзецца ісці да ўрача. Якое ж было маё здзіўленне, калі назаўтра мой палец быў цалёханькі, здаровенькі, і нават пазногаць не пачарнеў.

Але сапраўдны цуд адбываецца з самой Плісай. Тут даволі нечакана пачалося будаўніцтва буйнейшага ў рэспубліцы турыстычна-аздараўленчага цэнтра — з катэджамі, пяцізоркавым атэлем, басейнам, замчышчам. Гаспадары будоўлі, а гэта сур’ёзная мінская фірма, аўтарытэтна сцвярджаюць, што такой прыроды, такой чыстай вады, такіх бароў, такой аўры няма не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім былым Саюзе. А гэта значыць, што адродзіцца і сама Пліса. Сюды неўзабаве пададуць прыродны газ. Прымеркавана пабудаваць аэрадром, каб прымаць гасцей з усяго свету. Для абслугоўвання цэнтра спатрэбяцца сотні людзей. Для іх будзе ўзведзена жыллё. А гэта значыць, вернуцца ў Плісу тыя, хто падаўся на заробкі ў іншыя краіны. Вернецца моладзь!..

Ёсць тры вечныя з’явы: гісторыя, культура, прырода. У ваколіцах Плісы яны знітаваліся ў адно. Тут, непадалёк, у вёсцы Празарокі, Ігнат Буйніцкі стварыў першы нацыянальны беларускі тэатр, спектаклі якога горача віталі ў Пецярбургу і Варшаве. Тут нарадзіўся і тварыў беларускі мастак Язэп Драздовіч, дзякуючы карцінам якога людзі нашай планеты ўпершыню змаглі «пабываць» на Марсе. Глыбоччына — радзіма Паўла Сухога, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, сусветна вядомага авіяканструктара. Тут — райскі куточак, улюбёная святая зямля Рагнеды…

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter