Не адзін, а з сябрамі

Дзмітрый Хварастоўскі збіраецца пафестываліць у Мінску
Дзмітрый Хварастоўскі збіраецца пафестываліць у Мінску.

Міжнародны фестываль “Хварастоўскі і сябры”, папулярны сярод прыхільнікаў класічнага мастацтва Масквы і Санкт-Пецярбурга, у нашай краіне пройдзе ўпершыню. За сваю дзесяцігадовую гісторыю ён паспеў набыць славу аднаго з самых паспяховых і прэстыжных музычных праектаў свету. Разам з Хварастоўскім на фестывальных пляцоўках выступалі амерыканка Рэнэ Флемінг, карэянка Сумі Чо, Ёнас Каўфман з Германіі і іншыя оперныя зоркі. У Беларусь Хварастоўскі плануе завітаць гэтай вясной з не менш яркімі выканаўцамі інструментальнай музыкі, артыстамі оперы і балета. Менавіта гэтыя жанры аб’ядноўвае фестываль.


Плануецца, што адкрые праграму музычнага форуму 3 сакавіка “Фартэпіянны вечар Шапэна” ў выкананні выдатнага кітайскага піяніста Юндзі. 5 сакавіка на адной сцэне з Хварастоўскім выступяць вядучыя галасы Метрапалітэн-Опера ў Нью-Ёрку, уладальніцы цудоўнага сапрана, знакамітыя сёстры Коста-Джэксан. А завершыцца фестываль 7 сакавіка спектаклем “Радэн” Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter