Паспяваць усюды, калі рабіць, то рабіць добра — такое крэда івацэвіцкага старшыні Івана Валанцэвіча

Не адступай, не бойся i… плацi

Прыгарадны івацэвіцкі СВК “Падстарынь” дзесяцігоддзе таму патанаў у даўгах. Каб уратаваць ад непазбежнага банкруцтва, раённыя ўлады мелі намер далучыць яго да суседняй, эканамічна больш моцнай гаспадаркі. У такі крытычны момант узначаліў калектыў трыццацідвухгадовы Іван ВАЛАНЦЭВІЧ, які пасля паспяховага заканчэння Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа атрымаў вышэйшую інжынерную адукацыю ў Беларускім аграрна-тэхнічным універ- сітэце і размеркаваўся ў Івацэвіцкую райсельгастэхніку. Працаваў спецыялістам і завочна вучыўся, абараніў дыплом эканаміста ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Закончыў і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Набытыя тэарэтычныя веды малады старшыня заўзята стаў увасабляць у практычную дзейнасць і даволі хутка вывеў СВК “Падстарынь” з эканамічнага заняпаду. Ужо дзясяты год ён упэўнена кіруе калектывам.



Сялянскаму сыну Івану Валанцэвічу з дзяцінства запаў у сэрца падворак бабулі Васілісы і дзеда Паўла, дзе ў шматдзетнай сям’і Юркевічаў вырасла маці — Настасся Паўлаўна — і яе пяць братоў і чатыры сястры. Цеснавата было ў невялікай старэнькай хатцы. Старэйшыя сыны Свірыд і Адам, сястра Ліда з юнацкіх гадоў пайшлі працаваць і дапамаглі бацькам збудаваць новы прасторны мур. Як птушкі з гнязда разляцеліся па свеце сыны і дочкі Юркевічаў. Але штолета, амаль да вераснёўскага школьнага званка гучалі ў двары звонкія галасы васемнаццаці ўнукаў.

Па старой звычцы клапатлівая Васіліса Кандратаўна гатавала ў печы вялікія чугуны страў для сямейнага дзіцячага садзіка. Старэйшых хлочыкаў дзядуля Павел Спірідонавіч браў з сабою на луг, дзе пасвіўся яго рахманы конік. Запрагаў яго, і шчаслівыя хлапчукі па чарзе кіравалі лейцамі па дарозе да калгаснага статка цялят, якіх яны дапамагалі пасвіць. А меншыя заставаліся на падворку пад пільным вокам бабулі.

На лаўцы ў кухні стаяла вя- дзерца вады, а побач з ім — пласкатая, поўная цукру міска і боханы духмянага хлеба. Гуляючы, дзеці ласаваліся лустачкай хлеба, змочанай у вадзе і пасыпанай цукрам.

— На апетыт не скардзіліся, — узгадвае Іван Валанцэвіч. — Бабуля толькі паспявала выстаўляць боханы. За шчасце было, калі выпадала атрымаць крамяны акраец.

Аднойчы бацькі мяне адправілі ў піянерскі лагер, куды я не хацеў ехаць. У першы дзень учыніў бойку. Выклікалі бацькоў, якія ведалі мой нораў і вымушаны былі адвезці ў сямейны лагер, дзе мяне чакалі стрыечныя браты і сёстры. Дарма час у бабулі і дзядулі не марнавалі. Дапамагалі па гаспадарцы, вучыліся касу, рыдлёўку, сякеру ў руках трымаць, каня запрагаць. На нас не павышалі голас і не песцілі. 

Пад векавымі дубамі на пагосце спачываюць нашы продкі. Разам з маці наведвалі гэтыя дарагія сэрцу мясціны. Мінулаю зімою цяжкая хвароба вырвала з жыцця маці, якая была для мяне з братам Андрэем строгім настаўнікам і мудрым дарадцам. У самыя адказныя моманты жыцця раіўся з ёю. 

— І калі збіраўся жаніцца?

— Ні мяне, ні брата яна не сватала. А ў складанай сітуацыі падказвала, як паступаць. Калі прапанавалі ўзначаліць калгас, благаславіла і наказала людзей не крыўдзіць і сваю сям’ю шанаваць. Настассяй Паўлаўнай называлі маці ў івацэвіцкім калгасе “Перамога”, якім дзесяць гадоў кіраваў бацька — Васіль Іванавіч. Ён так захапляўся калгаснымі справамі, што маці даводзілася зімою, у сцюжу,  дровы калоць, каб напаліць грубкі. Знаходзіла час і ўстрайвала нам экскурсіі ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Мінск, на Каўказ. Жыла дзеля нас. Стала найлепшай сяброўкай маёй жонкі Людмілы, дапамагала выхоўваць траіх нашых дачушак. Старэйшая, Віялета, выдатніца юрыдычнага факультэта БДУ. Сярэдняя Уладзіслава — школьніца, а Дзіянцы  толькі чатыры гады. Як выдаецца вольны час, сям’ёю наведваем у вёсцы Вулька Аброўская жонкіных бацькоў, якія выхавалі пяцярых дачок. Ні разу цешча Тамара Мікалаеўна не была поўнасцю ў дэкрэце. Заўзята даіла калгасных кароў, даглядала цялят, а цесць Іван Мікалаевіч трактарыстам працаваў. За цудоўную жонку ўдзячны ім.

— А яны вам?

— Бачаць, што іх Людміла шчаслівая ў сямейным жыцці, і рады гэтаму. У мяне надзейны тыл, таму і працаваць лягчэй. Калі світае і  ў доме яшчэ ўсе спяць, выязджаю на палі, заязджаю на абедзьве жывёлагадоўчыя фермы, каб да ранішняй нарады на свае вочы ўсё агледзець. Так лягчэй і кіраваць. 

— Ад бацькі перанялі гэты стыль старшынёўства?

— Ад яго з малых гадоў захапіўся тэхнікай. Ён закончыў Пружанскі саўгас-тэхнікум і працаваў спачатку ў Івацэвіцкай райсельгастэхніцы, дзе я часта бываў. Па паху навучыўся адрозніваць бензін ад дызельнага паліва. З сёмага класа пачаў рыхтавацца да паступлення ў той самы Пружанскі саўгас-тэхнікум, які закончыў бацька. Рашаў больш складаныя задачы па матэматыцы, геаметрыі, што паспрыяла пры здачы ўступных іспытаў. У час вытворчай практыкі працаваў памочнікам камбайнера ў калгасе “Перамога”, якім ужо кіраваў бацька. Юнаком зарабляў на расійскіх будоўлях і з дапамогай бацькоў збудаваў дом, у якім зараз жывём.

— Як паспявалі ўсё рабіць: у заробкі выязджаць, сям’ю трымаць і вучобай займацца?

— Прывык планаваць усё загадзя і не адступаць, пакуль не здзейсню задуманае. Пасля заканчэння факультэта механізацыі сельскай гасадаркі БДАТУ размеркаваўся ў Івацэвіцкае райагразабеспячэнне і адчуў, што патрэбны больш трывалыя эканамічныя веды. Паступіў на завочнае аддзяленне экфака Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівер- сітэта, а потым закончыў і Акадэмію пры Прэзідэнце, і мне прапанавалі ўзначаліць СВК “Падстарынь”. 

Прыехаў у гаспадарку і жахнуўся. Механізатары п‘яныя, тэхніка незапраўленая. На фермах схуднелая і галодная жывёла. На банкаўскім рахунку пуста. Запазычанасць перад мясакамбінатам і малочным заводам перавышала чатыры з паловай мільярда рублёў. Каб разлічвацца за электраэнергію, малако прадавалі праз суседнюю гаспадарку.

— Не спужала ўсё гэта вас?

— Загарэўся жаданнем навесці парадак. Мой намер падтрымалі маці і жонка. Першы месяц начамі не спаў. Жывёлу карміць не было чым. Збіралі на сенавале церуху. А як усё выбралі, сталі па суседніх гаспадарках скупляць у доўг любы фураж, каб толькі неяк дацягнуць да вясны. Падсцілалі салому цялушкам на ферме “Руда” і не паспявалі яе завозіць, як галодная жывёла з’ядала ўсё. Апошняя палова сцірты жытнёвай саломы пайшла на корм. На двух фермах утрымлівалася 726 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 320 — дойных кароў. З тых часоў для сябе цвёрда адзначыў: кармы — гэта святое. Цяпер наш сенавал забіты высокаякасным сенам.

Вытрымалі тую вясну, а летам узяліся за нарыхтоўку кармоў. На жывёлагадоўчай ферме “Руда” ўладкавалі даільную залу. За кароткі тэрмін давялі продаж малака класам “экстра"  да 75 працэнтаў. На банкаўскім рахунку гаспадаркі з’явіліся сродкі, і мы сталі вяртаць даўгі, якіх ад нас чакалі гадамі. 

За некалькі гадоў колькасць жывёлы падвоілася, і гадавы надой ад каровы сёлета ўпершыню перасягне пяцітысячны рубеж. Штомесячная выручка ад продажу малака перавышае мільярд рублёў, палова якой ідзе на выплату заробкаў. Пераважную частку прыбытку атрымліваем ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі.

— А ў раслінаводстве з чаго пачалі?

— З набыцця якаснага насення. Ураджайнасць азімых у першы год вырасла ў некалькі разоў. Сёлета намалацілі на нашых не вельмі багатых па ўрадлівасці землях па 40 цэнтнераў збажыны на круг. Хлебная ніва займала 800 гектараў. Тры камбайны гомельскай вытворчасці без затрымак справіліся з уборкай зерневых. Вырошчваем цукровыя буракі, кукурузу на насенне.

Агранамічную службу ўзначаліў Вячаслаў Юрчык з расфарміраванага суседняга калгаса імя Чарткова. Адразу здзівіўся, што ў кожным пуцявым лісце механізатараў указваецца колькасць выдадзенага паліва для выканання запланаванай работы. Загадзя разлічваем расход.

— Не баіцеся пераціснуць гайкі? 

— На першым сходзе я заявіў, што прыйшоў у гаспадарку надоўга, і ўзяўся за працоўную дысцыпліну. Мой прынцып: “Калі рабіць, то толькі добра”. Даводзілася і развітвацца з некаторымі. Паступова ў калектыве з’яўляўся настрой працаваць, вера ў перспектыву. Гаспадарка замыкала абласную зводку па выручцы на працаўніка, праз некалькі гадоў трапілі ў першую сотню лепшых гаспадарак. Растуць эканамічныя паказчыкі, павышаецца валавая вытворчасць прадукцыі. Рэнтабельнасць малака з адмоўнай узнялася да 20 працэнтаў. 

— Павышэнне прадукцыйнасці жывёлы залежыць ад многіх фактараў, але найперш — ад збалансаванасці рацыё- наў. Хто адказвае за гэту справу?

— Былы галоўны заатэхнік пасля майго прыходу ў гаспадарку на працу не выйшаў. Скарацілі гэту пасаду. Памянялі загадчыкаў ферм, і цяпер яны разам з галоўным ветурачом Максімам Млынцом займаюцца рацыёнамі кармлення. Жывёлаводы працуюць пазменна праз дзень. Распрацавалі сістэму прэміяльных для іх. Па сем з паловай мільёнаў зарабляюць штомесячна аператары даення кароў на малочна-таварнай ферме “Руда”, дзе загадчыкам  Галіна Шышук. Раней была начальнікам паштовага аддзялення. Хутка асвоіла працу на ферме. Пабывала на выставе “Зялёны тыдзень” у Германіі, знаёмілася з арганізацыяй працы на нямецкіх і польскіх фермерскіх гаспадарках, дзе адзін ветурач спраўляецца з абслугоўваннем 10 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Яго выклікаюць пры неабходнасці, і па графіку праводзіць ён прафілактычныя работы. У нашага галоўнага ветурача нагрузка значна меншая, і няма неабходнасці трымаць яшчэ і заатэхніка. Агранамічная служба забяспечвае патрэбы ферм у кармах. Для распрацоўкі рацыёнаў кармлення ёсць шмат літаратуры. Важна, каб было з чаго складаць. Людзей на фермы падбіраем. Плануем пабудаваць сучасную даільную залу і на малочна-таварнай ферме “Падстарынне”.

— А колькі вытворчых брыгад у гасадарцы?

— Зямлі ў нас — ўсяго дзве з паловай тысячы гектараў. Вытворчым участкам па апрацоўцы яе кіруе галоўны інжынер Сяргей Шэмярэй, які пасля Жыровіцкага агратэхнічнага каледжа прыехаў на працу ў гаспадарку і застаўся ў нас. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДАТУ. Маладыя спецыялісты працуюць на розных участках гаспадаркі. Атрад механізатараў папаўняюць выпускнікі Падстарынскай сярэдняй школы. Дзяніс Барысік пачынаў на мехдвары слесарам. Старэйшыя механізатары дапамаглі яму асвоіць сельгасмашыны. Сам сеў за руль трактара. На жніве выйшаў у перадавікі. Механізатарам стаў Руслан Савасцееў, які сумленна адносіцца да працы, як і іншыя трактарысты, добра зарабляе на палявых работах. Сярэднямесячны заробак у механізацыі — амаль 8 мільёнаў рублёў, а на жніве зарабілі па 20 мільёнаў. Маладым давяраем энерганасычаную тэхніку. Машынна-трактарны парк напоўніўся магутнымі, айчыннай вытворчасці трактарамі, сучаснымі сеялкамі, пагрузчыкам “Амкадор”, зернеўборачнай тэхнікай. Хутка і якасна справіліся сёлета са жнівом. Рыхтуем глебу да сяўбы азімых, якія зоймуць амаль паўтысячы гектараў. 

— Якія ў вас метады стымулявання працы?

— На кожны від работ распрацавалі  ўмовы спаборніцтва і прэміяльныя за якасць і тэмп. Летась увялі яшчэ і накапляльную прэмію для механізатараў. На кожны зароблены рубель па пуцявому лісту дадаецца 10 капеек, што стымулюе не зацягваць рамонт тэхнікі. Прэміяльныя на працягу года збіраюцца, і, калі няма парушэнняў працоўнай дысцыпліны, набягае больш як чатыры мільёны рублёў. За першы год чатыры механізатары дайшлі да фінішу без парушэнняў і атрымалі прэміі. Сёлета такіх будзе больш. А парушальнікаў працоўнай дысцыпліны разбіраем перад калектывам, і яны самі выказваюцца, як з імі паступіць.

У былыя гады не паспявалі спраўляцца з комплексам палявых работ, пагэтаму даводзілася карыстацца паслугамі раённых служб ці суседніх гаспадарак. Механізатары адчулі, што гэта зніжае іх заробкі. Паднатужыліся, і цяпер нават іншым дапамагалі на жніве. 

— Якая пара года ваша любімая?

— Вясною ўсё навокал абуджаецца і красуе, а восень буяе пярэстымі фарбамі. Прырода рыхтуецца да спакою і адпачынку. На палях непаўторны водар спелых хлябоў, духмянай саломы. Дыхаеш — не надыхаешся.

Уладзiмiр СУБАТ

Івацэвіцкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter