Не адкладаючы на заўтра

Штогод праходзіць рэспубліканскі суботнік, і гэта добрая традыцыя. А вось прыбрацца ў дварах, дзе мы жывём, ахвотных мала. Я з тых дзівакоў, якія не цураюцца гэтай справы.

Штогод праходзіць рэспубліканскі суботнік, і гэта добрая традыцыя. А вось прыбрацца ў дварах, дзе мы жывём, ахвотных мала. Я з тых дзівакоў, якія не цураюцца гэтай справы.

Мінулую суботу я вырашыў зрабіць працоўнай. Падышоў да нашага работніка па комплекснай уборцы тэрыторыі — так цяпер называюць дворнікаў. Раіса Сяргееўна ўзрадавалася дадатковай рабочай сіле і адразу вызначыла фронт работ — тэрыторыю за нашым домам.

“Сухую траву трэба зграбаць, каб свежая лепш расла. Недакуркі змятаем у кучу. Пластыкавыя бутэлькі і шкляныя, што не прымаюць, складваем у асобны пакет і нясём у спецыяльны кантэйнер”, — указанні Раісы Сяргееўны здаюцца простымі, і я прыступаю да сваіх абавязкаў. Сабраў ПЭТ-бутэлькі і некандыцыйную шклатару. Пасля ўзяўся за траву. Суседзі, што шыбавалі па сваіх справах, спыняліся і хвалілі мяне за грамадзянскую свядомасць, але самі не спяшаліся далучацца. Паўдзельнічыць у тым, што не дае выгады, сёння, на жаль, згодны не кожны.

“Усе хочуць жыць у прыгажосці, чысціні, але дзеля гэтага і пальцам не варухнуць. Ды што там, хоць бы не кідалі на зямлю ўсё што заўгодна”, — згадзілася са мной і мая “начальніца”.

Вы любіце хатніх гадаванцаў? Я таксама. А вось іх несвядомых гаспадароў гатовы парваць як той Тузік грэлку. Сышоў снег і агаліў усё, што пакінулі чатырохногія сябры чалавека. І нават падчас нашай работы суседзі, зусім не саромеючыся, выгульвалі сваіх любімчыкаў без шуфлікаў і пакецікаў, хаця ў адпаведнасці з Правіламі ўтрымання жывёл гэта трэба абавязкова рабіць. Дарэчы, правіламі прадугледжаны і штраф за невыкананне такіх патрабаванняў, але ён не палохае гаспадароў жывёл. Норма закона прымяняецца вельмі рэдка, яно і зразумела, каля кожнага Шарыка міліцыянера не паставіш. А мы цярпім такія нахабныя паводзіны сабачнікаў і ніяк на іх не рэагуем.

Але можна сказаць, што ўсё больш людзей пачынаюць дбаць пра акаляючае асяроддзе. Ужо нямала тых, хто не лянуецца падняць пластыкавую бутэльку і аднесці яе ў спецыяльную скрыню. Дарэчы, у нашым доме нейкі актывіст раскідаў па паштовых скрынках інфармацыйныя паведамленні аб тым, што пластык не разбураецца ў зямлі вельмі доўга, і як на карысць нам яго можна перапрацаваць. І, ведаеце, менш стала тых, хто кідае бутэлькі з-пад соку ці піва абы-дзе.

У Чэхіі штраф за раскідванне смецця складае 50 еўра, у Іспаніі — 90, а ў Швецыі, якая так славіцца сваёй чысцінёй, — 170 еўра.

Дык, можа, не будзем чакаць, калі нас пачнуць караць рублём, і ўсвядомім, што трэба паводзіць сябе па-людску не толькі ў сваіх дамах і кватэрах? Глядзіш, і масавыя кампаніі па навядзенні чысціні не спатрэбяцца.

Сяргей ШАЦІЛАЎ,
Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter