«Назву «Бяседа» прапанаваў Якаў Навуменка»

ВЯКАМІ збіралася, выспявала наша песенная спадчына. З далёкага мінулага дайшлі абрадавыя, рэкруцкія, царкоўныя спевы, балады і іншыя ўзоры народнай творчасці. Спадчынная скарбонка працягвае поўніцца творамі сучасных аўтараў, сярод якіх вызначаецца таленавіты кампазітар, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтва, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, уладальнік Срэбранага медаля імя А. Аляксандрава, нязменны мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Леанід ЗАХЛЕЎНЫ. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вучань вядомых музычных дзеячаў Анатоля Багатырова і Яўгена Глебава амаль чвэрць стагоддзя таму стварыў гэты ўнікальны музычны калектыў, які неаднаразова прадстаўляў Беларусь за мяжой, прымаў удзел у міжнародных фестывалях у Карэі, Венесуэле, Швецыі, Партугаліі, Румыніі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Расіі, Украіне, пастаянна выступае з канцэртнымі праграмамі ў гарадах і вёсках Беларусі. Песні ў выкананні «Бяседы» па праву сталі народнымі. Іх спяваюць на застоллях і святочных урачыстасцях, у гарадах і вёсках. За гэтай ашаламляльнай папулярнасцю — карпатлівая штодзённая праца артыстаў, і ў першую чаргу мастацкага кіраўніка, пра якога народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін сказаў, што «Захлеўны — хлапец напеўны».

«Калі хлеб на стале, то і песня будзе», — перакананы народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны

ВЯКАМІ збіралася, выспявала наша песенная спадчына. З далёкага мінулага дайшлі абрадавыя, рэкруцкія, царкоўныя спевы, балады і іншыя ўзоры народнай творчасці. Спадчынная скарбонка працягвае поўніцца творамі сучасных аўтараў, сярод якіх вызначаецца таленавіты кампазітар, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтва, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, уладальнік Срэбранага медаля імя А. Аляксандрава, нязменны мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Леанід ЗАХЛЕЎНЫ. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вучань вядомых музычных дзеячаў Анатоля Багатырова і Яўгена Глебава амаль чвэрць стагоддзя таму стварыў гэты ўнікальны музычны калектыў, які неаднаразова прадстаўляў Беларусь за мяжой, прымаў удзел у міжнародных фестывалях у Карэі, Венесуэле, Швецыі, Партугаліі, Румыніі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Расіі, Украіне, пастаянна выступае з канцэртнымі праграмамі ў гарадах і вёсках Беларусі. Песні ў выкананні «Бяседы» па праву сталі народнымі. Іх спяваюць на застоллях і святочных урачыстасцях, у гарадах і вёсках. За гэтай ашаламляльнай папулярнасцю — карпатлівая штодзённая праца артыстаў, і ў першую чаргу мастацкага кіраўніка, пра якога народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін сказаў, што «Захлеўны — хлапец напеўны».

— Для мяне вельмі дарагія словы класіка беларускай паэзіі, — сціпла адзначае Леанід Канстанцінавіч. — Напеўны я з малых гадоў. Рос у бацькоў маці на літоўскім хутары, што мяжуе з беларускім пасёлкам Сапоцкін. Бацькі хваляваліся, што забуду сваю мову, і часта забіралі мяне дамоў у Гродна. На ціхім хутары большасць часу я вабіў з дзедам-лясніком Іозасам. Хадзілі сцежкамі па лясных гушчарах, з бабуляй Стасяй збіралі грыбы-ягады. Кожны дзень быў насычаны звычайнымі сялянскімі справамі. Харчаваліся вясковай ежай. Бабуля гатавала вельмі смачную зацірку. У склеп ставілі глечыкі малака, з якога збіралі смятану, збівалі масла. Пад дахам вывешвалі на сонцы вяндліну. Калі падрос, сталі давяраць пасвіць карову, даглядаць каня. Дапамагаў дзеду нарыхтоўваць дровы ў лесе. Пілавалі і калолі іх разам. Паміж сабой размаўлялі па-літоўску. І цяпер памятаю гэтую простую хутарскую мову, як і спевы, без якіх нельга ўявіць вясковае жыццё.

— Леанід Канстанцінавіч, але прозвішча ваша не літоўскае?

— Маці з літоўскіх сялян, а карані бацькавага роду ўкраінскія. Толькі некалькі разоў давялося быць на бацькавай радзіме, у растоўскім пасёлку Гукава. Дзед Сямён і бабуля Кацярына трымалі хатнюю жывёлу, агарод засявалі. Зямля іх карміла. У той час усе на вёсцы так жылі. У тым растоўскім пасёлку і цяпер многа бацькавай радні. А прозвішча наша тыповае ўкраінскае. Майго бацьку Канстанціна Захлеўнага накіравалі служыць на пагранічную заставу, што была побач з тым самым літоўскім хутарам, дзе жыла маці. Бацька закахаўся ў шаснаццацігадовую хутаранку. Пажаніліся і нарадзіўся старэйшы брат, а праз год і я з’явіўся.

Бацька ў вольны час браў у рукі баян і любіў іграць мелодыю вядомай украінскай песні «Узяў бы я бандуру». Вельмі хацеў, каб я вывучыўся музычнай грамаце. Мяне аддалі ў музычную школу, дзе я займаўся баянам. Атрымлівалася неблага. Калі да нас прыходзілі госці, мяне садзілі на табурэтку, і я іграў усё, што ўмеў. Госці слухалі, а бацькі цешыліся. Мы жылі ў камунальнай кватэры на вуліцы Ажэшка ў Гродна. Агульная кухня. Раніцай звычайна чарга ля пліты, а вечарамі — шчырыя размовы. Жылі дружна, весела. Засмуціліся нашы суседзі, калі даведаліся, што бацьку пераводзяць у далёкі ўсходні горад Акмолінск. Цяпер гэта сталіца Казахстана — Астана. Калі мы прыехалі туды, вельмі здзівіла, што ўсяго некалькі пяціпавярховых дамоў у цэнтры, а навокал — прыземістыя мазанкі. Поўны кантраст пасля прыгожага брукаванага Гродна.

Вельмі карцела вярнуцца ў Беларусь. Нават збіраў употайкі ад бацькоў грошы на білет. І так сталася, што я закончыў сямігодку і збіраўся паступаць у музычнае вучылішча. У Акмолінску яго не было. Бацькі дазволілі паслаць дакументы ў Гродзенскае музычнае вучылішча. Маці маліла Бога, каб я не паступіў і вярнуўся ў Казахстан. Але білет купілі, і я з баянчыкам у пятнаццаць гадкоў адправіўся праз Маскву ў Гродна. Амаль трое сутак цягнік адстукваў кіламетры да Белакаменнай, дзе мне трэба было з Казанскага вакзала пераехаць на Беларускі. Дабраўся да Гродна. Спыніўся ў мамінай сястры. Паспяхова вытрымаў уступныя экзамены ў музычнае вучылішча. У час вучобы са сваім баянам часта наведваўся на наш літоўскі хутар. Нават бывала, што і вяселлі іграў у навакольных вёсках. Так і захапіла народная творчасць.

— Вучоба ў музычным вучылішчы, вандроўкі па літоўскіх весях. Як вы спалучалі ўсё гэта?

— Яшчэ і музычныя п’есы пісаў. На дзяржаўным экзамене выконваў сваю. Камісію ўзначальвала вядомы беларускі кампазітар Эдзі Маісееўна Тырман. Яна зацікавілася мною і запрасіла ў Мінск, дзе паабяцала пазнаёміць з кампазітарам Анатолем Багатыровым. Прыехаў у сталіцу, знайшоў кансерваторыю, дзе сустрэўся з Эдзі Маісееўнай. Яна сабрала прафесараў Падкавырава, Аладава, Багатырова, і я ім іграў. Безумоўна, што хваляваўся, пакуль абмяркоўвалі маё выкананне. Анатоль Багатыроў паведаміў, што камісія залічыла мяне  на  падрыхтоўчае ад-

дзяленне кансерваторыі, дзе трэба было вучыцца два гады. Але праз год я стаў студэнтам.

— Праляцелі пяць студэнцкіх гадоў, і куды вас размеркавалі на працу?

— Вучоны савет кансерваторыі рэкамендаваў у аспірантуру. Але на размеркаванні кампазітар Алоўнікаў прапанаваў мне ехаць у Мазырскае музычнае вучылішча, якое толькі адкрылі і дзе патрэбны былі кадры. Я не пагадзіўся, і з-за гэтага пазбавіўся рэкамендацыі ў аспірантуру.

— І куды вас размеркавалі?

— І ўсё ж камісія адправіла мяне ў Мазыр. Я і не ўяўляў, што гэта такі прыгожы куток Беларусі. Куды там славутай Швейцарыі да мазырскіх краявідаў! Шырокая плынь Прыпяці плешчацца ля самых дамоў. Год працы хутка праляцеў. Прызвалі ў армію на Далёкі Усход. Яшчэ свежы быў ваенны канфлікт з Кітаем на востраве Даманскім. Пад канец службы нечакана атрымаў запрашэнне ад прафесара Алоўнікава паступаць у аспірантуру. У салдацкай форме здаваў уступныя экзамены ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Займаўся ў вядомага кампазітара Яўгена Глебава. Халасцякаваў у інтэрнаце. Бялізну насіў у пральны камбінат, дзе прыкмеціў прыгажуню. Пазнаёміліся, сустракаліся. Нябёсы адчулі маё сэрца, і стаў я любанскім зяцем.

— А не было жадання знайсці нявесту з музычнага асяродка?

— Гэта не ў маім звычаі. Хаця меў магчымасці акружыць сябе вядомай раднёй. Было шмат розных прапаноў. Але сэрца запылала да шчырай палескай дзяўчыны Таісы. Уся радня яе з тых самых камунараў, якім наш пясняр Янка Купала прысвяціў вядомую паэму «Над ракой Арэсай». Мы часта ездзілі да жонкіных бацькоў у Любанскі раён, дапамагалі ім у вясковых справах. Сена нарыхтоўвалі на арэскіх лугах, калі падыходзіла чарга — кароў пасвілі.

— Вяскоўцы ведалі, што заслужаны артыст Беларусі ў іх за пастуха?

— А якая ім розніца, хто пасе, галоўнае, каб статак вяртаўся сытым. Я сябе ў вёсцы не адчуваю чужым. Дзякуй лёсу, што падарыў мне такую цудоўную жонку. Мая Таіса Аркадзьеўна была лепшай да самай пенсіі на пральным камбінаце. Удзячны ёй за цярпенне і разуменне маёй творчай прафесіі. Не кожная вытрымала бы познія рэпетыцыі, канцэрты, паездкі.

— Кажуць, што сем’і ствараюцца на нябёсах?

— Можа, і так. Мне нябёсы паспрыялі. Наш сын Дзяніс — нашчадак тых самых камунараў. Унукі Іванка і Валодзя будуць працягваць радавод, замешаны на ўкраінскай, літоўскай і беларускай крыві. Унукі — самае дарагое ў маім жыцці. Так за сына не клапаціўся, як за іх. Ні дня без хлапчукоў не ўяўляю. Найвышэйшае шчасце дачакацца ўнукаў, а яшчэ большае — жыць з імі побач.

— Леанід Канстанцінавіч, у дзяцінстве вы ігралі на баяне ўкраінскую песню пра бандуру, на хутары захапляліся літоўскімі спевамі, а сталі народным артыстам Беларусі.

— Я нарадзіўся ў Беларусі і лічу сябе беларусам. І сына мы з жонкай запісалі ў метрыках беларусам. І ўнукі нашы — беларусы. Сваю творчасць я прысвячаю роднай Беларусі.

— Ваш творчы шлях можна падзяліць на два этапы: да стварэння ансамбля «Бяседа» і амаль   чвэрць   стагоддзя з гэтым калектывам...

— Я працаваў на Беларускім радыё і кінастудыі «Беларусьфільм», куды прыязджалі вядомыя савецкія кампазітары, знаёміўся з імі. Напісаў музыку да фільмаў «Дзяржаўная граніца», «Дзядзька Якуб», «Канец бабінага лета», а таксама да мультыплікацыйных фільмаў «Светлячок і расінка», «Мілавіца», «Як Васіль гаспадарыў» і іншых. Нейкі час займаўся толькі творчасцю і будаваў лецішча, а потым вярнуўся ў Белтэлерадыёкампанію, дзе ўзначаліў музычныя калектывы.

— Пасада даволі адказная. Музычныя калектывы   Белтэлерадыёкампаніі     высокапрафесійныя. Сімфанічным аркестрам кіраваў маэстра Барыс Райскі, акадэмічным хорам — прафесар Віктар Роўда. Салістамі былі таленавітыя Анатоль Падгайскі, Юрый Смірноў, Валерый Кучынскі, Валянціна Пархоменка, Леанід Барткевіч, Тамара Раеўская, Аскольд Сухін, Тамара Пячынская, Ганна Радзько, Яраслаў Еўдакімаў, Якаў Навуменка.

— Куды ні зірні, адны зоркі. Я запрасіў з Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Цітовіча заслужаных артыстаў Беларусі Святлану Суседчык, Наталлю Раманскую, артыста Якава Навуменку, і мы арганізавалі музычны калектыў, які назвалі «Бяседа».

— Хто даў такую назву?

— Было шмат розных варыянтаў, але спыніліся на прапанове Якава Навуменкі. «Бяседа» — як сустрэча радні за сталом з пачастункамі, дзе гучаць песні розных жанраў, у тым ліку лірычныя і жартоўныя, прысвечаныя сямейным урачыстасцям, народным звычаям. Вось так і замацавалася гэтая назва. Усе канцэрты — з аншлагам! Салісты выконваюць тыя песні, што спявалі ў нашых вёсках. Толькі крыху аднаўляем мелодыі, нават часам і словы мяняем, але сэнс застаецца ранейшым.

— Як трапна заўважыў прафесар Міхаіл Дрынеўскі, народную песню трэба прычапурыць...

— Я сябрую з Міхаілам Паўлавічам, нашы погляды на народную творчасць супадаюць. Акадэмічны народны хор імя Цітовіча, якім кіруе Міхаіл Паўлавіч, і наш ансамбль «Бяседа» — вядучыя музычныя калектывы Беларусі. У нас агульная плынь — нясем спадчынную культуру і прадстаўляем нацыянальную культуру на міжнародным узроўні. Імкнемся рабіць гэта прыстойна.

— Песні ў выкананні артыстаў «Бяседы» часта гучаць са словамі, якія мяжуюць паміж беларускай, рускай і ўкраінскай мовамі.

— Гэта натуральна. Мы — славянскія народы і нікога не дзелім на сваіх і чужых. Вякамі нашы продкі ладзілі, сябравалі, разам спявалі і нам пакінулі багатую спадчыну. У гэтых спевах душа нашых народаў.

— А калі вы адчулі сябе кампазітарам?

— Яшчэ не адчуў. Калі пачнеш сябе ўзносіць, што ты кампазітар, то ўся творчасць спыніцца.

— Як спявае заслужаная артыстка БССР Тамара Раеўская, лепшая песня яшчэ не спета?

— Ніколі не спыняць сябе на дасягнутым, імкнуцца далей. У сапраўднага творцы вучоба на ўсё жыцё, каб спасцігаць усё новыя і новыя таямніцы майстэрства.

— Вы не толькі заслужаны, але і народны артыст Беларусі.

— Я стаў заслужаным артыстам за цыкл песень лірыка-грамадзянскага гучання, а таксама ваенна-патрыятычнай тэматыкі «Поле памяти», «Героям Бреста», «Носите ордена», «Зорачка мая», «Азёры дабрыні», «Каля Чырвонага касцёла». Усяго іх каля дваццаці. А калі пачаў працаваць разам з музычным калектывам «Бяседа», то за прапаганду беларускай песні атрымаў званне народнага артыста. Многа песень напісаў для салістаў «Бяседы». Зараз у нашым калектыве піша песні малады музыкант Мікалай Алешка. Да гэтага я яго рыхтаваў. Ён сялянскі сын, з вёскі Вясея Слуцкага раёна.

— Артысты «Бяседы» — выхадцы з розных куткоў Беларусі?

— Так. Многія гады плённа працавала ў нашым калектыве заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Крэлікава з гомельскай вёскі Целяшы. Заслужаныя артысты Беларусі Святлана Суседчык, Наталля Раманская, артыст Валянцін Кірыленка з Гомельшчыны, артысты Ігар Міхалькоў і Таццяна Лазоўская з Магілёўшчыны, Пётр Чырта і Юрый Чэркас з Брэстчыны, Ганна Алешка з Віцебшчыны. А цымбалістка Вольга Калаур — мінчанка, але замужам за палешуком.

— Леанід Канстанцінавіч,  як  падбіраеце артыстаў?

— У нас свая стылістыка, сваё накіраванне, свой жанр і гэта — асноўны крытэрый пры падборы артыстаў. Але важна, што на працягу ўсіх гадоў дзейнасці «Бяседы» калектыў не мяняўся.

— Ці часта выязджаеце да вясковага гледача?

— Вёска — наша карміцелька. Калі хлеб на стале, то і песня будзе. На кожную сустрэчу з вясковым гледачом едзем з вялікім задавальненнем. Сяляне шчыра дзякуюць. Рыхтуемся да чарговага канцэрта ў вёсцы. Нас запрашаюць у калгасы, на прадпрыемствы. Штомесячна выступаем і ў сталіцы. Двойчы ў год збіраем аншлаг у Палацы Рэспублікі.

— Які перыяд вашага жыцця быў найбольш плённым?

— Гады творчай дзейнасці з ансамблем «Бяседа». У нашым рэпертуары пераважвае вясковая тэма. Выступаем неяк у клубе, і на сцэну перадаюць запіску з просьбай выканаць народную песню «Зорачка мая». Прыемна, што маю песню прымаюць за народную. Гэта вышэйшая ацэнка творчасці кампазітара. Для мяне вялікая радасць, калі ў людзей загараюцца вочы ад нашых песень. З пяці выпушчаных дыскаў большасць песень народнага кшталту. «Бяседа» іх прычапурыла, аднавіла. Назапашана яшчэ матэрыялу на тры новыя дыскі. Ні на дзень не спыняем творчыя пошукі. Аўтаматычна адчуваю меладызм народнага эпасу. У мяне музычныя творы нараджаюцца абсалютна натуральна, без прымусу карпець над новай песняй. Яны, як птушкі, узлятаюць у думках, я толькі паспяваю занатоўваць.

— Як вы знаходзіце творчыя кантакты з паэтамі, чыя паэзія кладзецца на вашу музыку?

— Нам пастаянна прапануюць варыянты вершаў, і я адбіраю, тое, што найбольш кранае душу. Я вырас на народнай песні і сэрцам адчуваю радкі.

— Як цудоўна загучала ў «Бяседзе» песня на словы Леаніда Дранько-Майсюка «Аксаміткі»...

— Лірычныя вершы Леаніда Дранько-Майсюка спеўныя. Плённа супрацоўнічаю з паэтам Леанідам Пранчаком. Яго песня «Хлеб і соль» упрыгожвае выступленні «Бяседы». Мала напісаць песню. Яе трэба адчуць сэрцам і выканаць так, каб запала ў душу. Вось як добра вядомую ўсім «Чарку на пасашок» кампазітара Аляксандра Балотніка некалі выконвалі малавядомыя калектывы. Мы апрацавалі, адшліфавалі яе — і яна адразу стала папулярнай.

— Вашы пажаданні чытачам «Сельской газеты»?

— Здароўя, шчасця, кахання. І хачу падзякаваць за адданасць беларускай песні, беларускай культуры. Мы гэта адчуваем на канцэртах у вёсках, чытаем ва ўдзячных вачах. Вяскоўцы — самыя любімыя нашы гледачы, і кожная сустрэча з імі натхняе, дае запал далейшай творчасці.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter