Что шепчет педагогический опыт на ушко Татьяне Пановой через 25 лет?

Назбіраныя творчыя хвілінкі

«Хвілінкай» створаны ў свой час эстрадны дзіцячы калектыў Таццяна Панова назвала невыпадкова. Кажа, хацела, каб ад гэтага аб’яднання хвілінкі радасці і шчасця атрымлівалі ўсе — і самі юныя ўдзельнікі, і іх бацькі, і настаўнікі, і гледачы, якія прыходзяць на канцэрты. Педагог абсалютна верыла: яркае творчае дзяцінства абавязкова перарасце ў цікавае юнацтва, а час, праведзены з такімі хвілінкамі радасці, з прыемнасцю прыгадаецца і ў дарослым жыцці. 
Мастацкі кіраўнік творчай майстэрні эстраднага мастацтва «Хвілінка» Таццяна Панова.

Так усё і атрымалася. А творчай майстэрні эстраднага мастацтва «Хвілінка» сёлета — 25. Дакладней, толькі 25, як гавораць у калектыве.

— Таццяна Мікалаеўна, 25 гадоў таму ўсё пачыналася са стварэння вамі, тады выпускніцай музвучылішча і ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзіцячага ансамбля ў школе гарадскога пасёлка Сокал недалёка ад Мінска. Пазней калектыў перабраўся ў Палац культуры МАЗа, стаў вядомым заслужаным аматарскім калектывам краіны, тэатрам эстраднай песні, пасля — творчай майстэрняй эстраднага мастацтва. Якая яна — «Хвілінка» сённяшняя?

— Самае галоўнае — склаўся цікавы калектыў са сваімі традыцыямі, творчай кухняй, адметнай вакальнай школай. Сёння гэта — каманда выдатных педагогаў і іх выхаванцаў, вялікая і дружная творчая сям’я, якая жыве адзінай справай.

Зараз у калектыве займаюцца каля 70 хлопчыкаў і дзяўчынак — у групе «Хвілінка START», пачынаючы з 4 гадоў, і ў канцэртным складзе — шоу-тэатры «Хвілінка», куды прымаем дзяцей з 6—7 да 14 гадоў.

— Прыйсці ў калектыў па-ранейшаму можа любы, хто пажадае?

— Так. У нас займаюцца не па кастынгу набраныя дзеці. Я цярпець не магу гэтае слова — «кастынг». Таму што ў кожнага майго дзіцяці, а ў «Хвілінцы» яны ўсе — мае, дзяцінства павінна заставацца дзяцінствам. Для мяне як заснавальніка і мастацкага кіраўніка гэта стаіць у аснове ўсяго. Лічу, педагагічная місія ў тым, каб раскрываць творчы патэнцыял дзіцяці. 

Усіх жадаючых мы запрашаем у групы «Хвілінка START», там праца будуецца на гуртковай аснове, галоўнае, каб бацькі не ленаваліся вадзіць дзіця на заняткі. А калі выхаванцы падрастаюць, калі мы бачым далейшую іх і бацькоў зацікаўленасць, можна перайсці і ў канцэртны склад «Хвілінкі». 

Так што ўсе гэтыя 25 гадоў наш калектыў сапраўды працуе з самымі звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія ў працэсе заняткаў ператвараюцца ў дзяцей са сцэнічнай культурай, творчым багажом, з магчымасцю разглядаць сябе як будучых абітурыентаў творчых каледжаў і ВНУ. За гэтыя гады дзясяткам нашых выпускнікоў «Хвілінка» дала пуцёўку менавіта ў творчыя прафесіі. І прыемна, што многія з былых выхаванцаў сувязі з намі не губляюць. Адзін з такіх маіх творчых вынікаў, якім ганаруся, — наша дарослая ўдзельніца, маладая спявачка Кацярына Шумская, у калектыве дзяўчына займаецца 18 гадоў.

— У «Хвілінцы» вучаць вакалу, харэаграфіі, асновам акцёрскага майстэрства. Юныя артысты перамагаюць на шматлікіх міжнародных конкурсах. У сябрах калектыву — шэраг вядомых спевакоў, кампазітараў, рэжысёраў, паэтаў. Для выхаванцаў праводзяць майстар-класы, ім дораць новыя песні, іх запрашаюць выступаць на самыя галоўныя сцэны краіны і ў самых адказных канцэртах. У чым сакрэт нязменнага поспеху?

— Важна, каб калектыў як творчая адзінка не здарыўся, а адбыўся. Для гэтага патрэбны пастаянны і зацікаўлены творчы дыялог паміж педагогамі і выхаванцамі. У нашым калектыве ён ёсць. І гэта галоўны складальнік сумеснага поспеху. З дзецьмі нам вельмі лёгка працаваць, рыхтаваць іх да розных мерапрыемстваў, таму што яны самі гэтага хочуць. Дакладна ведаю, канцэртныя выступленні для нашых вучняў — гэта задавальненне і шчасце. Нават нагрузкі не пужаюць, наадварот — яны просяць яшчэ больш, ім падабаецца.

Мы — з «Хвілінкі»!
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Наогул, «Хвілінка» — гэта спосаб жыцця, ад якога не хочацца адмаўляцца. Не пабаюся сказаць, што на рэпетыцыі і старэйшыя, і малодшыя не ідуць, а бягуць, бо тут не толькі вучацца, а і сябруюць, разам мараць, абмяркоўваюць убачанае, прыдумваюць канцэртныя нумары, малююць сцэнічныя касцюмы, адзначаюць дні нараджэння, пераход у наступныя класы. Дзеці вельмі цэняць гэтыя адносіны. Да нас ходзяць, нягледзячы на школьную загружанасць, нават дзесяцікласнікі. Дарэчы, мне ўдалося навучыць старэйшых не проста дапамагаць малодшым, а ставіцца да іх па-дамашняму, цёпла і з клопатам. Таму малыя з «Хвілінкі START» вельмі лёгка ўліваюцца ў канцэртны склад калектыву — яны пад апекай старэйшых. Гэты клопат дапамагае і ў канцэртных паездках, мы аб’ехалі з выступленнямі шмат краін, і бацькі лёгка адпускаюць сваіх дзяцей.

Словам, праз 25 гадоў педагагічны вопыт шэпча часам мне на вушка: не памылілася ў сваіх настаўніцкіх прынцыпах, стварыць яркі творчы калектыў атрымалася.

— Калісьці «Хвілінку» на сцэне беспамылкова пазнавалі па белых заколках-«крабіках» у прычосках дзяўчынак-танцорак. Цяпер, па-мойму, іншая фішка?

— Сапраўды, захацелася з часам чагосьці новага. Зараз у дзяўчынак папулярныя прычоскі-рожкі з доўгіх валасоў. Да іх у нас ёсць вельмі цікавыя самаробныя банцікі. Некалькі розных камплектаў чаргуем у залежнасці ад тэмы канцэртных нумароў. Гэтыя банцікі вельмі выразныя, прыкметныя, і ўжо гады тры па іх нас пазнаюць дакладна.

— Што рыхтуеце да юбілейнага канцэрта 28 лістапада?

— Серыю святочных выступленняў мы пачалі яшчэ вясной канцэртам у Маладзёжным тэатры эстрады. 28 лістапада — фінальны акорд у канцэртнай зале «Мінск». Рыхтуемся паказаць свае самыя знакамітыя нумары, за якія нас палюбілі гледачы, з якімі мы паспяхова прадстаўлялі краіну на міжнародных фестывалях. Акрамя таго, павіншаваць калектыў з днём нараджэння прыйдуць многія нашы творчыя сябры — вядомыя беларускія эстрадныя выканаўцы. Канцэрт вялікі, у двух аддзяленнях. Спадзяюся, падчас яго атрымаецца стварыць тую атмасферу, што ператварае юбілейны выніковы канцэрт не ў экзамен, а ў свята для ўсіх, пасля якога мы, як заўсёды, пачуем ад нашых прыхільнікаў: маўляў, столькі нумароў у праграме, а час праляцеў, быццам адна хвілінка.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter