В Лидском замке открылась новая музейная экспозиция

Назад у XIV стагоддзе

Лідскі замак быў пабудаваны па даручэнні князя Гедыміна яшчэ ў 1323 годзе. Ці трэба казаць, колькі ўсяго перажыў за гады існавання гэты каменны волат. Пацярпеў замак і ад войнаў, і, што там утойваць, ад рук мясцовых жыхароў, якія выкары­стоўвалі старадаўнюю цэглу і валуны ў будаўніцтве ўласных дамоў. Лідскі замак разбуралі аж да 1959 года, пакуль ён не быў аб’яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння.


Ажыў аб’ект толькі ў 2005-м. У многім дзякуючы мясцовай уладзе, работнікам культуры і насельніцтву. Падчас суботнікаў з тэрыторыі замка было вывезена больш за 20 КамАЗаў смецця. Пачаўся доўгі працэс рэкан­струкцыі. Спачатку была адноўлена вежа Гедыміна. Тры гады таму для наведвальнікаў адкрылі вежу Вітаўта разам з размешчанай у ёй выставачнай экспазіцыяй.


На мінулым тыдні новая экспазіцыя адкрылася і ў вежы Гедыміна. «Старонкі гісторыі ад XIV стагоддзя» знаёмяць з жыццём замка на момант яго заснавання. На шасці паверхах вежы размешчаны тэматычныя выставы. На першым знаёмяць з асобай князя Гедыміна, на другім расказваюць пра стварэнне і значэнне Вялікага Княства Літоўскага. Выстава на трэцім паверсе прысвечана замкам на заходніх землях ВКЛ. На чацвёртым пастараліся аднавіць атмасферу жылых пакояў таго часу. Тут можна нават пагуляць у старадаўнія шашкі або шахматы. На верхніх ярусах размясцілася фотавыстава «Планета Беларусь» вядомага выдаўца, блогера, фотамастака Сяргея Плыткевіча. У наведвальнікаў ёсць унікальная магчымасць параўнаць, як выглядала Ліда раней і якім горад стаў цяпер, тым больш з вежы адкрываюцца цудоўныя краявіды.

— Экспазіцыя пастаянная, аднак статычнай яна не будзе. Ёсць планы яе папаўнення. Напрыклад, прадметамі, якія былі знойдзены на тэрыторыі і побач з замкам падчас археалагічных даследаванняў у розныя гады. У гэтым плане супрацоўнічаем з іншымі музеямі, у тым ліку і замежнымі, — расказала БЕЛТА дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Вольга Піліпчук.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter