Могилевские фотографы сделали ностальгический экскурс в XX век: магия черно-белых карточек, как и прежде, имеет свою силу

Назад у мінулае

Век урбанізацыі і вялікіх змен. Паскарэння і страт. Болю і знаходак. Усё гэта — пра XX стагоддзе. Аднак наша гісторыя не толькі асноўныя вехі дзяржаўнага ўзроўню. А і штодзённае жыццё чалавека з яго асабістымі эмоцыямі, радасцямі і расчараваннямі, гадзінамі працы і хвілінамі адпачынку. Дзякуючы цікавасці і неабыякавасці фатографаў некаторыя з такіх імгненняў трапілі ў аб’ектыў. І такім чынам засталіся ў летапісе памяці. Якім было яно, «наша XX стагоддзе»? Сваё бачанне гэтага часу магілёўскія фатографы выказалі ў аднайменнай выставе, якую зладзілі ў выставачным зале музея гісторыі Магілёва. Знакаміты фотамастак Ірына Савосіна пазначыла, што гэта чарговы крок да прэзентацыі серыі ўнікальных зборнікаў «Магілёўскі фотаальбом: 1864—2000» і «Горад, які быў», а таксама праекта Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў «#дом207595».

Экскурс у мінулае быў цікавым для многіх магіляўчан.
Фота Мікалая ХАЦІЯНЦАВА.

— На выставе-настальгіі прадстаўлена каля ста работ дваццаці пяці аўтараў, якія адлюстроўваюць іх творчы перыяд з 1965 па 2000 год. Яны выкананы ў розных формах і жанрах: ад традыцыйнай, кла­січ­най да вобразнай, дэкаратыўнай і асацыятыўнай, ад дакументальнага рэпартажа да малюнкаў на стыку мастацтва і графікі, — паведаміла Ірына Савосіна.

Юрый ГРЫЦКЕВІЧ. Перад дальняй дарогай.

Аляксандр ЛІЦІН. Погляд.

Тэхналогіі за апошнія дзесяцігоддзі ступілі далёка ўперад, і карткі, дзе толькі два асноўныя колеры, самі сталі рарытэтамі. Аднак, як высветлілася, майстрам сваёй справы Аляксандру Ліціну, Георгію Дондзіку, Генадзю Карчэўскаму, Мікалаю Цітову, Сяргею Шунцікаву і іншым гэтага дастаткова, каб перадаць шматлікія адценні жыцця, кахання і смутку, прыгажосці прыроды і тэмпу мегаполіса. Ірына Савосіна ўдакладніла, што выставу арганізавалі ўдзельнікі народных фотаклубаў «Студыя 3 плюс» і «Вясёлка»:

Аляксандр ЛІЦІН. Дарога.

Аляксандр РОЖЫН. Зімовыя гульні.

— Магілёўская творчая фатаграфія, пік росквіту якой прыйшоўся на апошнюю чвэрць XX стагоддзя, грунтавалася і на аснове сусветнага вопыту, і мела мясцовую гісторыю. У свой час вядучую пазіцыю займала дакументальная публіцыстычная форма. Аднак з гадамі выявілася больш глыбокае асэнсаванне свету, якое ўзбагаціла беларускае фотамастацтва цікавымі адкрыццямі.

Георгій ДОНДЗІК. Клопаты.

Ірына САВОСІНА. Алена.

Адзін са старэйшых фотамайстроў Георгій Дондзік не хавае, што фатаграфіі адда­дзена больш як паўстагоддзя:

— Пачынаў здымаць яшчэ ў школе, займаўся ў аматарскіх гуртах. Потым сам вучыў моладзь фотасправе. Працэс друку картак раней быў больш складаным і доўгім. Аўтару трэба было добра падумаць, як дапрацаваць картку ўручную. Сёння ж усё прасцей: узяў у рукі мабільнік з камерай, і здымак гатовы. Аднак пры гэтым нярэдка губляецца і нейкая індывідуальнасць.

Ірына САВОСІНА. Верасень.

Мікалай СКАРАХОД. Натхненне.

Юрый ГРЫЦКЕВІЧ. Сумесны абед.

Магіляўчанка Аляксандра Пронькіна прызналася, што сочыць за ўсімі праектамі магілёўскіх фотамайстроў. І чарговая выстава яе «зачапіла»:

— У чорна-белых здымках ёсць душа. А каляровыя фарбы, на жаль, яе нівеліруюць. Гэтая выстава выклікае настальгічныя ноткі — вяртае ў час дзяцінства, юнацтва. Туды, куды вярнуць можа толькі памяць. І ў гэтым яе каштоўнасць, асаблівасць і непаўторнасць.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter