Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ветэран вайны, ураджэнец Беларусі Раман Сычоў з Кыргызстана марыць пабываць на роднай Гомельшчыне

Назаўсёды ў сэрцы родны кут

У пісьме ў рэдакцыю сакратарка Беларускага аб’яднання ў Бішкеку “Світанак” Яўгенія Цема піша, што напярэдадні Дня Перамогі ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, адзінаму ветэрану ў іхняй суполцы Раману Сычову быў уручаны медаль “Почетный гражданин Кыргызской Республики”. Перадаў ветэрану ўзнагароду старшыня аб’яднання Аляксандр Шут. 

Аляксандр Шут віншуе ветэрана Рамана Сычова 

“Можна доўга пералічаць усе ўзнагароды Рамана Федасеевіча, — піша Яўгенія Цема. — Іх больш за 20. За адвагу, стойкасць і мужнасць, праяўленыя пад час баявых дзеянняў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, ён узнагароджаны медалём “За абарону Савецкага Запаляр’я”, мае медаль Жукава, ордэн Айчыннай вайны 3-й ступені, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1940 годзе Раман Сычоў быў прызваны ў Чырвоную армію, служыў у Манчагорску, што ў Мурманскай вобласці. З пачаткам вайны трапіў пад Мурманск, у 52-ю стралковую дывізію — пазней 10-ю гвардзейскую. “Раман Федасеевіч салдатам прайшоў усю вайну і вынес усе яе нягоды, абараняючы Айчыну”, — адзначае Яўгенія. 

Тэма вайны, лёсы яе ўдзельнікаў, якіх з кожным годам усё менш — важная, цікавая й нашай газеце. Мы звязаліся з Яўгеніяй Цемай, папрасілі падрабязней расказаць пра земляка: і родам адкуль, і як трапіў у Кыргызстан... Ад яе і даведаліся, што нарадзіўся Раман Сычоў у 1921-м у пасёлку Стэп: Добрушскі раён Гомельшчыны. Памятае дзядулю Агея, які меў у вёсцы Вуць млын. Дастаўся ён у спадчыну сыну Фядосу, бацьку нашага героя. Аднак у 1929-м усё — і млын, і коней, і плуг, і калёсы... — давялося аддаць у калгас. Ішла калектывізацыя, і сям’я адчувала моцны ціск, бо лічылася заможнаю. Бацькі, Фядос Агеевіч і Кацярына Фёдараўна, у дзявоцтве Лялікава, разам з дзецьмі у 1934-м пераехалі ў пасёлак Чубурэнка Омскай вобласці Расіі. Усяго ў сям’і Сычовых было дзве дачкі ды сем сыноў. Раман Федасеевіч закончыў там 7 класаў, пасля працаваў камбайнёрам у суседнім сяле Маскаленка, яго адтуль і прызвалі ў армію.

Пасля вайны, у 1946-м, Раман Федасеевіч пераехаў у Кыргызстан: там жылі яго брат Іван і сястра Моця. Працаваў беларус увесь час пасля вайны кранаўшчыком на металабазе. Ажаніўся з сібірачкаю Ганнай Канстацінаўнай: швачка па прафесіі, працаўніца тылу. Разам выхавалі дзяцей — дачку Таццяну і сына Сяргея. Цяпер у іх чатыры ўнукі, пяць праўнукаў, чакаюць прапраўнука...

Хоць больш Раман Федасеевіч ніколі не бываў у Беларусі, але ж сумуе па родных мясцінах і вельмі хоча на Гомельшчыну прыехаць. Яўгенія Цема піша: “Вы б толькі бачылі, як святлее і маладзее ягоны твар, калі гаворыць пра Бацькаўшчыну. Успамінае зіму, якая, кажа, халадней, чым тут, і прыгожыя лясы Беларусі. Расказваў, як хлапчуком хадзіў па грыбы, з сябрамі вудзіў рыбу. Цікава: лавілі ў старэнькую кашулю. Беларусь, прызнаецца Раман Федасеевіч, назаўжды засталася ў ягоным сэрцы”.

Яўгенія Цема перадала просьбу ветэрана: хай бы адгукнуліся родныя і тыя, хто памятае сям’ю Сычовых-Лялікавых з вёскі Вуць і пасёлка Стэп Добрушскага раёна Гомельшчыны. Пішыце ў рэдакцыю на электронны адрас — дапаможам адладзіць сувязь.

Кацярына Мядзведская

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter