22 сакавіка 1943 года нацысты знішчылі беларускую вёску Хатынь

Назаўсёды ў памяці

Званы на месцы спаленай карнікамі вёскі гучаць вечным напамінам
22 сакавіка 1943 года нацысты знішчылі беларускую вёску Хатынь. Зажыва згарэлі ў агні і былі расстраляныя 149 чалавек — старыя, жанчыны і 75 дзяцей да 16 гадоў. Самыя малодшыя ахвяры — грудныя дзеці...

У гэты дзень у мемарыяльным комплексе “Хатынь” асабліва мнагалюдна. Хатынь — вечная памяць і непазбыўны смутак Беларусі. Таму што Хатынь — гэта ўвасабленне і сімвал перанесеных пакут, якія дасталіся беларускай зямлі і народу ў чорныя гады гітлераўскай акупацыі. У гэтыя дні і моладзь, і людзі старэйшага ўзросту ўсе разам успамінаюць страшныя падзеі 72-гадовай даўнасці. Здавалася б, столькі гадоў прайшло! А ўсведамленне жаху, які захліснуў калісьці гэтую непрыкметную лясную вёсачку, дагэтуль халодзіць сэрцы. Паводле далёка не поўных дадзеных, на тэрыторыі Беларусі гітлераўцы знішчылі звыш 1,4 мільёна грамадзян — у канцлагерах, гета, у спаленых вёсках і разбомбленых, расстраляных дамах...

Летась да 70-годдзя вызвалення Беларусі ў серыі “Архіў, гісторыя, памяць” выйшлі два зборнікі архіўных дакументаў і матэрыялаў — “Хатынь. Трагедыя і памяць”, дзе сабраны практычна ўсе выяўленыя на сёння дакументы аб знішчэнні вёскі ды яе жыхароў, і “Хатынскі некропаль”, які сабраў падрабязныя звесткі пра беларускія вёскі, што раздзялілі горкі лёс Хатыні. Кнігі падрыхтавалі і выпусцілі сумесна дэпартамент па архівах і справаводстве Мінюста, Нацыянальны архіў, Цэнтральны архіў КДБ, Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

Трагедыя

22 сакавіка 1943 года два ўзводы 1-й роты 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна, накіраваныя для аднаўлення пашкоджанай партызанамі сувязі паміж Плешчаніцамі і Лагойскам, трапілі ў засаду, арганізаваную партызанскім атрадам “Мсцівец”. У перастрэлцы, якая завязалася, партызаны забілі шэф-камандзіра роты гаўптмана Ганса Вельке, дарэчы, “любімчыка фюрара” і алімпійскага чэмпіёна, і дваіх паліцэйскіх, некалькіх карнікаў ранілі. Для праследавання партызан на дапамогу прыбылі каты з батальёна СС Дырлевангера. Ахвярай іх бесчалавечнай, жудаснай помсты і стала Хатынь.

Боль

...Хавалі астанкі хатынцаў на трэці дзень пасля трагедыі. На магіле ўстанавілі тры крыжы. Яны яшчэ доўга стаялі пасля вайны, ахоўваючы і асвячаючы памяць знішчаных людзей. Затым з’явіўся сціплы абеліск у выглядзе традыцыйнай драўлянай піраміды з чырвонай зоркай. У 1964 годзе — гіпсавы помнік “Тужлівая маці”. А 5 ліпеня 1969 года ўрачыста адкрыўся мемарыял “Хатынь”. Аўтары — беларускія архітэктары Ю. Градаў, У. Занковіч, Л. Левін і скульптар, народны мастак БССР С. Селіханаў.

Напэўна, гэта самы першы архіў­ны дакумент па Хатыні. “Акт жыхароў в. Селішча Каменскага сельсавета Плешчаніцкага раёна Мінскай вобласці аб спаленні в. Хатынь і яе насельніцтва” датаваны 25 сакавіка 1943 года. Сем чалавек з вёскі Селішча склалі яго ў прысутнасці партызан: пра тое, што “22 сакавіка вышэйуказанага года нямецкія каты напалі на суседнюю вёску Хатынь і спалілі ўсе будынкі. Жыхары вёскі Хатынь у колькасці 150 чалавек былі па-зверску закатаваныя і спаленыя”…

Але перад тым з’явіліся іншыя дакументы, якія і пралажылі крывавы хатынскі след.

З загада начальніка аператыўнага штаба паліцыі бяспекі і СД рэйхскамісарыята Остланд аб арганізацыі барацьбы з партызанамі ў генеральным камісарыяце Беларусі. 18 лістапада 1942 г., г. Мінск.

“...Па даручэнні ўпаўнаважанага рэйхсфюрара СС па барацьбе з бандамі партызан обергрупенфюрар СС Бах прадастаўляе кіраўніку каманды СД права вырашаць — спальваць вёскі ці не, знішчаць або эвакуяваць іх насельніцтва... Прыступім да выканання цяжкіх паліцэйскіх задач, натхнёныя імкненнем ачысціць генеральны камісарыят Беларусі ад банд партызан і супакоіць увесь гэты раён.


Штандартэнфюрар СС доктар Піфрайдэр”.

Праз некалькі месяцаў “супакаенне” па-піфрайдараўску чорнай заслонай накрыла Хатынь. Нацысцкае “памірэнне” — асаблівае, яно паходзіць ад слова “паміраць”…

Паказанні сведкі

Іосіф Іосіфавіч Камінскі, хатынец 1887 года нарджэння. У яго загінула чацвёра дзяцей і жонка.

“...Калі я прыйшоў у свіран, там ужо было чалавек 10, у тым ліку мая сям’я. Я яшчэ запытаў, чаму яны неадзетыя, на што мая жонка Адэлія і дачка Ядвіга адказалі, што іх карнікі раздзелі. Людзей працягвалі зганяць у гэты свіран, і ён праз непрацяглы час быў зусім запоўнены, што нават нельга падняць рук. Памер свірна 12х6... Са свірна, калі адчынялі дзверы і заганялі людзей, было відаць, што многія дамы ўжо гарэлі. Я зразумеў, што нас будуць расстрэльваць, і сказаў жыхарам, якія знаходзіліся побач са мной у свірне: “Маліцеся Богу, таму што тут памруць усе”. ...У свіран былі сагнаныя мірныя жыхары, сярод іх шмат малых дзяцей і нават немаўлят, а астатнія — у асноўным жанчыны, старыя. ...Я са сваім 15-гадовым сынам Адамам апынуўся каля сцяны, забітыя падалі на мяне, яшчэ жывыя людзі мітусіліся ў агульным натоўпе, нібыта хвалі, лілася кроў з параненых і забітых. Абваліўся палаючы дах, страшнае, дзікае выццё людзей яшчэ больш узмацнілася. Пад ім людзі, якія гарэлі жыўцом, так крычалі і варочаліся, што гэты дах прама-такі кружыўся. Мне ўдалося з-пад трупаў і людзей, якія гарэлі, выбрацца і дапаўзці да дзвярэй. ...Карнік, які стаяў ля дзвярэй свірна, з аўтамата стрэліў па мне. Мой сын Адам, абгарэўшы, невядома як выскачыў са свірна, але за метраў 10 ад яго пасля выстралаў упаў. Я, паранены, каб не страляў болей па мне карнік, ляжаў без руху... Каля свірна ляжала шмат забітых і абгарэлых людзей. ...Неўзабаве я пачуў сігнал да ад’езду карнікаў, а калі яны трошкі ад’ехалі, мой сын Адам, які ляжаў непадалёк ад мяне прыкладна за метры тры, паклікаў мяне да сябе, каб выцягнуць яго з лужыны. Я падпоўз, прыпадняў яго, але ўбачыў, што ён перарэзаны кулямі папалам. Мой сын Адам яшчэ паспеў спытаць: “А ці жывая маці?” — і тут жа памёр”.
Уладзімір Веліхаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter