Рымска-каталіцкі касцёл адзначыў урачыстасць Цела і Крыві Хрыста

Найбольшая хрысціянская таямніца

У чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы Рымска-каталіцкі касцёл адзначыў урачыстасць Цела і Крыві Хрыста. Па гэтай прычыне ў гэту нядзелю католікі пройдуць па вуліцах сталіцы ва ўрачыстай працэсіі. Вера ў перамяненне падчас літургіі хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста адрознівае католікаў і праваслаўных ад іншых хрысціян.

Няма ніякай таямніцы ў тым, што людзі час ад часу жадаюць змяніць сваё жыццё. Іншы раз гэтаму спрыяе пачатак нейкага новага перыяду — такога, як новы год, заканчэнне вучобы, атрыманне новай працы і гэтак далей. Часамі мы хочам змяніць сваё жыццё пад уплывам нейкіх трагічных падзей — смерці ці хваробы блізкага чалавека, дыягназу, які нам паставілі... Магчыма, знянацку прыходзіць думка, што больш нельга жыць так, як мы жылі раней.

Аднак нам часам хочацца, каб перамены ў нашым жыцці адбыліся імгненна. Гэта хвароба сучаснага чалавека — чакаць хуткіх эфектаў, не прыкладваючы вялікіх намаганняў. Можа, таму людзі, якія называюць сябе хрысціянамі, гатовы ехаць за тысячы кіламетраў, стаяць у доўгіх чэргах, каб пакланіцца рэліквіям (мошчам) святых, але не гатовы кардынальна змяняць сваё жыццё?

Кожны хрысціянін можа без вялікіх перашкод стаць удзельнікам вялікай таямніцы хрысціянскай веры — прыняць Цела і Кроў самога Хрыста. Хрысціяне, якія належаць да каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў, перакананы, што падчас літургіі хлеб і віно, не змяняючы свайго хімічнага складу, становяцца Целам і Крывёю Хрыста. Гэта яшчэ адзін парадокс, які прапануе евангельская вестка вучням Месіі. Бог выбраў дастаткова простыя, штодзённыя рэчы, каб яны сталі знакам Яго прысутнасці ў свеце і вярталі нашыя думкі да моманту смерці Езуса на крыжы. Больш за тое, каб кожны раз падчас літургіі праз іх нібы паўтаралася гэта смерць.

Аднак кожная сумесная малітва — літургія, як і кожная асабістая малітва, можа не мець ніякіх эфектаў у нашым жыцці. Магчыма, так атрымліваецца таму, што мы ходзім у касцёл або царкву, шукаючы толькі таго, каб нас нешта ўразіла. Калі тысячы літургій, тысячы прачытаных старонак пабожных кніг, сказаных малітваў не маюць уплыву на наша жыццё, то гэта азначае, што надышоў час глыбока задумацца. Магчыма, я раблю тую самую памылку, якую рабіў калісьці святы Аўгустын. Ён меў праблему з адным грахом — не хацеў яго рабіць, але яго падзенне паўтаралася. І толькі праз некаторы час Аўгустын усвядоміў сабе, што ён прасіў у Бога: “Забяры ў мяне гэты грэх, але толькі не сёння”.

Галоўным, асноўным эфектам нашага сутыкнення з кожнай Божай таямніцай мае быць тое, што мы гатовы да перамен ужо сёння. Бо заўтра можа не наступіць... Паступова мы запрошаны расці да кардынальнай перамены нашага светапогляду: я больш не хачу быць добрым таму, што так трэба, і не таму, што я баюся пакарання за зло, а таму, што я настолькі палюбіў дабро, што ўжо не магу паступаць па-іншаму.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter