«Найбольшае шчасце, калі дзеці нараджаліся»

Першая лэдзі на вёсцы павінна лішняга сабе не дазваляць і працы не цурацца, лічыць жонка старшыні столінскага СВК «Відзіборскі» Нона Лахадынава

З РОЗНЫХ куткоў Беларусі прыехалі яны ў Горкі. Прадстаўніца шляхетцкага роду Кунтарасаў паспяхова вытрымала ўступныя экзамены на прэстыжны эканамічны факультэт, які атрымаў яшчэ і назву факультэта нявест.

Сын франтавіка, быхаўскага конюха Фядота Лахадынава, выдатнік вучобы Цвёрдаўскай сярэдняй школы Сяргей з дзяцінства марыў пра трактары і аўтамабілі, і вялікай радасцю стала для яго паступленне на самы мужчынскі факультэт акадэміі — механізацыі сельскай гаспадаркі. Праляцелі гады вучобы, атрымалі палеская дзяўчына і быхаўскі юнак дыпломы, а яшчэ і пасведчанне аб шлюбе. Размеркавалі іх на Палессе. Трыццаць тры гады Сяргей Фядотавіч кіруе СВК «Відзіборскі», а Нона Уладзіміраўна ўзначальвала эканамічную службу гаспадаркі да выхаду на пенсію. Выхавалі дзвюх дачок і двух сыноў, маюць шасцярых унукаў. А мог бы лёс скласціся інакш, калі б не рашучы характар.

Усё вырашыў летні выпадак амаль паўвекавой даўнасці. Адцвітаў бэз, паветра студэнцкага гарадка поўнілася салодкім пахам язміну. Завяршалася сесія, і студэнты раз’язджаліся на практыку, у будатрады, на канікулы. Паспяхова здала экзамены за другі курс Нона Кунтарас. Разам з сяброўкамі пайшла на танцы, што ладзіліся на акадэмічным пятачку. Кінуў- ся ў вочы высокі чарнявы хлопец, які некалькі разоў запрашаў таньчыць яе сяброўку. У інтэрнат вярталіся вясёлай кампаніяй. Дзяў- чат экфака праводзілі будучыя інжынеры, сярод якіх нельга было не заўважыць таго чарнявага, пра якога вырашыла, што ён будзе яе. Усё лета пра яго думала. А ўвосень сустрэліся зноў у акадэміі і ўспыхнула ўзаемнае каханне. На пятым курсе пажаніліся. Сапраўдным палацам для маладой сям’і выдаўся калгасны фінскі домік, што стаяў сярод крытых чаротам хат глыбіннай палескай вёскі Вялікае Маляшава.

— Па вясковай вуліцы без гумавых ботаў было не прайсці, — узгадвае Нона Лахадынава. — Свінні ў лужынах плёхаліся. Аўтамашыну, гружаную жывёлай для адпраўкі на мясакамбінат, трыма трактарамі цягнулі да тураўскай грэблі. Адрэзаная ад вялікага свету вёска толькі прыжывалася да калгаснага ладу. Мы былі адзінымі ў гаспадарцы спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй.

— Як прынялі вас вяскоўцы?

— Тут панавалі складзеныя продкамі традыцыі і звычаі. Жанчыны хадзілі ў стракатых палескіх строях. Мужчыны нават летам шапак не здымалі. Спачатку мы кватаравалі ў старэнькай Мелькуніхі. У яе мясцовы дыялект трэба было ўслухвацца, каб зразумець. Бабуля ганарылася, што мы ў яе жывём, частавала сваімі прысмакамі. Мы ўжо чакалі першынца, калі мужу прыйшла позва на службу ў армію. Аўтобусы не хадзілі, а да раённага ваенкамата амаль семдзесят кіламетраў. Развіталіся, і ён на калгасным грузавіку адправіўся. Але хутка вярнуўся. Увесь запэцканы, мокры. Расказаў, што нявопытны вадзіцель не справіўся на мастку з кіраваннем. Грузавік перавярнуўся ў канаву. Цудам іх не накрыла. Ледзьве паспеў дабрацца ў вызначаны час да ваенкамата. Неўзабаве ў нас нарадзіўся першынец, якога назвалі Аляксандрам. За ім пайшлі дочкі Таня і Лена.

Перспектыўнага маладога спецыяліста Сяргея Лахадынава прызначылі дырэктарам створанага ў раёне кормапрадпрыемства. Сям’я пераехала ў другі куток Століншчыны, дзе нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык. Свайго жылля новае прадпрыемства яшчэ не мела, і кіраўніку прапанавалі пустуючы дом чыгуначнікаў станцыі Відзібор. І пакуль Сяргей Фядотавіч знаёміўся з калектывам, Нона Уладзіміраўна з чатырма маленькімі дзецьмі на руках уладкоўвалася ў абшарпанай хаціне. Хутка навяла парадак, цюль на вокны павесіла, і дом ажыў. Не доўгім быў дырэктарскі перыяд Сяргея Фядотавіча на кормапрадпрыемстве, якое аб’ядналі з мясцовым калгасам, і Лахадынаў узначаліў гэтую гаспадарку.

Сталі будаваць свой дом па праекту Ноны Уладзі- міраўны. Вакол яго бацька Ноны пасадзіў сад. Некалі ў іх быў свой вялікі сад, які яшчэ дзяды пасадзілі побач з маёнткам знатнага роду Алешаў, нашчадак якіх Юрый Алеша стаў пісь- меннікам, аўтарам добра вядомага рамана «Тры таўсцякі». Двухпавярховы мураваны палац апошняга ўладальніка маёнтка Антонія Цэзара Алешы стаіць сярод векавых ліп за столінскай вёскай Беражное і ад безгаспадарчасці развальваецца. А ў шляхціца Уладзіміра Кунтараса напачатку шасцідзясятых падчас масавага перасялення з хутароў кіраўніцтва мясцовага калгаса дом забрала. Ён і цяпер стаіць сярод вялікага сада, у ім размяшчаецца кантора садова-агароднага ўчастка СВК «Беражное».

З болем у сэрцы расказвала сваім дзецям Нона Уладзіміраўна пра тое перасяленне. І старэйшыя ўнукі ведаюць пра гэтую драму. Унучка Вікторыя заканчвае Пінскі каледж мастацтваў і дыпломную працу прысвяціла радаслоўнай сваёй сям’і. На гэта падштурхнула яе бабуля, якая пасля выхаду на пенсію стала збіраць звесткі пра ўсіх родзічаў. Склала генеалагічнае дрэва роду. Занатоўвае гісторыю сям’і. У дзясятцы акуратна падшытых папак фотаздымкі і расповед пра сваякоў двух вялікіх радоў Лахадынавых і Кунтарасаў. З архіўных крыніц даведалася, што карані яе роду па бацькоўскай лініі вядуць да збяднелых некалі магнатаў Патоцкіх, якія ўладарылі на ўкраінскім і беларускім Палессі.

Не толькі гісторыю свайго роду збірае няўрымслівая Нона Уладзіміраўна, але і ўзняла архіўныя дакументы гаспадаркі, якую трыццаць тры гады ўзначальвае Сяргей Фядотавіч. Выпісала ўзнагароды працаўнікоў калектыву, склала дыяграмы эканамічных паказчыкаў за гады яе існавання і ўсё гэта захоўвае ў камп’ютары, які асвоіла ўжо на пенсіі. Праз Інтэрнэт падтрымлівае сувязь з сябрамі па акадэміі.

— Нона Уладзіміраўна, трыццаць гадоў вы — першая лэдзі на вёсцы. Адчуваеце гэта?

— Першая лэдзі на вёсцы павінна іншых за сабою весці. Лішняга сабе не дазваляць, ніякай працы не цурацца. Муж на досвітку ўстае і да вечара заняты справамі, а на табе ўсе хатнія клопаты. І яшчэ не маеш права спазніцца на службу, бо ты — жонка старшыні.

— І пасада ваша адказная была — галоўны эканаміст.

— Аналізавала гаспадарчую дзейнасць, вызначала найбольш вузкія месцы, прапаноўвала варыянты. Сярод ночы магла любы паказчык назваць. А яшчэ і зараз маю выключную пасаду — жонка старшыні. Нялёгкая гэта справа. Часцей за ўсё не было калі на сябе звяртаць увагі. Чацвёра дзяцей падрастала. Муж нават не ведаў іх  класных кіраўнікоў. Яму не да гэтага. Як паспявала ўпраўляцца каля пліты, пра ўрокі ў дзяцей пацікавіцца, аднаму Богу вядома. Пральнай машыны мы не ведалі. Рукі пухлі ад парашкоў і вады. Чатыры мужчыны ў доме: два сыны, муж і бацька мой. Сям’я з сямі чалавек. Як і ўсім калгаснікам, вызначалі дзялянкі буракоў для праполкі. Выкройвалі час і з дзецьмі ляцелі ў поле. Акрамя свайго ўчастка, дапамагалі рана аўдавелай сястры прапалоць дзялянку. З дваімі маленькімі дзеткамі засталася яна ў трыццаць гадоў. Працавала таксама галоўным эканамістам у суседнім калгасе. У іх дзіцячага садка не было, і яе сіроткі з маімі дзецьмі хадзілі ў наш. Мне трэба было ўсіх іх падрыхтаваць і адправіць раненька.

— І толькі потым макіяж наводзіць?

— Мой макіяж вельмі просты: адрываюся ад пліты і закідваю басаножкі ў аўтамашыну. Па дарозе да канторы абуваюся, прычапурваюся, каб не горш за іншых выглядаць. На працы павінна трымаць свой дрэс-код. Усіх прывучыла ў доме трымаць парадак. Пакуль не пабудавалі дзецям дамы, жылі, як у камуналцы. Ажаніўся старэйшы сын Аляксандр, і яму адвялі пакой. Дачка Таня замуж выйшла — і яшчэ адзін пакой заняла. Хвораму бацьку аддалі залу. Меншаму сыну Віктару купілі раскладушку, а дачцэ Алене заставалася месца толькі на падлозе. Усе палягуць спаць, у доме цішыня і спакой.

— Чые рысы характару больш перадаліся дзецям?

— Старэйшы Аляксандр вельмі падобны на бацьку і пайшоў па яго слядах. Атрымаў дыплом інжынера сельскай гаспадаркі і ўзначаліў суседні СВК «Дубайскі». Жыве ён побач з намі. Дзве каровы трымае, нас усіх малаком забяспечвае і яшчэ прадае. Побач жывуць сем’і дачкі Таццяны, якая настаўнічае ў нашай сярэдняй школе, і малодшага Віктара. Вельмі цяжка было, калі будавалі дамы. Не толькі сваю вялікую сям’ю трэба было карміць, а яшчэ і будаўнікоў. Толькі бульбы кош штодня чысціла. Калі завяршылі будаўніцтва, я паехала ў санаторый, дзе тры дні адсыпалася. Вярталася пасля адпачынку дамоў і думала, што забуду вялікія каструлі. Але дзеці па звычцы да нас за стол ішлі. Толькі Лена пакінула вёску і ў Століне жыве. А мы ўсе гуртам тут. Агарод вялікі разам апрацоўваем. Больш за дзесяць сотак капусты пасадзілі. Зямля для гародніны спрыяльная, але рук патрабуе.

— Ваш самы шчаслівы дзень у жыцці?

— Калі замуж вышла, але найбольшае шчасце, калі дзеці нараджаліся. Ужо 46 гадоў мы разам. Дзеці сябе ў жыцці знайшлі, унукі радуюць. Самы маленькі наш званочак Іллюша ў свае чатыры гадкі заяўляе, што будзе гаспадаром. Любіць кароў, коней.

— Што вашу сям’ю мацуе?

— Ніколі ад мужа не чула павышанага голаса. Я вельмі ранімая і самакрытычная. Мяне лёгка пакрыўдзіць. Адным позір- кам можна зрабіць так, што я потым мучаюся. У яго працу я не ўмешваюся. Па хатняй гаспадарцы, мне падаецца, я раблю ўсё лепш за яго. Не хачу камандаваць, а імкнуся падказаць штосьці, а мяне ўспрымаюць як камандзіра. Тады ён проста маўчыць і адыходзіць у бок.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

Столінскі раён.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter