Міжнароднае радыё "Беларусь" святкуе свой юбілей

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ: “Каб гаварыць пра Беларусь у свеце, трэба вельмі любіць сваю зямлю”

КАЛЕКТЫВАМ, якім кіруе галоўны дырэктар міжнароднага радыё “Беларусь” Белтэлерадыёкампаніі Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, можна ганарыцца. Тут працуюць таленавітыя журналісты, якія на добрым узроўні валодаюць трыма і больш мовамі, гатовыя патраціць вольную часіну, каб выдаць якасны інфармацыйны прадукт для замежнай аўдыторыі. І, дадае Навум Якаўлевіч, любяць сваю краіну, бо інакш тут нельга — “…толькі так сусвет спазнаць магчыма, каб у кутках далёкіх пабываць і ўбачыць зноў Радзіму прад вачыма”. 11 мая радыё “Беларусь” адсвяткавала сваё 55-годдзе. З гэтай нагоды і з задавальненнем Навум Гальпяровіч даў эксклюзіўнае інтэрв’ю “СГ”.


— Навум Якаўлевіч, ведаю, што асаблівы гонар у вас выклікае кітайская рэдакцыя, створаная некалькі гадоў таму. Раскажыце падрабязней пра гэты праект.

— Гэтае рашэнне наспявала паступова. Мы вельмі хваляваліся, бо не ведалі, наколькі Беларусь цікавая для вялікай і магутнай краіны. Досыць складана знайсці прафесіяналаў, якія дасканала ведаюць нялёгкую кітайскую мову. Белтэлерадыёкампанія заключыла дамову з міжнародным радыё Кітая аб супрацоўніцтве, і туды паехалі двое работнікаў Беларускага радыё. У тым ліку і мая дачка Вольга, якая там і па сённяшні дзень. Потым я сам паехаў туды і моцна ўразіўся гэтай краінай.

Выбар паў на тых людзей, з якімі ўжо меў нейкія кантакты. Гэта Лі Цзо, які працаваў выкладчыкам кітайскай мовы БДУ. Мы пазнаёміліся, калі ён прэзентаваў кнігу перакладаў твораў Лі Бай, класіка катайскай літаратуры. Таксама я звярнуўся да Ван Юйхун, якая выкладала кітайскую мову ў 23-й гімназіі. Потым да іх далучыліся Вераніка Карлюкевіч, якая жыла доўгі час у Кітаі і магла сінхронна перакладаць, мае былыя студэнты з Інстытута журналістыкі БДУ Чжан Хайянь і Цюй Хао. Водгукі паказалі, што праграма на кітайскай мове цікавая і запатрабаваная. Нас падтрымаў былы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Гу Цзінвэй, які наведаў нашу рэдакцыю.

Мы зразумелі, што дзеля таго, каб у гэтых перадач быў слухач, трэба іх прасоўваць. А сёння гэта магчыма праз розныя інтэрактыўныя акцыі. Дзякуючы нашай супрацоўніцы Чжан Хайянь мы трапілі ў кітайскія сацыяльныя сеткі. Зараз у WeChat 50 тысяч нашых карыстальнікаў. Магчыма, для Кітая гэта і невялікі паказчык, але для нас такая колькасць пастаянных слухачоў — значная. З прыездам у Беларусь саветніка і прэс-аташэ пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь Чэнь Вэйвэя наша супрацоўніцтва з дыпламатычным корпусам Кітая яшчэ больш узмацнілася. Першай сумеснай акцыяй стаў конкурс эсэ “Шоўкавы шлях і індустрыяльны парк “Вялікі камень“ маімі вачыма”. Мы вырашылі размяшчаць лепшыя творы на нашым сайце і пасля выдаць кнігу, ахвотнікаў з’явілася шмат. Конкурс цягнуўся год, нам дасылалі працы з Беларусі, Кітая і нават Польшчы, Украіны.

— А чым адрозніваецца тэматычная палітра кітайскай праграмы ад іншых?

— Напаўненне перадач для розных аўдыторый блізкае. Але, напрыклад, слухачы Германіі, нашага гандлёвага партнёра, актыўней цікавяцца бізнес-праектамі. Кітайцы менш ведаюць нашу краіну, таму перадачы для іх больш пазнавальнага характару.

— Навум Якаўлевіч, хто ваш слухач? Ці праводзіліся такія даследаванні?

— Сумесна з радыё “Голас Расіі” мы рабілі апытанне ў Польшчы, што дапамагло ў развіцці нашага польскамоўнага вяшчання. Партрэт нашага слухача: чалавек 35—40 гадоў з вышэйшай адукацыяй, які цікавіцца бізнесам, міжнароднымі стасункамі, культурай і мастацтвам.

— Радыё “Беларусь”, безумоўна, фарміруе імідж нашай краіны. Трэба сказаць, што на дзяржаўным узроўні мэтанакіравана займацца іміджам Беларусі ў замежжы пачалі толькі ў канцы 2000-х гадоў. У еўрапейскіх краінах — на некалькі дзесяцігоддзяў раней. Як у нас з гэтым справы?

— Нам часам здаецца, што нашу краіну ў свеце ўжо дастаткова ведаюць. На жаль, гэта не так. Мы нядаўна атрымалі ліст з Францыі. Для слухачкі нечаканым было тое, што радзімай Шагала быў Віцебск, яна прасіла расказаць пра гэты горад. Наогул распавядаем пра тое, што часам цікава і беларускім слухачам. Так склалася, што мы доўгі час недастаткова ведалі сваю гісторыю. Беларусы — гэта культурныя донары для многіх краін. Францыск Скарына, Тадэвуш Касцюшка, Ян Чэрскі, Ігнат Дамейка — тыя постаці, якія злучаюць нас з іншымі народамі. Замежным слухачам таксама цікава пачуць пра Нясвіжскі замак і Радзівілаў, Мірскі замак, гісторыю Полацка. Зараз мы развіваем турыстычны напрамак. Падрыхтавалі серыю радыёпаштовак, дзе расказваем пра самыя знакавыя мясціны Беларусі. Яны прыгожа аформлены музычна і дыктарскі.

Дарэчы, сельская гаспадарка — гэта таксама імідж краіны. Вельмі складана, аказалася, расказаць пра тое, чым займаюцца беларускія сяляне, не так проста знайсці журналіста, які змог бы зразумела данесці гэтую інфармацыю. Для слухача за мяжой не так важна, колькі кармавых адзінак на галаву жывёлы нарыхтавана. А калі расказаць, як і чым жывуць вяскоўцы, распавесці, як клапоціцца пра іх дзяржава, патлумачыць, што такое аграгарадкі, тады цікава будзе паслухаць пра тое, чым яны займаюцца, якая ў нас прадукцыя.

Мяне часам папракаюць: “Вы толькі пра добрае расказваеце”. Ведаеце, каб гаварыць пра Беларусь у свеце, трэба вельмі любіць сваю зямлю. Бо і пра маці, бацьку чужым людзям ты расказваеш тое, чым можна ганарыцца. Але мы не ўтойваем праблемы, а тлумачым, як яны вырашаюцца.

— Навум Якаўлевіч, часам адкрываеш сайт замежнай станцыі і не разумееш, радыё гэта ці не, сёння робяць стаўку на мультымедыйнасць. Вы адмовіліся ад кароткіх хваль, якія перадаюць сігнал на вельмі доўгія дыстанцыі. Якім вам бачыцца развіццё ў тэхнічным плане. Ці будуць радыёжурналісты браць у рукі камеру?

— Сапраўды, у свеце радыё шукае самыя розныя шляхі дастаўкі свайго сігналу да слухача, асабліва міжнароднае. Пра гэта пару гадоў таму ў Капенгагене гаварылі прадстаўнікі еўрапейскіх радыёстанцый. Уявіце, колькі трэба перадатчыкаў, каб гучаць на хвалях у Амерыцы. Ды і ці будуць сёння людзі слухаць радыё з Беларусі праз традыцыйныя прыёмнікі? Гаварыць пра поўны адказ ад іншых платформаў дастаўкі сігналу нельга, але, канешне, сёння мы прыйшлі да інтэрнэт-вяшчання, развіцця нашага сайта. На мой погляд, карыстальнік сеціва, зайшоўшы на нашу пляцоўку, павінен зразумець, што гэта радыё. Але дзеля таго, каб ён націснуў курсорам і слухаў, трэба размясціць нейкі анонс, відэарэпартаж, фотаздымак, тэкставы варыянт таго, што гучала ў эфіры. Гэта сусветная практыка. Уявіце, мы праводзім конкурс на лепшае сэлфі пад назвай “Мая кніга для ўсяго свету”, дзе просім слухачоў даслаць фотаздымак сваёй любімай кнігі. Атрымоўваем лісты з Індыі, Пакістана, Германіі. Мы імкнёмся, каб слухач не проста паўдзельнічаў у конкурсе, неяк адгукнуўся, прагаласаваў, але і стаў пастаянным наведвальнікам нашага сайта.

Але ж радыё без гуку не радыё. Голас чалавека выклікае давер. Патрэбна не толькі добрае вымаўленне, прыгожы тэмбр, але і ўнутранае перажыванне таго, пра што ты распавядаеш. Таму мы і адмаўляемся ад прафесіі дыктара.

— Людзей вам трэба збіраць па макулінках... Чым вы іх заахвочваеце?

— Гэта вельмі селекцыйная праца. Тая ж Алена Зенчык, якая скончыла журфак, — выключэнне, бо можа працаваць у эфіры на замежнай мове. Прыходзяць выпускнікі лінгвістычнага ўніверсітэта, якія мову добра ведаюць, а журналісцкую працу — недастаткова. Ды і не ўсе з іх вытрымліваюць такі род дзейнасці. Напэўна, у навучальных установах, дзе рыхтуюць журналістаў, трэба больш увагі надаваць замежнай мове.

Людзі ў нас няблага зарабляюць, таму што вельмі шмат працуюць. Але на вялікую нагрузку яны ідуць самі — колькі зрабіў, такі і прыбытак. Большасць людзей прыйшлі працаваць пры мне, і яны вытрымалі нейкае выпрабаванне. Былі выпадкі, калі чалавек працаваў больш за год няштатна, бо ў нас не было вакансіі.

— Навум Якаўлевіч, вас ведаюць як літаратара, і атрымліваецца досыць цікавае спалучэнне… Які вы кіраўнік?

— Мне было б самому цікава паслухаць меркаванні маіх супрацоўнікаў. Па вялікім рахунку, мая прыхільнасць да творчасці адбіваецца ў нейкіх ідэях, ва ўласных перадачах. Не баюся ўносіць нейкі элемент мастацкасці ў журналістыку, свайго “я”. Адміністрацыйныя функцыі, як правіла, больш кладуцца на маіх намеснікаў, я ад гэтай працы таксама не адмаўляюся, але шмат увагі надаю творчым пытанням, маральнай атмасферы ў калектыве.

Я ніколі не ставіў мэту быць доўгатэрмінова кіраўніком. А яшчэ гэта сапраўды цікава. Шчыра скажу, што ў паэтычнай творчасці мне ніколі гэта не перашкаджала — ёсць і раніца, дарога. Вельмі люблю пару, калі іду на працу. За 30—40 хвілін шмат чаго нараджаецца. А вось з прозай не хапае ўседлівасці, часу. Я з дзяцінства сацыяльна актыўны чалавек, мне трэба рухацца, чымсьці ўражвацца.

Літаратура і журналістыка ў мяне пастаянна ўступаюць у нейкае саперніцтва. Аднойчы мне Васіль Уладзіміравіч Быкаў сказаў, што вельмі любіць мяне слухаць у эфіры. Мне тады так хацелася адказаць: “Васіль Уладзіміравіч, мне было б прыемней, калі б вы сказалі, што я вас кожны дзень чытаю”.

— Навум Якаўлевіч, што чакаць ад радыё “Беларусь” у наступныя 55?

— У першую чаргу, будзем павялічваць аб’ём вяшчання на некаторых замежных мовах, бо на англійскай у нас 12 гадзін, на іспанскай, напрыклад, паўгадзіны. Па-другое, развіваць інтэрнэт-пляцоўку. Па-трэцяе, павышаць цікаўнасць да нашых праграм. Вельмі цяжка адмовіцца ад звыклых праектаў, але ж зараз думаем над новымі, будзе больш аналітыкі, аўтарскіх праграм.

v.v.korshuk@gmail.com

Фота прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter