Все писательские таланты Елены Масло - с родной и исторически знаменитой Миорской деревни Милашова

«Навуку чалавечай адказнасці можна спасцігнуць толькі праз любоў»

Заліхвацкія казкі дзіцячай пісьменніцы Алены МАСЛА даспадобы маленькім чытачам, прыцягваюць іх адмысловымі сюжэтамі і малюнкамі, героямі са шчырай беларускай душой. Відаць, таму казачніца мае поспех — атрымала прэміі «Залаты Купідон», імя Васіля Віткі, творы яе ўключаны ў праграму школьнага і пазашкольнага чытання, кнігі неаднаразова прызнаваліся лепшымі паводле чытацкіх сімпатый. А мульцік «Лагодны воўк», зняты нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» па яе казцы, стаў лепшай анімацыяй на кінафестывалі «Лістапад».


СКАЖЫ мне — хто твае сябры, і я скажу — хто ты. А пра пісьменнікаў можна меркаваць па іх героях. Што да персанажаў Алены Масла, то яны мілыя і арыгінальныя, па жыцці ідуць выключна сваёй дарогай, нікому не замінаюць, на першае месца ставяць узаемавыручку і дабрыню. Чытачы па такіх сюжэтах вучацца сапраўдным каштоўнасцям і спасцігаюць ісціну.

Гэта і маленькi дыназаўрык Лахнэска, што ўцякла з роднага возера, дзе ўсе яе дражнiлi за нестандартную знешнасць. І пацучок Фэлік, які пасля цікавых вандровак дадому вярнуўся з нявестай Ларыскай. Данік, які вандруе з божымі кароўкамі Ірыскай і Хлебным Мякішам, перамагае нядобрых людзей ды ўчыняе подзвігі, вартыя сапраўднага рыцара.

Што да мульціка «Лагодны воўк», ён па-добраму здзіўляе. Аказваецца, ваўкі бываюць лагоднымі. Шэры герой хоць і галодны, але баранчыка не з’еў, а ратаваў. Затое гаспадары яго забралі да сябе сцерагчы статак. Да слова, рэжысёр гэтай анімацыі Наталля Дарвіна плануе зняць мультфільмы і па іншых казках Алены Масла. На чарзе — знаёмая нам Лахнэска. А кнігі пісьменніцы «Каляды з хроснай» і аўтарскія казкі «Таямніца закінутай хаты» па выніках конкурсу водгукаў «Лепшая беларуская кніга» атрымалі пасведчанне чытацкіх сімпатый Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска.

«Бібліятэкары праводзяць такі конкурс, у камп’ютарнай базе ім нескладана адсачыць статыстыку самых чытабельных аўтараў. Мае кнігі яшчэ тройчы атрымлівалі гэты шчаслівы прыз!» — удакладняе казачніца.

На днях тыражом паўтары тысячы экзэмпляраў выйшла чарговая кніга Алены Масла «Балотныя прыгоды», напісаная паводле краявідаў вялізнага верхавога балота Ельня, якое раскінулася ў тым ліку і ў Міёрскім раёне, дзе нарадзілася пісьменніца.

Не толькі  кнігу прысвяціла Міёршчыне казачніца. І цікавыя праекты тут ажыццяўляе, і мастацкую галерэю адкрыла. І хоць Алена даўно мінчанка, гэта не перашкаджае ёй любіць родную вёску Мілашова, гістарычна славутую. Тут і незвычайны касцёл — адзіны ў стылі мадэрн у Беларусі, і сядзіба шляхецкага роду Мілашаў. Дарэчы, Нобелеўскі лаўрэат, паэт і перакладчык Чэслаў Мілаш — блізкі сваяк гаспадароў гэтага фальварка.

У 2011 годзе да 100-гадовага юбілею Чэслава Мілаша Алена Масла распачала праект «Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў». Дакладней кажучы, арганізуе адметныя літаратурныя і гістарычныя мерапрыемствы, якія займелі прапіску не толькі на Міёршчыне, але ў Віцебску, Мінску. Хутка чытанні пройдуць у мінскай Пушкінскай бібліятэцы сумесна з пасольствам Францыі ў памяць пра французскага паэта-містыка Оскара Мілаша.

У праграме тых жа чытанняў у Мілашове з’явілася мастацкая галерэя з дзіўнай назвай «Пуня», на адкрыцці якой сабралася шмат мінскай інтэлігенцыі. Пра падзею расказвалі многія СМІ.

 Алена Масла ўводзіць у курс справы:

— Мая дачка Крысціна, студэнтка акадэміі мастацтваў, прыехала з сяброўкай у Мілашова на пленэр. Развешалі карціны ў старым свірне. Майму тату гэтая ідэя спадабалася, ён адрамантаваў свіран — так узнікла «Пуня».

Няма ў свеце даражэй і за родную сям’ю, якая ў Алены Масла багатая на адмысловыя таленты. Родная сястра Наталля Бучынская таксама пісьменніца.

— Пры знаёмстве здзіўляюцца, што мы з Наталляй з адной хаты, родныя сёстры. Варта нашыя кнігі пачытаць — падобная лексіка, інтанацыя, нават вобразы перагукаюцца часам… Мы спачатку пераймаліся праз гэта. А потым вырашылі рукой махнуць: адны і тыя ж бабулі і дзядулі нам казкі баялі, у адным і тым жа возеры купаліся, шмат аднолькавых кніг чыталі — дык куды яно падзенецца?

Дачка Алены Масла Крысціна Баранава — тэатральны мастак, знайшла мастацкае рашэнне спектакляў у Купалаўскім тэатры, Віцебскім тэатры «Лялька», Гомельскім маладзёжным. Адзін з гэтых спектакляў «Метад» атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію. Да таго ж Крысціна супрацоўнічае з вядучымі выдавецтвамі рэс-публікі, ілюстравала кнігі Пятра Васючэнкі, Таццяны Мушынскай, Алены Паповай… А зараз выпускніца акадэміі мастацтваў вучыцца ў Брытанскай вышэйшай школе дызайну.

Алена Масла на ўсё гатова дзеля сваёй сям’і:

— Без яе нічога не атрымалася б. Муж падтрымлівае ўсе мае творчыя парывы. Наогул, быў перыяд, калі я шмат хварэла. І зразумела простую жыццёвую рэч: ёсць добрая сям’я — усё маеш. Бо здаровы і дужы ты ўсім патрэбны, а калі занядужыш, разлічваць мусіш на сябе і блізкіх.

Цікавіць, чаму журналістка занялася казкамі? Алена Масла пасля заканчэння журфака БДУ працавала ў газеце «Піянер Беларусі» («Раніца»), часопісах «Туризм и отдых», «Качели», была галоўным рэдактарам газеты «Переходный возраст», часопіса «Бярозка»… Гераіня расстаўляе кропкі над «і»:

— Адразу дзве мае кнігі выйшлі ў 2005 годзе пасля падарожжа па Швецыі. Натхнёная прыкладам Астрыд Ліндгрэн, якая ў 37 гадоў пачала друкавацца, я адважылася аднесці свае творы ў выдавецтва. Там прынялі і выпусцілі ў свет.

— Якія сюжэты вас вабяць найбольш? Чэрпаеце іх з жыцця ці прыдумляеце?

— Жыццё столькі сюжэтаў падкідвае, што спецыяльна не прыдумаеш. Але, канечне, без фантастыкі  ў маім улюбёным жанры нікуды. Напрыклад, казачная аповесць «Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала». Дзейнічаюць у ёй жучкі, павучкі, кузуркі, рыбы… Тое, што яны займелі голас, дзякуй казцы! А вось чым жывуць, якія характары маюць — гэта ўсё падгледжана ў рэальным жыцці.

— Чаму хочаце навучыць сучасных дзяцей?

— Хачу, каб яны бачылі хараство свету і адчувалі вартасць свайго жыцця ў ім. І адказнасць чалавечую за ўсё, што адбываецца з намі. Мне думаецца, гэтую навуку магчыма спасцігнуць толькі праз любоў.

— Ці многа ў нас дзіцячых пісьменнікаў? Якія, на вашу думку, самыя яркія?

— Стараюся сачыць за тым, што друкуецца ў дзіцячых часопісах, выходзіць для дзяцей у беларускіх выдавецтвах. Як сябра журы розных літаратурных конкурсаў, прэмій уважліва чытаю выдадзеныя ў нас кнігі. Яркія дзіцячыя пісьменнікі? Ніна Галіноўская, Уладзімір Мацвеенка, Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Уладзімір Ягоўдзік, Вера Бурлак, Серж Мінскевіч, Пятро Васючэнка, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Ганна Янкута, Наталка Харытанюк, Надзея Ясмінска, Надзя Бука, Васіль Дранько-Майсюк… Усіх не пералічаш, я назвала некалькі імёнаў прадстаўнікоў розных пакаленняў.

— Як ацэньваеце сучасную беларускую дзіцячую літаратуру? Мне думаецца, з усіх мэтавых аўдыторый яна найбольш запатрабаваная. Кнігі выходзяць немалымі тыражамі, прадаюцца і акупляюцца. Ці не так?

— Як па мне, то беларускай казцы не хапае ўвагі з боку грамадства. І гэта агульная праблема для нашай літаратуры. Перашкаджае моўны бар’ер. Часам, сустракаючыся са школьнікамі, прыходзіцца тлумачыць ім сэнс звычайных родных слоў. Моўная недасведчанасць не дазваляе чытачам дэталёва зразумець сюжэт, пераняць павучанне. Да таго ж лічу, што наклады, якімі выдаюцца кніжкі, — мізэрныя. Нават і дзве-тры тысячы, не кажучы пра некалькі соцень, мала. Як вынік — асобнікі трапляюць далёка не ва ўсе бібліятэкі, тым больш мінаюць школьныя. Патэнцыйныя маленькія чытачы не маюць магчымасці пазнаёміцца з кніжкай.

Папулярызаваць беларускую кнігу, каб яе ведалі і любілі, трэба праз сустрэчы, прэзентацыі, бяседы з чытачамі, лічыць пісьменніца… Шмат піяру не бывае! Разнастайныя мерапрыемствы набліжаюць і павышаюць цікавасць да кнігі, робяць яе прыцягальнай і патрэбнай. Яркім прыкладам можа стаць акцыя «Чытаем разам. Чытаем па-беларуску», калі знакамітыя беларускія пісьменнікі дэлегацыямі выязджалі ў розныя куточкі краіны, сустракаліся з дзецьмі і дарослымі ў школах і бібліятэках, прыцягвалі іх увагу да роднай кнігі, навідавоку паказвалі яе хараство, даступнасць, арыгінальнасць. І гэта давала плён. Дзеці не штодзень размаўляюць з пісьменнікамі, таму ўважліва іх слухалі, цікавіліся кніжкамі, абагачаліся беларускім словам. І ланцужок гэты працягнуўся. Многія школьнікі, прыйшоўшы дадому, без прамаруджвання і з вялікай цікавасцю прачыталі кнігі знаёмых ім аўтараў, а сюжэт і сустрэчы з пісьменнікамі запомніліся на ўсё жыццё.

Якімі б шпаркімі крокамі свет ні рухаўся да прагрэсу, тэхналогій і як бы ні запаланяў жыццё камп’ютар, старая добрая сяброўка казка не страціць актуальнасці ніколі. Прынамсі, пакуль будуць у трэндзе дабрыня, міласэрнасць, шчырасць і ўзаемадапамога. А ім наканавана верхаваць заўсёды. Бацькам жа варта ведаць і разумець: гэтыя якасці выхоўваюцца ў сям’і, як любоў і павага да роднага слова.

Алена БАСІКІРСКАЯ —  спецыяльна для «СГ»

Фота з уласнага архіва  Алены МАСЛА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter