Ученый-огородник Александр Аутка живет не против природы, а вместе с ней

Навуковая матрыца: не супраць прыроды, а разам з ёй

Ученый-огородник Александр Аутка

Не чакай будучага без надзейнага мінулага, лічыць доктар сельгаснавук, прафесар Аляксандр Аутка


МЕДЫЦЫНА раіць спажываць у год не менш як 140 кілаграмаў гародніны. У сярэднім на кожнага жыхара рэспублікі вырошчваецца яе на 10 кілаграмаў больш. Значная заслуга ў гэтым і вучоных-селекцыянераў, сярод якіх доктар сельгаснавук, прафесар Аляксандр АУТКА. Выпускнік Навагрудскага сельгастэхнікума і Гродзенскага сельгасінстытута ўзначальваў агранамічную службу ў гаспадарках Ваўкавыскага і Гродзенскага раёнаў. Навуковую дзейнасць пачаў у НДІ бульбаводства і плода- агародніцтва. Падрыхтаваў і абараніў у Расійскай Федэрацыі кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі. За 44 гады навуковай дзейнасці стварыў і ўдасканаліў 25 тэхналогій вырошчвання сельгаскультур. У супольнасці з інжынерамі-канструктарамі распрацаваў дзясяткі ўзораў унікальнай сельгастэхнікі, якая працуе не толькі на палях рэспублікі, але і ў замежжы. Атрымаў 45 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў. Ініцыятар развіцця ў Беларусі бахчаводства.


Аляксандр Аляксандравіч узначальваў ЗАТ “Агратон”, навукова-вытворчую асацыяцыю “Беларускае агародніцтва”, РУП “Інстытут агародніцтва”. Сем яго выхаванцаў абаранілі кандыдацкія, а трое – доктарскія дысертацыі. Заслуга вучонага і ў стварэнні першага на постсавецкай прасторы Музея агародніны. Вынікі даследаванняў яго выкладзены больш як у 430 навуковых працах і 25 кнігах, сярод якіх і ўнікальны “Летапіс беларускага агародніцтва”.

За працоўную дзейнасць узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ганаровымі граматамі НАН Беларусі і Мінсельгасхарчу, сярэбраным медалём ВДНГ СССР. Двойчы лаўрэат прэміі НАН Беларусі, “Вынаходнік СССР”, лаўрэат прэстыжных міжнародных выстаў.

АМАЛЬ паўвека таму Гродзенскі сельгастэхнікум рашэннем беларускага ўрада перавялі ў старажытны Навагрудак. Узначаліў яго інтэлігентны і патрабавальны як да сябе, так і да іншых Георгій Марозаў. Кіраўнік высока трымаў планку навучальнай установы, якую выпускнікі называлі Марозаўскай акадэміяй. Пяцярым выхаванцам прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, столькі ж сталі дактарамі сельгаснавук. Сярод іх — Аляксандр Аутка. Нарадзіўся і вырас у вёсцы Жытамля, паміж Гродна і Скідалем. Маці працавала бібліятэкарам, а потым у калгаснай паляводчай брыгадзе. Бацька – на чыгунцы. У гады Вялікай Айчыннай баец Аляксандр Аутка даводзіў да ладу трафейную тэхніку. На машыне з аднапалчанамі ўехаў у Берлін. Пасля Перамогі вярнуўся дамоў і да пенсіі працаваў чыгуначнікам. Каля іх падворка стаялі аўтамашыны, якія самавучка Аляксандр Георгіевіч рамантаваў. Тэхнічнае мышленне пераняў ад бацькі і старэйшы сын Аляксандр, але юнака больш вабіла праца на зямлі. Пасля сямігодкі паступіў на агранамічнае аддзяленне Навагрудскага сельгас- тэхнікума. Асабліва захапляла батаніка. Тэарэтычныя веды навучэнцы замацоўвалі ў гаспадарцы пры тэхнікуме. 

— Чатыры з паловай гады вучобы пакінулі ў сэрцы прыемныя ўражанні, — адзначае доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Аляксандр Аутка. – Пасля вясковых школ нам усё цікава было ў старажытным горадзе, якім некалі кіраваў вядомы Міндоўг, дзе тварыў таленавіты Адам Міцкевіч. Па накіраванні паехаў у ваўкавыскі калгас імя Суворава. Мне як галоўнаму аграному выдзелілі фурмана з павозкаю для аб’езду палёў. Кватараваў у сялянскай сям’і. Штомесяц атрымліваў 70 рублёў. Сельгасмашын мала было. Сярпамі і косамі жалі збажыну і да зімовых халадоў малацілі снапы ў свіранах. З гаспадаркі прызваўся ў армію. Служыў у ракетных войсках на Байкануры. Мы забяспечвалі пускі міжкантынентальных ракет. Мне даручылі наводзіць іх на мішэнь. Тэмпература паветра апускалася да мінус сарака градусаў. У спецадзенні ўзбіраліся на дваццаціпяцімятровую вышку і за дваццаць мінут запускалі чарговую ракету на адлегласць дзесяць тысяч кіламетраў. Праз гадзіну атрымлівалі інфармацыю, куды яна трапіла. 
Выпускнік Навагрудскага
сельгастэхнікума
Аляксандр АУТКА,
1965 год.


Тры гады адслужыў і вярнуўся ў родныя мясціны. У гродзенскім калгасе імя Заслонава ўзначаліў агранамічную службу. Старшыня даручыў праводзіць нараду механізатараў. Даю ім заданне, але мяне не слухаюць. Дысцыпліны не было. Ураджайнасць збожжавых не дасягала і дзесяці цэнтнераў. Паступова наладжваў парадак. Пасля жніва арганізаваў работу ў дзве змены: ноччу культывавалі, а раніцай сеялі. На золку аб’язджаў палі, кантраляваў якасць. Механізатары ўжо чакалі мяне. А калі не прыязджаў, то жартавалі, прагуляў. За тры гады ўраджайнасць збожжавых вырасла да трыццаці цэнтнераў з гектара. Узняліся да перадавых у раёне. Было прыемна, але хацелася большага, і душа рвалася ў навуку. Амаль год кіраўніцтва калгаса не адпускала. 

— Але сваю мару здзейснілі?

— Уладкаваўся працаваць тэхнікам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце садаводства і агародніцтва, калі ім кіравалі вядомыя вучоныя Мікалай Дарожкін і Пётр Альсмік. Там як вышукальнік падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю пра гароднінна-кармавыя севазвароты на тарфяна-балотных глебах. Практычныя доследы праводзіў на Валмянскай пойме, што каля Смілавіч. На двухсотгектарным масіве, які штучна арашаўся, сканцэнтравалі ўсё агародніцтва Смалявіцкага раёна. Абараняў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі ў Ленінградскім сельгасінстытуце. Займаўся не толькі ўдасканаленнем тэхналогіі вырошчвання агародніны, а распрацоўваў і шлейф сельгасмашын.

— Ведаеце фізіялогію сель- гаскультур і тэхналогію вырошчвання і адчуваеце, якая тэхніка патрэбна.

— Нават папракалі, што займаюся не сваёй справай. А ў выніку апынулася, што ўсё правільна рабіў. Тэхналогія базуецца на сучасным комплексе машын і агрэгатаў. 

— Вы задумваеце ідэю новага агрэгата, а хто чарцяжы распрацоўвае?

— Зацікаўліваем спецыялістаў-канструктараў. Першапачаткова сам накідваю схему і паказваю спецыялісту. Разам вырабляем макеты. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі распрацаваў тэхналогію вырошчвання морквы. Мяне як сакратара партыйнай арганізацыі Беларускага НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва выклікалі на бюро ЦК КПБ. Разглядалася пытанне вытворчасці гэтай культуры. Тлумачыў, што на збітым грунце морква атрымліваецца нестандартнай. Мы распрацавалі тэхналогію вырошчвання на штучна створаных градах, дзе яна расце ў глыбіню і атрымліваецца стандартнай. Укараняць новаўвя- дзенне дапамог бізнесмен Аркадзь Маслакоў, які прафінансаваў вытворчасць шасці распрацаваных намі агрэгатаў. 

У інстытуце стварылі ўнікальную навукова-даследчую базу. Па тэхнічным забеспячэнні ні ў Расіі, ні ў краінах Еўропы такой не было. Выкапалі сажалку для капельнага паліву сельгаскультур. Пабудавалі сховішча для агародніны і цэх перапрацоўкі, падрыхтоўкі насення агародніны. Пасля майго адыходу на пенсію ўсё змарнела.

Разам з аднадумцамі стварылі ТАА “Агратон”. За тры гады амаль у 80 раёнах укаранілі новую тэхналогію вырошчвання морквы. Ураджайнасць дасягае 1000 цэнтнераў з гектара. Камбінаваны агрэгат па вырошчванні морквы сталі вырабляць на “Лідсельмашы”. 

Распрацаваў і малагабарытную сеялку агародніны на мотаблоку. Раней у прамысловых цяпліцах уручную пікіравалі расаду. Дзень працы такога мотаблока замяняе 60 чалавек. Яна высявае па адным зярнятку. Затраты зніжаюцца, і якасць высокая. 

Пры садзейнічанні генеральнага дырэктара лідскага “Тэхмаша” Пятра Цыркунова і тэхнічнага дырэктара Сямёна Ягоўдзіка распрацаваны і наладжаны выпуск больш як дваццаці відаў машын па вырошчванні агародніны. Пра створаны намі ўнікальны агрэгат для ўборкі агуркоў расказалі тэлеканалы Расіі, і пайшлі адтуль заказы на гэту тэхніку.

— Аляксандр Аляксандравіч, як вам прыходзяць ідэі распрацоўкі такой тэхнікі?

— Жыву сваёй справай. Бывае, у сне многае падказваецца. Але не толькі новымі тэхналогіямі, сельгасмашынамі займаюся. Задумаў і стварыў асацыяцыю цяплічнага беларускага агародніцтва, арганізаваў Музей агародніцтва, у якім сабралі матэрыялы пра 300 найбольш вядомых агароднікаў былога СССР, выдаў два з паловай дзясяткі кніг. Рыхтую іх з аспірантамі, кіраўнікамі гаспадарак, спецыялістамі. У суаўтарстве з дырэктарам будаўнічай арганізацыі Дзмітрыем Вольфсанам, які ў навуковых цэнтрах будаваў цяпліцы, падрыхтавалі своеасаблівую энцыклапедыю, у якой дэталёва расказваем пра зборку цяпліц рознай формы і прызначэння, іх энергазабеспячэнне, асвятленне, прымяненне ўдабрэнняў, барацьбу са шкоднікамі і хваробамі раслін. Цікавая глава – фітаманіторынг, дзе падрабязна расказваем, колькі вільгаці на якім этапе развіцця патрэбна культурам. 

— Ці запатрабавана гэта літаратура?

— Па многіх маіх выданнях вучацца будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах Беларусі і Расіі. У такой форме падручніка складзена выданне “У свеце агародніны”, а кніга “Летапіс агародніцтва Беларусі” прысвечана гісторыі развіцця галіны на нашых землях пачынаючы з трэцяга стагоддзя. У ёй расказваем пра вядомых беларускіх вучоных-агароднікаў мінулага. Фотаздымкі многіх шукалі ў архівах. У спецыяльнай брашуры, якая нядаўна выйшла з друку, змешчана ода паэткі Кацярыны Уфімцавай беларускім кавуну і дыні. Чытаецца з цікавасцю. 

— Захапленне кнігамі, пэўна, ад маці, а тэхнікай – ад бацькі?

— Мо і так. Таму кнігі лёгка пішуцца і тэхнічныя ідэі без асаблівай напругі з’яўляюцца. Запатэнтаваў больш як трыццаць мадыфікацый сельгасмашын. 

— Што зараз на першым плане ў вашай навуковай дзейнасці?

— Займаюся прамысловай тэхналогіяй вытворчасці кавуноў і распрацоўкай спецыяльных машын для вырошчвання экалагічна чыстай агародніны і бульбы. У рэспубліку штогадова ўвозіцца 22 тысячы тон кавуноў, але, у прынцыпе, можам большую частку запатрабаванай колькасці бахчавых атрымліваць на нашых землях.

 — У любым рэгіёне рэспублікі?

— У асноўным у Гомельскай, Брэсцкай і на поўдні Мінскай абласцей. Савет Міністраў прыняў пастанову, згодна з якой пад бахчавыя плануецца адвесці ў рэспубліцы 500 гектараў. Сёлета толькі на 30 гектарах яны вырошчваюцца. Гэта ў Брэсцкім, Маларыцкім, Кобрынскім раёнах і каля Жодзіна. Год выдаўся нетыповым. Надзвычай халодны чэрвень. Частыя прыродныя катаклізмы. Кавуны патрабуюць шмат увагі і своечасовасці выканання ўсіх тэхналагічных працэсаў. Неабходна насельніцтва навучыць іх вырошчваць. У Навасёлкаўскім сельсавеце Кобрынскага раёна 150 прыватных гаспадароў пачалі займацца гэтай паўднёвай культурай. Аб’ёмы вырошчвання бульбы на агародах скарачаюцца, а вырошчванне бахчавых становіцца прыбытковай справай. Белспажыўсаюз закупляе ўраджай. Пазалетась кобрынскія гаспадары вырасцілі 20 тон салодкіх кавуноў, летась ужо звыш тысячы тонн, і ўсе Белспажыўсаюз закупіў. На рынках беларускія кавуны ўмомант раскупляюцца.

— Людзі ведаюць, што гэта абсалютна экалагічна чыстая прадукцыя…

— …і якасныя функцыі беларускіх бахчавых лепшыя.

— А якую агародніну самі любіце?

— Люблю і ўсім раю агародніну ў асартыменце. Рэспубліка забяспечвае сябе якаснай агароднінай, і замест замежных аналагаў раю ўжываць даніну беларускіх садоў і агародаў. Імпартныя прадукты горш заусвойваюцца і патрабуюць дадатковай энергіі на ператравліванне. Важна і тое, што мы не ведаем, у якіх умовах яны вырошчваліся і колькі пестыцыдаў і мінеральных угнаенняў прымянілі. 

— Праз дзень у вас юбілей. Калегі з Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе вы загадваеце навукова-даследчай лабараторыяй агародніцтва, родны брат Віктар, які працуе заатэхнікам на Гродзеншчыне, сваякі і сябры будуць віншаваць вас з сямідзесяцігоддзем. Ваш навуковы багаж даволі багаты, ёсць што падсумоўваць. А што яшчэ ў жыцці не паспелі?

— Распрацаваць поўнасцю тэхналогію вырошчвання экалагічна чыстай агародніны. З лідскімі інжынерамі-канструктарамі вырабілі комплекс тэхналагічных машын, застаецца іх узаконіць. Сёлета на сотні гектараў мастоўскай фермерскай гаспадаркі “Гарызонт” Генрыха Мысліўца вырасцілі бульбу без прымянення гербіцыдаў. А на чатырох гектарах гэтай культуры ў агракамбінаце “Ждановічы” ўвогуле ніякіх хімічных прэпаратаў не прымянялі і атрымалі выдатны ўраджай абсалютна экалагічна чыстай ранняй бульбы для мінчан. 

Але, на жаль, гэта рэдкія факты. На палетках гаспадарак пасля ўнясення пестыцыдаў чыстае поле, няма пустазелля. Мы прапануем знішчаць яго спецыяльнай машынай. Пасля некалькіх праходаў яе па полі застаюцца чыстыя пасевы, і не патрэбны шкодныя для здароўя хімпрэпараты. За гэтым будучае. Ужо 160 краін пераходзяць на вырошчванне экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі.

— Аляксандр Аляксандравіч, як вы кантактуеце з замежнымі калегамі?

— З савецкіх часоў падтрымліваю навуковыя сувязі з вучонымі Прыбалтыкі, Польшчы і Расіі. Мяне запрашалі пераехаць працаваць у Іран. Пацікавіўся, як выйшлі на мяне? І пачуў у адказ, што мяне там ведаюць больш, чым я пра сябе. Былі і іншыя прапановы.

— Вы багаты на паслядоўнікаў?

— Мае вучні Юрый Забара, Ірына Казлоўская, Вячаслаў Сцяпура сталі дактарамі сельгаснавук і сем кандыдатаў навук падрыхтаваў. На жаль, большасць з іх пайшлі працаваць у замежныя фірмы. 

— Што ад вас перанялі дзеці?

— Абедзьве дачкі з маленства цікавіліся раслінным светам. Закончылі біялагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Старэйшая Ганна закончыла аспірантуру і абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэхналогіі вытворчасці вострых і лекавых раслін. Амаль гатова была і доктарская дысертацыя, але выйшла замуж за ліванца,  жывуць у Трыпалі. Дачка ведае англійскую, французскую мовы і вывучае ліванскую. Зяць інжынер-будаўнік. Ездзіў да іх у Ліван, і яны гасцююць у мяне. У іх чацвёра дзяцей. Старэйшы ўнук Басан вучыцца ва ўніверсітэце. Мая маці першых праўнукаў дачакалася. Няма ўжо маіх бацькоў. 

Малодшая Алена выйшла замуж у Санкт-Пецярбург. З зяцем выхоўваюць таксама чацвярых дзяцей. Самая маленькая сёлета нарадзілася. 

У дзецях і ўнуках я шчаслівы, адчуваю спадчыннае апірышча. 

— Аляксандр Аляксандравіч, паважаны вучоны-селекцыянер сказаў мне: у сучаснай навуцы важна адчуць грань недапушчальнага, каб не ўгнявіць Усявышняга. А вы як лічыце?

 — Важна ведаць сваё прызначэнне на зямлі. У сусвеце ўсё фіксуецца. Нават тое, што кожны з нас гаворыць. Ёсць людзі, якія ад Бога маюць здольнасць здымаць гэтую інфармацыю з матрыцы. Гэта сістэма Усявышняга. 

Галоўнае ў навуковай дзейнасці – не парушыць цэласнасць натуральнай сістэмы. Чым больш адыходзім ад прыроднай першапачатковасці, расце колькасць хвароб і шкоднікаў. Усё жывое супрацьстаіць умяшанню ў прыроду. 

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Аляксандра АУТКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter