Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Навука — справа маладых

На прэс-канферэнцыі ў Мінску гаварылі пра тое, як пачуваюць сябе ў Беларусі маладыя навукоўцы

Малады біяхімік у сучаснай лабараторыі 

Паводле дадзеных Нацыянальнага статкамітэта, у Беларусі даволі сталыя кадры ў сферы навуковых даследаванняў і распрацовак: усяго каля 25% там — навукоўцы да 35 гадоў. Да такога ўзросту яны й лічацца маладымі. Старшыня Навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, дырэктар выканаўчай дырэкцыі, акадэмік Сяргей Гапоненка выказаў меркаванне: моладзі там патрэбна больш. Па яго словах, навука мае патрэбу ў таленавітай моладзі, бо менавіта яна — тая рухальная сіла, што будзе вызначаць эканамічнае развіццё краіны: “І старэйшае пакаленне вучоных, і дзяржава павінны зрабіць усё для падтрымкі маладых навукоўцаў”.

35 гадоў... Гэта ўжо людзі з жыццёвым досведам, але ў свеце навукі шлях іх толькі пачынаецца. І рухацца па ім адасоблена — складана. Трэба, такім чынам, аб’ядноўвацца. Для такіх мэтаў у 2002-м у Нацыянальнай акадэміі Беларусі быў адноўлены (бо й за савецкім часам, кажуць, існаваў...) Савет маладых навукоўцаў (СМН). Адна з галоўных яго задач — падтрымка маладых навукоўцаў, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця талентаў. Цяпер у суполцы больш за 2200 супрацоўнікаў!

Савет, адзначалася на прэс-канферэнцыі, працуе ў розных  напрамках. Першы звязаны непасрэдна з навуковай дзейнасцю. Савет і дапамагае маладым навукоўцам пачаць або працягнуць кар’еру ў галіне ведаў, і прапануе паўдзельнічаць у карысных праектах. Штогод ладзіць Міжнародную навуковую канферэнцыю “Моладзь у навуцы”: прыязджаюць госці розных навуковых напрамкаў, з розных краін. Яны маюць магчымасць прэзентаваць сусветнай навуковай супольнасці вынікі даследаванняў, а таксама завязаць знаёмствы, карысныя на будучыню. І ўжо сёння геаграфія супрацоўніцтва ў маладых навукоўцаў Беларусі салідная: больш за 50 краін. Асноўныя партнёры — з Расіі, Украіны, Казахстана, а ў далёкім замежжы гэта Кітай, Малайзія, Лаос. Найбольш значная распрацоўка — суперсучасны кампутар СКІФ. Калі яго стварылі, ён уваходзіў у 100 самых хуткадзейных кампутараў свету. Яшчэ называлі — як пляцоўкі для супрацы маладых — біятэхналагічную праграму “Трансген”, IT-тэхналогіі, фармтэхналогіі.   

Ірына Альфер працуе ў Інстытуце фізіялогіі НАН 


Акрамя канферэнцыі, СМН арганізуе нямала іншых мерапры­емстваў: міждыс­цыплінарныя круглыя сталы, злёты, выставы, навуковыя рынгі, конкурсы... Сёлета ўпершыню з 29 мая па 2 чэрвеня СМН праводзіць Школу маладога вучонага “Вучоны пад ключ-2017”. Гэта кароткі цыкл лекцый, семінараў, майстар-класаў, круглых сталоў  і практычных заняткаў ад вядучых вучоных НАН Беларусі. Як адзначыла старшыня СМН Аддзялення хіміі ды навук пра Зямлю НАН Таццяна Пліско, маладым вучоным патрэбная дапамога ў арганізацыі навуковай дзейнасці, у выбары тэм для артыкулаў і дысертацыйных даследаванняў. Бывае, ідэй у даследчыка шмат, але аптымальна размеркаваць свой час і сілы — не атрымліваецца. Такія курсы, лічыць Таццяна, будуць на карысць пачаткоўцам.

Не сакрэт: дарога ў навуку пачынаецца ў школе. Таму СМН цесна супрацоўнічае з беларускімі ВНУ і школамі. “Выпускнікі ВНУ і школ заўтра могуць стаць нашымі супрацоўнікамі, — прадоўжыла Таццяна Пліско. — Таму мы з імі падтрымліваем сувязі, стараемся паўдзельнічаць у іхніх мерапрыемствах, а таксама й самі штогод праводзім Дні адчыненых дзвярэй для студэнтаў. Нехта яшчэ на чацвёртым-пятым курсах, ён можа прыйсці ў Акадэмію навук, паглядзець, што за арганізацыя. На мой погляд, гэта спрыяе павышэнню прывабнасці Акадэміі сярод выпускнікоў”.

У Беларусі ў цэлым створана эфектыўная сістэма ўключэння моладзі ў навуковыя даследаванні. А што можа паслабіць любоў да навукі? Сацыяльна-бытавыя праблемы, з якімі часам даводзіцца сутыкацца маладым навукоўцам. І СМН дапамагае іх вырашаць. “Жыццё любога чалавека па-за яго працай аказвае істотны ўплыў на яго прафесійную дзейнасць, — падключыўся да размовы старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі Андрэй Іванец. — Таму мы стараемся вырашаць пытанні з засяленнем маладых навукоўцаў у інтэрнат, уплываем на рашэнне жыллёвых пытанняў для маладых сем’яў”. Вельмі дарэчы аказалася Дзяржапраграма арэнднага жылля, прынятая ў 2012 годзе. За гэты час больш за 300 сем’яў маладых навукоўцаў атрымалі арэндныя кватэры. Чатыры гады таму пачалося будаўніцтва жылога комплексу “Магістр”, частка кватэр у якім будзе аддадзена маладым навукоўцам. А ў Год навукі яны змогуць атрымаць беспрацэнтную растэрміноўку (на 20 гадоў) на крэдыты для будаўніцтва ўласнага жылля.

Падтрымлівае дзяржава маладых навукоўцаў і разнастайнымі стыпендыямі, грантамі, прэміямі. У снежні 2016-га, напрыклад, 44 маладым аспірантам НАН, якія выконваюць дысертацыйныя даследаванні па прыярытэтных кірунках, прызначана прэзідэнцкая стыпендыя — па 350 рублёў на месяц (каля 180$). А паколькі 2017-ы ў Беларусі — Год навукі, то спланавана шмат канферэнцый, семінараў, круглых сталоў. Сярод іх удзельнікаў будуць і таленавітыя маладыя навукоўцы. Яны нарадзіліся ў пару інтэрнэту, ІТ-тэхналогій, яны і будуць вызначаць будучыню беларускай навукі. Для мяне ж словы “моладзь”, “інавацыі”, “будучыня” вельмі сугучныя.

Іна Ганчаровіч


Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter