Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вышываныя вырабы жыхаркі палескай вёскі Лактышы Яўгеніі Краўчук пабывалі на выставах у розных гарадах Беларусі ды ў замежжы

Навука ад бабулі Жэні

Багатае на таленты беларускае Палессе! Ці то паветра там нейкае асаблівае, ці то прырода сама творчыя сілы ў людзях абуджае, але што ні чалавек, то самародак. Летась пад час камандзіроўкі ў вёску Лактышы — гэта Ганцавіцкі раёне Брэстчыны — шукала я роднасныя сувязі беларускіх Матусевічаў ды аргенцінскіх Драздоў (“Суродзічы жывуць за акіянам”, ГР, 16. 11. 2016). Заадно пазнаёмілася з тамтэйшай вышывальшчыцай Яўгеніяй Краўчук. Лактышанка, гаворыць, карэнная, і прадзеды ў яе з тых мясцін. Шмат расказвала пра вясковае жыццё. Як, напрыклад, раней лён сеялі ды ўручную пасля церлі так, што аж скуру на руках часам здзіралі. Як травы лекавыя на зіму збіралі, сена жывёле назапашвалі. “Добра жылі, — усміхаецца Яўгенія Краўчук. — Рабілі, гаспадарку трымалі, то й галоднымі не хадзілі. Весела было! Песні спявалі, на вячоркі збіраліся”.

Яўгенія Краўчук з Лактышоў не стамляецца вышываць
Фота: Кацярына Мядзведская

Цяпер адна жыве Яўгенія Іванаўна: муж Іван памёр 20 год таму. А дзеці ды ўнукі раз’ехаліся — хто ў Мінску ды Ганцавічах, хто ў суседніх Кукоях, а хто й за мяжой. Сустрэцца з роднымі — заўсёды радасць для бабулі. Хоць, кажа, не забываюць, наведваюць. Летам дапамагаюць з агародам, на зіму прывозяць кнігі, часопісы. “Які ж яшчэ занятак у вёсцы ў маразы? — пытаецца. — Хіба што рукавіцы звязаць альбо шкарпэткі. Павышываць таго-сяго...” І тут вочы субяседніцы неяк незвычайна заблішчэлі. “Праходзьце ў залу, пакажу скарбы...”, — запрасіла. Як пераступіла парог пакоя, то заблішчэлі вочы і ўсхвалявана застукала сэрца ўжо ў мяне. Вышываныя навалачкі на падушках, абрус, шторы, саматканыя дываны... Усё зроблена рукамі Яўгеніі Іванаўны. Некаторым навалачкам, кажа, болей за 60 год! Вышывала іх яшчэ да вяселля, збірала сабе пасаг. І цяпер яны як новыя!

“У мяне ж і дочкі вышываюць, і ўнучкі, — працягвае Яўгенія Іванаўна. — Некаторыя з рэчаў дачка Марыя ў Ганцавічы забрала, ёй яны для работы патрэбныя. Выставы ладзіла... Нават за мяжой мае працы пабывалі!” Пасля з сапраўднага куфру дастала бабуля і яшчэ адну каштоўную для яе рэч: нумар газеты “Савецкае Палессе” ад 7 мая 2016 года. Там артыкул пра дачку “Як Марыя Муха спадчыну збірала”. Напісалі калегі мае, як былая дырэктарка Ганцавіцкага дома рамёстваў, кіраўніца клуба “Багач” Марыя Іванаўна першай у раёне пачала збіраць унікальную калекцыю старадаўніх ручнікоў, сурвэтак, посцілак, строяў, прылад для ткацтва ды іншых вырабаў. І як абыходзіла з вялікім мехам за плячыма малыя і вялікія вёскі Ганцавіцкага раёна, знаёмілася з мясцовымі майстрамі, збірала звесткі пра старадаўнія рамёствы і рэчы. Ёсць у тэксце й падзяка маці: “Вышываць, ткаць навучылася ад маці, Яўгеніі Краўчук, якая на ўсе рукі майстрыха. Тая без працы ніводнага дня пражыць не можа”.

У 2011 годзе за дзейнасць па адраджэнні ды захаванні народных рамёстваў Ганцавіцкі дом рамёстваў, а Марыя Іванаўна была на той час яго дырэктаркай, быў адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі. І гэта — асаблівы гонар Яўгеніі Іванаўны за дачку.

Пазней я звязалася з Марыяй Іванаўнай па тэлефоне. Яна расказала: “У Доме рамёстваў сабрана вялікая аўтэнтычная калекцыя ручнікоў, прадметаў традыцыйнага беларускага касцюма, абрусы, сурвэткі, пано... Ёсць сярод іх і працы маці. Вышываюць ды ткуць, канешне, і маладыя майстры. Старыя ручнікі служаць нам узорамі. Усяго ў калекцыі — болей за сто прадметаў. І гэтыя скарбы можна пабачыць не толькі ў Доме рамёстваў: мы ўдзельнічаем ва ўсіх святочных мерапрыемствах раёна, выстаўляемся ў “Гарадах майстроў” у розных мясцінах Беларусі. Неаднойчы бывалі ў Польшчы, Літве, Латвіі”.

Вось якая, аказваецца, карысная і цікавая бабуліна тая навука: нават на адлегласці сёння дзяўчаты вучацца вышываць — па ўзорах Яўгеніі Іванаўны ды іншых вясковых майстрых. Хоць і ў новай форме — гуртках ды клубах па інтарэсах — але ж перадаецца маладым старадаўняе майстэрства, не забываецца!

Дарэчы. Пасля выхаду ў нашай газеце артыкула “Суродзічы жывуць за акіянам” (пра тое, што родныя людзі аргенцінскіх Драздоў па гэты час жывуць у беларускіх Лактышах) у рэдакцыю даслаў ліст аргенцінскі пісьменнік Анібал Гараглія. Напісаў, што знаёмы з сям’ёй Драздоў, ведаў і Ульяну і Платона, якія пераехалі ў 1938 годзе ў Бярысу, іх дзяцей: Аляксандра, Івана, Юлію. Былая ж лактышанка Ульяна Дрозд (у дзявоцтве Матусевіч) настолькі ўразіла хлопчыка дабрынёй, спагадлівасцю, шчырасцю, што ён прысвяціў той жанчыне апавяданне-ўспамін. Перадаповед і само апавяданне змешчаны сёлета ў №2 часопіса “Беларусь. Belarus” на пяці мовах: беларускай, англійскай, польскай, іспанскай, кітайскай. Часопіс можна знайсці ў інтэрнэце — на партале медыяхолдынга “СБ. Беларусь сегодня”  https://www.sb.by/magazine/79/ Так што лактышанскія гісторыі разыходзяцца па свеце.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 11 (3515), чацвер, 16 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter