Навукі аб духу — каштоўнасць важкая

У НАН Беларусі прайшоў круглы стол па гуманітарных навуках

Праблемы развіцця гуманітарных навук, уклад навукі ў эканамічнае і сацыяльнае развіццё грамадства, выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця духоўнасці і патрыятызму, фарміраванне нацыянальнай ідэі былі ў цэнтры ўвагі вядучых навукоўцаў-гуманітарыяў краіны. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі іх сабраў круглы стол «Гуманітарныя навукі: дасягненні і перспектывы», прымеркаваны да 85-годдзя НАН Беларусі.

На форуме падкрэслівалася, што навуковыя даследаванні інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі навук выключна важныя для паспяховага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны. Яны не толькі фарміруюць беларускі погляд на развіццё гісторыі і культуры, нацыянальную ідэнтычнасць, але і спрыяюць захаванню і ўмацаванню асноў беларускай дзяржаўнасці. Яны закліканы сцвярджаць у грамадскай свядомасці ідэі, што ў беларускага народа вялікае мінулае і яго гістарычнае прызначэнне — здабыць вялікую будучыню, стварыць моцную і квітнеючую дзяржаву.

Як падкрэсліў старшыня прэзідыума акадэміі акадэмік Уладзімір Гусакоў, навуковая і грамадская значнасць гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі бясспрэчная. Таму дзяржава надае такую вялікую ўвагу яе падтрыманню, папулярызацыі і практычнаму выкарыстанню. Захаванне археалагічных і архітэктурных аб’ектаў у сучасным свеце разглядаецца як адно з найважнейшых напрамкаў глабальнай культурнай палітыкі, як неад’емная норма пры вырашэнні задач сучаснага развіцця. Цывілізаваны свет імкнецца забяспечыць фізічную захаванасць гісторыка-культурнай спадчыны, зыходзячы з таго, што матэрыялізаваная гісторыя — сведчанне культурнага багацця і глыбіні нацыянальнай гісторыі.

У выніку навуковых даследаванняў гісторыкаў, археолагаў, этнографаў і мастацтвазнаўцаў у краіне назапашаны велізарны факталагічны матэрыял, выяўлены тысячы новых гістарычных крыніц, сотні помнікаў археалогіі, вызначаны іх культурна-храналагічныя асаблівасці, праведзены шырокамаштабныя комплексныя палявыя даследаванні ў Мінску і ва ўсіх абласцях краіны. Апублікаваны сотні манаграфій, зборнікаў, навуковых прац, падручнікаў, даведачна-інфармацыйных выданняў, тысячы навуковых, энцыклапедычных і навукова-папулярных артыкулаў у Беларусі і за мяжой. І вельмі важна, што ў апошнія гады фундаментальныя даследаванні гуманітарыяў усё больш носяць ярка выяўленую практычную накіраванасць.

Разам з тым, адзначалі ўдзельнікі пасяджэння, сёння з’яўляецца актуальнай і вострай праблема падтрымання і захавання гісторыка-культурнай спадчыны, і ў першую чаргу археалагічных помнікаў і аб’ектаў архітэктуры. І тут навукоўцам патрэбна дапамога дзяржавы, асабліва ў вырашэнні пытанняў стварэння адзінай археалагічнай карты краіны, інвентарызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, удасканалення Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, аховы помнікаў археалогіі і прававой адказнасці за іх разбурэнне.

Асабліва неабходна ўзмацненне барацьбы з «чорнымі капальнікамі», як робіцца гэта ў Расіі, дзе прымяняюцца даволі жорсткія меры да рабаўнікоў нацыянальнага багацця. Адэкватныя меры трэба прымяняць і ў Беларусі, каб мясцовыя «чорныя капальнікі» і іх памочнікі, вандалы з суседніх краін не наносілі непапраўную шкоду нашаму нацыянальнаму здабытку.

У ліку самых вострых праблем навукоўцы ВНУ называлі таксама скарачэнне гадзін па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах. У новай канцэпцыі аптымізацыі зместу структуры і аб’ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі, якая распрацавана ў Міністэрстве адукацыі, колькасць вучэбных гадзін у параўнанні з папярэднім стандартам 2008 года скарочана амаль удвая, што, на думку навукоўцаў, недапушчальна. Тым больш, калі гаворка ідзе аб падрыхтоўцы дыпламаваных спецыялістаў-гуманітарыяў, педагогаў.

Для вырашэння гэтай вострай праблемы прапаноўваліся меры, якія павінны знізіць негатыўны эфект так званай аптымізацыі. У іх ліку, напрыклад, аднаўленне работы агульнаўніверсітэцкіх метадычных семінараў па сацыяльна-гуманітарных навуках, паляпшэнне змястоўнага боку выкладання, фарміраванне вучэбна-метадычных электронных комплексаў. І яшчэ ВНУ разлічваюць на больш эфектыўную дапамогу навукоўцаў НАН Беларусі, і такая падтрымка, як запэўнілі калег навукоўцы-гуманітарыі акадэміі, будзе ўзмоцнена.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter