«Навучым дзяцей шанаваць продкаў – і самі будзем у пашане»

Іван Супрунчык — мясцовы гісторык, таленавіты разьбяр па дрэве, адмысловы мастак, яго ведаюць не толькі ў роднай вёсцы Цераблічы. Уся Століншчына бачыла на свае вочы выдатныя рэчы побыту, якія адшукаў гісторык на малой радзіме, ці хаця б чула пра іх. Музей, створаны рукамі Івана Філіпавіча, адзін з цудаў палескай зямлі, бо роўных народнаму музею вескі Цераблічы пакуль што няма. Нездарма ў кнізе падзякаў гісторыку ёсць цёплыя словы і палешукоў, і турыстаў — галандцаў, немцаў, французаў, англічан…Усе ў захапленні ад самабытнага музея і не менш самабытнага гісторыка. Пах свежага дрэва і сена на парозе музея казыча нос, нібыта насамрэч заходзіш у даўнюю беларускую хату. На падлозе саматканыя з абрэзкаў ходнікі. Раней, прызнаецца Іван Супрунчык, тут быў філіял пінскай трыкатажнай фабрыкі. У 1996 годзе міні-фабрыку зачынілі, а гэты вялікі будынак адвялі пад гістарычныя экспанаты. Бо з кожным годам іх становіцца ўсё больш і больш.

Палескі самародак Іван СУПРУНЧЫК імкнецца захаваць народныя традыцыі, што адыходзяць у нябыт.

Іван Супрунчык — мясцовы гісторык, таленавіты разьбяр па дрэве, адмысловы мастак, яго ведаюць не толькі ў роднай вёсцы Цераблічы. Уся Століншчына бачыла на свае вочы выдатныя рэчы побыту, якія адшукаў гісторык на малой радзіме, ці хаця б чула пра іх. Музей, створаны рукамі Івана Філіпавіча, адзін з цудаў палескай зямлі, бо роўных народнаму музею вескі Цераблічы пакуль што няма. Нездарма ў кнізе падзякаў гісторыку ёсць цёплыя словы і палешукоў, і турыстаў — галандцаў, немцаў, французаў, англічан…Усе ў захапленні ад самабытнага музея і не менш самабытнага гісторыка. Пах свежага дрэва і сена на парозе музея казыча нос, нібыта насамрэч заходзіш у даўнюю беларускую хату. На падлозе саматканыя з абрэзкаў ходнікі. Раней, прызнаецца Іван Супрунчык, тут быў філіял пінскай трыкатажнай фабрыкі. У 1996 годзе міні-фабрыку зачынілі, а гэты вялікі будынак адвялі пад гістарычныя экспанаты. Бо з кожным годам іх становіцца ўсё больш і больш.

Драўлянае кола жыцця

Палескі самародак адразу ж вядзе да маленькага “алтара”. “Вось у гэтых драўляных скульптурах увасоблена гісторыя нашай вёскі”, — кажа мужчына. Паўкругам выстраіліся 16 драўляных фігур людзей: адзін лысы, другі — лупаты, трэці — пачварны… Назва вёска Цераблічы пайшла ад слова “церабіць”: людзі выцерабілі дрэвы і кусты і пасяліліся сярод балотаў. А пачатак мясцовым жыхарам далі 16 родаў, іх фігуры Іван Філіпавіч выразаў сам. У Цераблічах бытуе такая легенда: жыў у вёсцы разумны хлопец Лефан Лефананя, які забіў цяля. Кожнаму роду даў па кавалачку цяляці і надзяліў сваёй характарыстыкай. Клубому даў прысы, бо там Яўмен лысы. І зараз усе мужчыны гэтага роду, са слоў гісторыка, лысеюць яшчэ да 30 гадоў. Кашэўскім аддаў рогі, бо яны не саступаюць з дарогі. Макадом дасталася каленца, бо ў іх няма ні дроў, ні паленца. Пагадом адышоў хвост, бо яны ў царкву ходзяць у пост. Барысям — шкура, бо ў іх дурная натура. І так Лефан апісаў норавы ўсіх 16 родаў.

Падыходзім да чырвонага кутка, які быў у кожнай хаце. На покуці вісіць драўлянае кола, за ім беласнежны ручнік. «Чаму кола?» — здзівілася я. Гісторык усміхнуўся: журналісты часта выкарыстоўваюць выраз “кола жыцця” і не разумеюць, чаму ў беларусаў вісела ў чырвоным кутку кола.

Стань, маладзіца, на дзяжу…

Увогуле, жыццё кожнага беларускага селяніна поўнілася сімваламі і традыцыямі. Калі ішлі ў сваты, бацька хросны браў з сабой барыла — драўляны збан з медавухай ці самагонам і вярэньку — плеценую з бяросты торбу цераз плячо, поўную хлеба ці мёду. Назва гляка з медавухай ці самагонам і дала назву мясцовым алкаголікам — барыла (ці барыга).

Раней, распавядае Іван Супрунчык, хлопец да 18 гадоў хадзіў у сарочцы, а ўжо ў сваты маці як піць даць шыла жаніху штаны. Гісторык расказаў мясцовы жарт: у суседняй вёсцы Альгомель хлопец пайшоў сватацца да дзеўкі, апрануў новыя штаны. Пераходзілі сваты цераз раку, жаніх, каб не намачыць калошы, скінуў штаны і павесіў на куст, ды так і  пакінуў іх там. Прыйшлі сватацца, маці хросная выхваляе хлопца: і разумны, і працавіты, і штаны ўжо носіць. “Падымі, сынок, сарочку”, — загадала хросная. Хлопец і падняў…

Дарэчы, прапусцілі пікантную падрабязнасць сватаўства. Падыходзілі да хаты нявесты, кідалі да парога хаты лапці са словамі: “Шуры-муры, лапці ў хату”. Калі бацьку нявесты былі не даспадобы сваты і жаніх, лапці ляцелі назад са словамі: “Не шурай, не мурай, свае лапці забірай”.

Раней, прызнаецца гісторык, жанілі не па каханні, а па пасагу. “Мая маці, — расказвае Іван Філіпавіч, — да замужжа жаніха не бачыла. А пражылі разам усё жыццё”.

Як толькі дзяўчыну сасваталі, тая пачынала сама прасці празрысты сарпанак з ільну — сучасную фату. Сарпанак быў доўгі, метры два, а на галаве пераходзіў у “какошнік”.

Пасля вянчання ў царкве маладыя ішлі дадому да нявесты, і свякроў правярала, цнатлівая нявестка ці не. На парозе ставіла дзяжу, дзе мясілі цеста. Маладзіца была зганьбаванай — абыходзіла дзежку, калі нявіннай — станавілася на яе. Падман быў выключаны, бо пасля першай сямейнай ночы свякроў правярала пасцельную бялізну.

А яшчэ пры сустрэчы маладых з царквы свякроў давала лыжку мёду мужу, а пасля — жонцы. Калі нявеста грэбліва смакавала мёд з адной і той жа лыжкі, то жонкай яна, лічылася ў народзе, бу- дзе кепскай.

Помста Далоні

Неверагодна, але насамрэч цікава: цяжарную жанчыну, якая вось-вось народзіць дзіцятка, нават летам везлі да вясковай павітухі на санях. Жанчына была роўняй багіні Вясны.

Многім успамінам пра мінулае Іван Супрунчык абавязаны сваёй хроснай маці, якой ужо ідзе соты год. “А сто гадоў назад дзяцей калыхалі вось у такіх крэнджолах”, — вядзе гісторык да калыскі, якая змайстравана з трох звязаных між сабой палак. Такую калыску было зручна браць у поле: бацькі працуюць, а малое спіць спакойна ў цяньку. Падыходжу да цэлай галерэі малюнкаў і зацікаўлена разглядаю іх… “А гэта сваімі рукамі адлюстраваў сказ пра асілка з вёскі Рамель Столінскага раёна”, — падыходзіць гісторык.

Калі адмянілі паншчыну, рамельцы (жыхары вёскі) яшчэ гады два працавалі на пана. Пайшлі неяк на адпрацоўку муж з жонкай ды ўзялі з сабой дзіцятка. Паклалі яго спаць у крэнджолы, самі не пакладаючы рук працуюць. Тут малое заплакала, маці пайшла яго карміць. Пан быў вырадкам, біў сваіх сялян, заўважыў, што жанчына корміць дзіця, падскочыў да яе і давай лупіць. А мужык яе — здаровы, ростам метры два, рукі, як засланкі ў печы. Ды як заедзе пану сваёй вялізнай далоняй, пан аглух і аслеп. Праз тыдзень селяніну прыходзіць павестка ў мазырскі суд. Сабраў мужык свае пажыткі ды пайшоў пешшу, а сам прыгаворваў: “На мядзведзі еду, воўкам падпіраюся, вужом падпяражуся, нікога не баюся”. Даведаліся суддзі, за што ўдарыў мужык пана, ды так і адпусцілі дадому. Вярнуўся ён у вёску, ды і расказаў, як было. Так і зарабіў сабе мянушку Далоня.

Рыба вушы адрывала

Ідзём разам з палескім самародкам разглядаць рэчы сялянскага побыту. Бачу пад столлю плецены з лазы “вулей”, у ім маленькае акенца. “Гэта даўні маразільнік, — тлумачыць гісторык немудрагелістае прыстасаванне для прадуктаў. — Унутр гэтага закрытага кошыка клалі сала, рыбу, вывешвалі зімой на вуліцу, летам — на скразняку, каб ён добра прадзьмуўся ветрам”. Вось так нашы продкі ўсё рабілі сваімі рукамі. І не патрэбны былі грошы, каб набыць модны бліскучы маразільнік.

“Хочаце ўбачыць мінулы тэрмас? Тады за мной! — гісторык нясе гліняны гляк, пузаты да смешнага, але з вузенькім горлам. — Вось такі збан захоўваў малако халодным у самы спякотны дзень лета”.

І гэта не ўсё… Ведаеце, як жанчыны раней мылі бялізну? Цікавейшая рэч. Замест сучасных “індэзітаў”, “арда”, “бошаў” надзейнай сяброўкай гаспадыні была беларуская самабытная “жлукта”. Кідалі ў глыбокае драўлянае “дупло” з дном бялізну, залівалі вадой, засыпалі попелам і пакідалі на ноч. Раніцай адбеленую бялізну неслі да ракі паласкаць. «Трэба беларускім вытворцам электратэхнікі, — разважае гісторык, — падказаць ідэю для назвы беларускіх пральных машын. Чым назва “жлукта” горшая за іншыя?»

“Раней рыбы ў рэках было процьма, — расказвае Іван Філіпавіч. — За раз можна было мех налавіць. Вушы паабрываеш, пакуль з рыбалкі вернешся дадому. Чаму? Ды таму, што беларусы прыдумалі своеасаблівыя спінінгі: замест лескі была канапляная вяроўка, а паплаўкоў тады яшчэ не прыдумалі. Вяроўкі спінінгаў вешалі на вушы. Злавіў рыбіну — вухам чуеш. Бывае, шчупак так тузане, што і без вуха застанешся».

Жылі калісьці ў Давыд-Гарадку майстры-шаўцы, што шылі боты без адзінага шва. Здзіралі з ног жывёліны шкуру, падбівалі падэшву — і хоць ты па балотах хадзі, ногі не прамочыш. Сам Язэп Пілсудскі заказваў у давыд-гарадоцкіх мастроў абутак.

“А вось гэтыя лапці, якія знайшоў у вёсцы Манькавічы (Столінскага раёна. — Аўт.), я называю “другі фронт”, — паказвае Іван Філіпавіч лапці з аўтамабільнай шыны. — Калі Амерыка адкрыла другі фронт у гады Другой сусветнай, амерыканцы прывезлі свае машыны з гумавымі коламі. Вось хтосьці і дадумаўся пашыць такія дзіўныя лапці з шынаў”.

У народным музеі стаіць легендарнае драўлянае вядро, якое можна ўбачыць у кадрах кінафільма “Людзі на балоце”. “А ведаеце, што значыць “ажаніць коміна”?” — звяртаецца з пытаннем да мяне гісторык. Я толькі паціскаю плячыма. “Восенню халадала, таму маці пачынала паліць печ і казала малым: будзем жаніць комін, — усміхаецца Іван Філіпавіч, — а мы ўжо зацягвалі абрадную песню: “Сёння вясёлы вечар у нас, жэніцца наш комін Апанас”. Не паверыце: раней коміны не будавалі, а ткалі! Беларусы ацяплялі жытло палатняным комінам, праўда, змазвалі яго глеем, каб не загараўся. Па мерках сучаснага жыцця, вельмі небяспечна. Адкрыты агонь мог адабраць не толькі жыллё, але і жыццё. Але ж грэцца трэба было.

Старых пералапацілі

Беларусы падхапілі моднае славечка “эўтаназія” і карыстаюцца ім на кожным кроку — ці то паказаць сваю эрудыцыю, ці то проста пафарсіць перад знаёмымі. Насамрэч беларусы спрадвек ведалі так званую “эўтаназію”, толькі называлі яе “лапаціна”. “Пад Пінскам і на Гомельшчыне нават ёсць вёскі з такой назвай — Лапаціна”, — расказвае гісторык. Спачатку набіраю нумар любога абанента вёскі Лапаціна, што пад Пінскам, пытаю: чаму вёска завецца Лапаціна? У адказ: мабыць, людзі лапатамі працавалі… “Ай-яй-яй! Як не ведаць гісторыі сваёй малой радзімы” — думаю ў роспачы. Званю на Гомельшчыну, там — тое самае”.

У многіх беларускіх легендах і паданнях гаворыцца: старога бацьку ці маці, калі яны ўжо трацілі апошнія сілы, дзеці адвозілі на возе ў лес і пакідалі паміраць. І такое насамрэч існавала. Другі спосаб так званай “эўтаназіі” — гэта калі стары чалавек збіраў род і прасіў даць яму лапаціна. Сын браў драўляную лапату, якой пералапачвалі зерне ў гумне ці ставілі пірагі ў печ, і біў бацьку па галаве. “Як воін памірае ад зброі, так і селянін паміраў ад прылады працы”, — лічыць самародак Іван Філіпавіч. На лапаце, дарэчы, заўжды сустракаліся сімвалы сонца — крыжы. Пасля нябожчыка абмывалі і, калі выносілі з хаты, перадавалі цераз яго з сенцаў у хату хлеб. Менавіта ў хату, каб на стале ён круглы год вадзіўся. Выкапаюць яму для нябожчыка і кладуць лапаты крыжам, што таксама сімвалізуе сонца.

Пасля пахавання на наступную раніцу, лічылася, душа прыходзіць у хату, таму на стале пакідалі кавалак хлеба, кубак вады і свечку. Праз дзевяць дзён душа нібыта выходзіла з хаты, кружыла над сялом, а праз сорак дзён адлятала назаўсёды.

Самым разумным беларускім абрадам Іван Супрунчык лічыць Дзяды. “Навучым дзяцей шанаваць продкаў, — разважае гісторык, — і самі будзем у пашане”.

Які там крызіс?

Іван Супрунчык шкадуе, што не ўсе ведаюць і мала цікавяцца гісторыяй роднай зямлі. І шчыра радуецца, калі на экскурсію прыязджаюць школьнікі, настаўнікі. Сёння ў яго няма пераемнікаў, а самому ўжо 63 гады…

Такіх, як ён, таленавітых і разумных самародкаў, на Палессі — адзінкі. А час — шпарка-імклівы, і ён сцірае беларускія традыцыі і абрады з твару нацыі, а людзей, якія могуць да пакаленняў данесці жывую гісторыю, застаецца ўсё менш. Мы становімся такімі, як усе, падобнымі да іншых, і губляем сваю адметнасць разам са сваёй культурай.

Страшна ўявіць, што адкажуць праз 20—30 гадоў маладыя мамы, калі дзеці іх спытаюць: “Мама, а чым мы адрозніваемся ад рускіх ці ўкраінцаў? Гаворым аднолькава, выглядаем таксама… Чаму яны рускія, а мы — беларусы?”

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

НА ЗДЫМКАХ: 1. Старадаўні маразільнік напамінаў вулей, яго плялі з лазы, а пасля вешалі пад страху на скразняку; 2. У дзіцячым стуле з цэльнага кавалка дрэва рабілі дзіркі, а пад дзіркі ставілі гаршчок — так палешукі абыходзіліся без памперсаў; 3. Драўляныя лыжы ў снежныя зімы былі падчас адзіным сродкам транспарту; 4. Скураныя боты давыд-гарадоцкія майстры шылі без адзінага шва: здзіралі скуру з жывёліны, падбівалі падэшву — і боты гатовыя.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter