Навошта Убарцi-рацэ сiвы паромшчык

...У некаторых жыхароў Лельчыц, якiя днямi прынялi ўдзел ва ўрачыстым адкрыццi новага 148-метровага моста цераз раку Убарць, яшчэ жыве памяць пра папярэднiкаў сучаснага жалезабетоннага збудавання...

...У некаторых жыхароў Лельчыц, якiя днямi прынялi ўдзел ва ўрачыстым адкрыццi новага 148-метровага моста цераз раку Убарць, яшчэ жыве памяць пра папярэднiкаў сучаснага жалезабетоннага збудавання. Верай i праўдай некалькi пасляваенных дзесяцiгоддзяў служыў тутэйшым людзям драўляны пераход. Калi  з-за доўгага часу эксплуатацыi “патрыярх” (дарэчы, ён заставаўся апошнiм драўляным збудаваннем цераз водныя артэрыi Гомельшчыны) прыйшоў у аварыйны стан, замест яго на гэтым месцы была ўзведзена нiзкаводная бетонная пераправа. Адказныя асобы з  раёна i вобласцi тады завяралi палешукоў:  варыянт часовы. Праўда, часоваму мосту было наканавана вырашаць людскiя праблемы больш за... 30 гадоў. Аддаючы належнае прафесiяналiзму мясцовых дарожнiкаў з Лельчыцкага ДЭУ-42 РУП “Гомельаўтадор”, якiя такi працяглы час абслугоўвалi i падтрымлiвалi мост у рабочым стане, тым не менш трэба адзначыць: нават  уменне i вялiкае старанне ўтрымальнiкаў дарог не маглi спынiць уплыў часу. 

— У 1983 годзе я  стаў сведкам адной з аварый, якая адбылася на мосце з-за яго не лепшага стану, — дзялiўся ўспамiнамi жыхар Лельчыц, кiраўнiк вядомага не толькi на Гомельшчыне  прыватнага прадпрыемства Валянцiн Буткоўскi. – А  аварыйныя сiтуацыi тут здаралiся перыядычна. У 2000 годзе рух па маставой пераправе ўвогуле быў спынены з-за паводкi. Убарць у чарговы раз праявiла свой круты нораў i падтапiла пад’езды да моста. Узнiклi цяжкасцi з дастаўкай з зарэчнай базы нашых работнiкаў, шчэбню, блокаў, драўнiны, але галоўнае – з’явiлася рэальная небяспека для людзей. 

Удакладнiм: перыядычнае прыпыненне аўтобусных зносiн на сямi iснуючых маршрутах i аўтамабiльнага руху па важнай транспартнай артэрыi рэспублiканскага значэння Тураў—Лельчыцы—Славечна  каштавала не толькi дадаткова патрачаных нерваў амаль 1,5 тысячы жыхарам так званай зарэчнай зоны. Няблiзкi аб’язны шлях да райцэнтра  запатрабаваў немалых дадатковых фiнансавых выдаткаў ад калектываў ПВГУП “Буткоўскi”, асфальтавага завода, СВК “Стадолiчы” i яшчэ двух сельгаспрадпрыемстваў, iншых гаспадарчых суб’ектаў, размешчаных на левабярэжжы Убарцi. Не лепшы ўплыў аказвалi такiя неспрыяльныя абставiны i на транзiтныя магчымасцi рэгiёна: да суседняй Украiны ад моста цераз Убарць – рукой падаць, гэтай дарогай ахвотна карысталiся як айчынныя, так i ўкраiнскiя грузаперавозчыкi. 

...Меркаванне кiраўнiкоў дэпартамента “Белаўтадор” супала з думкамi ўлад Гомельшчыны: транзiтным карыстальнiкам дарогi i жыхарам Лельчыцкага раёна жыццёва неабходны новы мост. 

Але апошняе слова аб уключэннi аб’екта ў iнвестыцыйную праграму “Дарогi Беларусi”,  выдаткаванне на ўзвядзенне збудавання каля 3,5 мiльярда рублёў было за кiраўнiком дзяржавы. Прэзiдэнт у мiнулым годзе падтрымаў iнiцыятыву заказчыкаў i мясцовых кiраўнiкоў. Каб цалкам рэалiзаваць задуманае, праекцiроўшчыкам з “Палессестройпраекта”, калектывам РУП “Гомельаўтадор”, мостабудаўнiчага ўпраўлення № 4 РУП “Мостабуд”, КДУБП “Мазырскае ўпраўленне механiзацы № 58”  спатрэбiлiся  настойлiвасць, прафесiя-налiзм  i агеньчык творчага натхнення. Вынiкам i стаў мост-прыгажун, будаўнiцтва якога завершана амаль на чатыры месяцы раней запланаванага тэрмiну. 

— Збудаванне ўвойдзе ў лiк самых працяглых у  краiне, — адзначае дырэктар моста-будаўнiчага ўпраўлення № 4 Дзмiтрый Алампiеў. — Пры яго ўзвядзеннi рэалiзаваны неардынарныя тэхнiчныя рашэннi. Так, жалезабетонныя апоры сямi пралётаў моста ўмацаваны бутавым каменем, арыгiнальная i канструкцыя бакавога водаадвода з маставога палатна, у час работ выкарыстаны сучасныя будаўнiчыя матэрыялы... 

Са сказанага вынiкае: на працягу блiжэйшых дзесяцiгоддзяў  сiвы  паромшчык жыхарам, якiя жывуць па абодва бакi Убарцi, наўрад цi спатрэбiцца. Тым больш што мост у Лельчыцах будаваўся, як кажуць, навыраст. Запраектаваны пад нагрузку класа А-14, ён, тым не менш, дазваляе ўжо сёння прапускаць транспартныя сродкi вагой да 112 тон i мае шырыню 9 метраў (замест васьмi прадугледжаных для такой катэгорыi дарог). Не выключана, што з цягам часу гэта траса стане мiжнароднай, мяркуюць спецыялiсты, тады не раз успомняць аўтамабiлiсты  добрым словам  за дальнабачнасць сённяшнiх мостабудаўнiкоў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter