
— Выкананы работы па арганізацыі дарожнага руху на перыяд рамонту, а папярэдне створана бяспека для транспартных патокаў. Спецыяльныя страховачныя часовыя апоры дазволяць засцерагчыся ад празмернай дэфармацыі дарогі, — тлумачыць Яўген Пятровіч, намеснік начальніка ўпраўлення механізацыі і спецыяльных работ КУП «Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама».
Сёння рабочыя, узброеныя тэхнікай, пачынаюць разборку асфальтабетоннага пакрыцця. Яно стварае сур’ёзную нагрузку на каркас і апоры моста – на гэтых пуцеправодах яго таўшчыня складае больш за 30 см. Паралельна разбіраюць тратуары, парэнчы, перабудоўваюць сеткі знешняга асвятлення, кантактную сетку ў падмаставой частцы, перакладаюць аптавалаконную кабельную лінію.
— Пасля дэмантажу асфальтабетоннага пакрыцця адразу прыступім да разборкі маналітных жалезабетонных участкаў, якія размешчаны ў міжбэлечных падоўжных стыках, — дзеліцца планамі Васіль Цібеж, галоўны інжынер ДП «Гардарбуд». — Затым правядзём дэмантаж бэлек пралётнага збудавання. Адначасова вырашаюцца пытанні аб вырабе новых бэлек. Гэта працаёмкі, складаны тэхналагічны працэс, які патрабуе дакладна вытрымліваць тэрміны набору трываласці бетону. Для скарачэння тэрмінаў і прыняцця праектных рашэнняў апоры правераць разлікамі с адпаведнымі геалагічнымі даследаваннямі. Папярэдне спецыялісты Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута вызначылі, што з гэтым праблем няма. А вось бетон, арматуру бэлек пашкодзіла карозія.

Пасля таго як зманціруюць новыя, больш трывалыя бэлькі, масты выпрабуюць на трываласць. Калі нясучая здольнасць апор будзе недастатковай, правядуць іх умацаванне.
Работы ідуць паралельна на абодвух мастах – яны абсалютна аднолькавыя па ўзросце, тэхналогіі выканання і нават памерах: даўжыня складае 81 метр.
— Асаблівасць капітальнага рамонту гэтых пуцеправодаў у тым, што ўсе работы выконваюцца ў строгім узгадненні з працай Беларускай чыгункі, — зазначае Васіль Феадосьевіч. – Мы павінны паклапаціцца аб бяспецы не толькі аўтамабільнага, але і чыгуначнага транспарту. Рабочыя працуюць толькі ў «вокны», якія выдзяляе БЧ. На гэты перыяд чыгуначныя саставы накіроўваюць па альтэрнатыўных маршрутах, адключаюць электрасілкаванне кантактнай сеткі.
Закончыць рамонт участкаў плануецца да канца мая, каб кальцавая поўнасцю функцыянавала ў перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Затым рэканструкцыя працягнецца. Рух транспарту ў абодвух напрамках арганізуюць па адрамантаваных частках пуцеправодаў, работы перанясуць на супрацьлеглыя ім участкі.