Репертуар Купаловского театра пополняется премьерами, на сцене историческая «Чорная панна Нясвіжа»

Навізна ў акцёрах, іх шчырасці

«Адна Душа, адно Жыццё і Кроў... Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў» — неверагодная гісторыя кахання Барбары Радзівіл і караля Жыгімонта з-пад аўтарства Аляксея Дударава. Вось ужо чатыры стагоддзі ў Нясвіжскім замку з’яўляецца прывід маладой жанчыны. Па легендзе, гэта блукае пакутлівая душа недарэчна загубленай каханай Жыгімонта — Барбары. Нягледзячы на тое, што іх шчыраму саюзу перашкаджала, здавалася б, усё на свеце, у тым ліку блаславення на шлюб не давала маці караля Бона Сфорца, закаханыя здолелі пранесці светлыя пачуцці і не здрадзіць адно аднаму да канца. Іх гісторыя магла б прадоўжыцца, каб не ракавы падман, дакладней — недаказаная праўда, якая горш за самую злую ману. «Чорнай панны Нясвіжа» не было ў рэпертуары Купалаўскага сем месяцаў, аднак абноўленай трупе артыстаў за месяц удалося аднавіць пастаноўку і сыграць яе так, каб у многіх гледачоў заблішчэлі слёзы. Гэта былі слёзы радасці ад таго, што жыццё і каханне вечныя.

Здача спектакля «Чорная панна Нясвiжа».

«Чорная панна Нясвіжа» — трэцяя прэм’ера ў сёлетнім творчым сезоне Купалаўскага. Да гэтага былі «Вечар» і «Паўлінка», на рэпетыцыю якой завітаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з артыстамі, выказаў самыя прыемныя ўражанні ад убачанага фрагмента спектакля. І заўважыў, што леташнія падзеі сталі выпрабаваннем для грамадства, у тым ліку і для Купалаўскага тэатра, на многае адкрылі вочы.

— Нисколько не жалею о том, что произошло в этом театре. С одной стороны, людей увидели. Во-вторых, не было бы счастья, да несчастье помогло: посмотрите, сколько молодежи пришло. Хорошо, что здесь есть взрослые люди, которые помогут молодежи. Но я так-то не заметил, что на вашем фоне они блекло выглядели сегодня, — адзначыў Прэзідэнт.

Творчы калектыў папоўніўся новымі імёнамі, якія сваім стараннем даказваюць першынство Купалаўскага сярод роўных. Так было заўсёды, і не без падтрымкі дзяржавы: для купалаўцаў створаны адны з лепшых умоў. Шматфункцыянальная сцэна, камерная зала, самае сучаснае тэхнічнае аснашчэнне, рэпетыцыйныя залы і грымёркі з душавымі пакоямі — на зайздрасць не толькі беларускім калегам. Чвэрць стагоддзя таму нічога гэтага не было. У 2013-м Купалаўскі набыў абноўлены выгляд пасля маштабнай трохгадовай рэканструкцыі. Задача стаяла няпростая — вярнуць будынку гістарычнае аблічча, а ўнутры ўстанавіць самае сучаснае абсталяванне. Прыйшлося дэмантаваць канструкцыі, узмацняць падмурак, сцены і дабудоўваць дадатковы корпус. Затое тэатр стаў візітоўкай беларускай драматургіі, застаецца толькі працаваць — на радасць сабе і публіцы, гэта абноўлены склад артыстаў і робіць. Робіць, па водгуках мастацкіх крытыкаў і тэатразнаўцаў, годна.

Рэжысёр Зінаіда Вядзеніна.
Відовішчная і пачуццёвая «Чорная панна Нясвіжа» сцвярджае, што галоўнае ў жыцці — захаваць здольнасць да вялікіх пачуццяў і ўчынкаў. Рэжысёр спектакля Зінаіда Вядзеніна — выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (у Купалаўскім гэта другая яе пастаноўка, першай была «Паўлінка»):

— Пастараліся адпавядаць гістарычнай сапраўднасці і аднавіць максімальна поўна тое, што было створана да нас, — у 2000 годзе рэжысёрам Валерыем Раеўскім і сцэнографам Барысам Герлаванам, адна з лепшых старонак творчай гісторыі нашага тэатра. Навізна — у акцёрах. Выбірала нават не па тыпажы, а з улікам шчырасці і магчымасцей. Мае чаканні апраўдаліся, героі ўваходзілі ў ролі прафесійна і хутка, на гэта спатрэбілася менш за месяц. Атрымалі велізарны вопыт, як маштабны спектакль арганізаваць за кароткі час. Як падрыхтавацца гледачу да пастаноўкі? Прыйсці ў добрым настроі, а больш дасведчаным і гістарычна зацікаўленым можна папярэдне вывучыць эпоху, і тады дасканалей будуць зразумелыя тыя ці іншыя павароты сюжэта. Гледача дзея прымусіць суперажываць эмацыйна і пакіне ў яго душы прыемны сум.

Таіса Увядзенская (Барбара) і Міхаіл Світа (кароль Жыгімонт), якія сыгралі закаханых, перакананы, што Бог ёсць Любоў:

— Мы неаднойчы гэтае выказванне паўтараем на сцэне, іграць пачуцці хвалююча і адказна. Некаторыя элементы на рэпетыцыях даліся складаней, аднак мы не прывыклі пасаваць перад цяжкасцямі. Нешта не атрымліваецца — значыць, больш канцэнтруешся на пэўным эпізодзе і бясконца яго прапрацоўваеш. Жанр прадвызначае шмат пластыкі, да таго ж стараліся дакладна патрапіць у музыку. Перад пастаноўкай чыталі не толькі твор, але і крытыку аб  ім, гістарычныя факты, вывучалі рэчаісны выгляд галоўных герояў, упадабаныя імі заняткі. У параўнанні з мінулай пастаноўкай істотных карэкціровак няма, аднак новыя акцёры — прадстаўнікі XXI стагоддзя — па-свойму бачаць выкананне роляў, выстройванне мізансцэн. На прэм’еры адчулі падтрымку гледачоў, іх давер да нас, а таму не маглі падвесці.

Міхаіл Світа ў тэатральнай трупе тры гады, адразу пасля заканчэння акадэміі мастацтваў. Ён запомніўся роляй фанабэрыстага шляхціца Адольфа Быкоўскага ў нядаўняй прэм’еры «Паўлінкі». Таіса Увя­дзенская прыйшла ў калектыў сёлета. Ураджэнка Гомеля тэатральную адукацыю атрымала ў Расіі, там набыла і першы вопыт, але ў сэрцы — Беларусь, таму і вырашыла паспрабаваць сябе ў кастынгу Купалаўскага. Ганарыстую Бону Сфорцу іграе Ала Ельяшэвіч, у складзе трупы з 1972 года, адразу пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Радзівілы Чорны і Руды (браты Барбары) — Станіслаў Арцем’еў і Васіль Сушыцкі таксама папоўнілі трупу пасля жнівеньскіх падзей. 

Акцёры, што ў калектыве нядаўна, не баяцца параўнанняў з былымі выканаўцамі. Кажуць: на любую ролю іх можа быць шмат, але кожны артыст раскрываецца па-свойму. І калі зможа адчуць натуру, характар і пражыць жыццё свайго персанажа, то ўсё ўдасца!


НЕ ПРАПУСЦІЦЕ!

Дарэчы, у рэпертуары Купалаўскага «Чорная панна Нясвіжа» прызначана на 16, 17, 21 і 24 чэрвеня. Абавязкова паглядзіце містычную гісторыю кахання, якая адбылася ў Bялiкiм Княcтвe Лiтoўcкiм y XVI cтaгoддзi, у чac пpaўлeння Жыгiмoнтa Стapoгa. Пасля смерці бацькі польскім каралём стаў яго сын Жыгімонт Аўгуст. Ад яго патрабавалі дзeля дзяpжaўныx iнтapэcaў aжaнiццa з пpынцэcaй Кaцяpынaй Гaбcбypгcкaй i пaкiнyць Бapбapy Рaдзiвiл. Аднак каханыя абвянчаліся. Мaцi Жыгiмoнтa, кapaлeвa Бoнa, праз падман, подкуп і плёткі зжылa ca cвeтy Барбару, аднак не каханне. Менавіта таму прывід маладой жанчыны дагэтуль з’яўляецца ў Нясвіжы.


basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter