В перспективе – до 120 станций: в Минске заработал первый автоматический велопрокат. Как это работает?

Навінкі ў пракаце

У Мінску стартаваў пілотны праект аўта­матычнага велапракату. Гэта першы такі вопыт у краіне. Сістэма дазваляе за лічаныя хвіліны самастойна арандаваць веласіпед на адной з аўта­матызаваных станцый горада, а вярнуць яго будзе магчыма ў любым іншым пункце пракату. Наш карэспандэнт праверыла, як працуе новы байкшэрынг, і даведалася, як будзе пашырацца сетка такіх велапарковак у бліжэйшы час.

На самай справе ёсць два віды байкшэрынгу: калі веласіпед неабходна вярнуць на спецыяльную аўтаматызаваную станцыю і калі яго можна пакінуць абсалютна ў любым месцы. У ТАА «МотаВелаЗавод» вывучылі вопыт іншых краін і палічылі, што першы варыянт больш падыходзіць для Мінска. Намеснік дырэктара прадпрыемства Максім Цуран тлумачыць чаму:

— Ідэя стварыць байкшэрынг у Мінску з’явілася ў нас тры гады таму. Далей мы знайшлі партнёра для распрацоўкі праграмнага забеспячэння — беларускую ІТ-кампанію «Сіматэк Энерга». Перад намі стаў выбар: зрабіць пракат са станцыямі або без іх. Параіліся з калегамі з Еўрапейскага саюза: аказалася, там ужо падалі заяву ў Еўрапарламент, каб прыпыніць развіццё байкшэрынгу без станцый. Чаму? Грамадзяне веласіпеды пакідаюць абы-дзе, гарадское асяроддзе, можна так сказаць, засмечваецца. Можа, шмат каму і здаецца, што кінуць веласіпед каля пад’езда было б прасцей, але гэта стварае нязручнасці тым, хто велатранспартам не карыстаецца. У выніку спыніліся на праекце пракату са станцыямі, заручыўшыся падтрымкай мінскай ДАІ.

Пакуль што ў сталіцы працуюць толькі тры аўтаматызаваныя станцыі велапракату — каля Палаца спорту, Футбольнага манежа і «Мінск-Арэны». Веласіпедысты могуць пракаціцца ўздоўж праспекта Пераможцаў, дзе праходзіць галоўная веламагістраль горада. У будучым арганізатары праекта плануюць размясціць па Мінску каля 120 пунктаў аўтаматычнага пракату, кожны з iх — на 15 веламесцаў.

— Чакаем дазволу Мін­гарвыканкама на ўстаноўку станцый. Плануем, што да наступнага веласезона ў Мінску іх будзе ўжо 50. На зіму такія паркоўкі звычайна кансервуюцца. Нашым праектам ужо зацікавіліся і ў іншых гарадах краiны — у Брэсце, Гродне, Оршы. Плануем папулярызаваць беларускі байкшэрынг і ў Расіі. Дарэчы, акрамя таго, што самі веласіпеды нашай вытворчасці, праграмнае забеспячэнне і станцыі таксама створаны ў Беларусі, — удакладняе Максім Цуран.

Мэта байкшэрынгу — стварыць умовы для таго, каб веласіпед стаў не толькі забаўкай, але і паўнавартасным сродкам перамяшчэння па горадзе. Кошт пракату арганізатары праекта набліжаюць да аднаразовай паездкі ў метро ці тралейбусе. 30 хвілін паездкі абыдуцца ў 65 капеек. Як гэта ўсё працуе? Аўтаматызаваная станцыя — такая велапаркоўка, абсталяваная спецыяльнай прыладай-замком. На кожнай ёсць інструкцыя з неабходнай інфармацыяй. Нічога складанага: для арэнды трэба ўсяго толькі ўсталяваць мабільны дадатак і ўвесці даныя банкаўскай карткі. Пасля пацвярджэння аплаты замок адкрываецца, веласіпед — ваш. Сэрвіс працуе кругласутачна, таму праблемы вярнуць байк на станцыю не будзе. Праверыць, ці ёсць у пункце пракату свабодныя веламесцы, можна праз тую ж мабільную праграму.

— Пакуль што пад пілотны праект мы выдзелілі 40 веласіпедаў, неўзабаве іх колькасць наблізіцца да 200. У пракаце прадстаўлена мадэль Aist Tracker 2.0, якую мы спецыяльна распрацавалі для байкшэрынгу. У гэтым веласіпедзе прадугледжаны нестандартны дыяметр падсядловага штыра. Па-першае, каб не было сэнсу красці запчасткі. Па-другое, каб скарыстацца пракатам мог чалавек любой камплекцыі, любога росту — можна лёгка адрэгуляваць сядзенне па вышыні. У гэтай мадэлі выкарыстоўваецца антывандальная гума, веласіпеды плануем абсталяваць GPS-сігналам і дадаць кошык для рэчаў. Акрамя таго, яны вылучаюцца колерам — пафарбаваны ў ярка-аранжавы, — гаворыць Максім Цуран.

Да верасня прадпрыемства выпусціць першыя электра­веласіпеды. Да наступнага веласезона яны могуць папоўніць станцыі аўтаматычнага велапракату. Паездка на двухколавым электратранспарце абыдзецца крыху даражэй, чым на звычайных веласіпедах.

Дарэчы, на днях у сталіцы запрацаваў і першы сэрвіс велапракату, але без станцый — у самых розных пунктах горада можна заўважыць ярка-жоўтыя веласіпеды. Арэнда — праз мабільны дадатак, які пакуль што даступны толькі для карыстальнікаў Android. Гадзіна паездкі на звычайным веласіпедзе — 2 рублі, на электравеласіпедзе — 10 рублёў.

Бясспрэчна, веласіпеднае асяроддзе з кожным годам у нашай краіне становіцца ўсё больш камфортным. Расце колькасць пунктаў пракату, пашыраецца сетка спецыяльных дарожак, з’яўляюцца новыя паркоўкі і гаражы для двухколавага транспарту, а ў Мінску нядаўна выдзелілі паласу для веласіпедыстаў на праезнай частцы. Па краіне ўжо калясяць каля 1,5 мільёна аматараў экалагічнага транспарту. Больш за ўсё веласіпедыстаў у Мінску — каля 800 тысяч. Гэта амаль 40 працэнтаў жыхароў сталіцы.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter