Беларусы пазмагаюцца за перамогу ў “Еўрабачанні” ўжо на наступным тыдні

NaviBand з BelarusLand

Фота БЕЛТА

З пачатку мая нашы артысты са сваёй “еўравізійнай” камандай знаходзяцца ў Кіеве. Удзельнічаюць у прэс-канферэнцыях, рэпеціруюць, сустракаюцца з фанатамі, дзеляцца сваімі ўражаннямі і промапрадукцыяй. Сярод апошняй сёлета — значкі і стужкі з беларускім арнаментам, гальштукі-матылькі з вышыўкай, выкананыя беларускімі рамеснікамі, праспект з фота-здымкамі, на якіх, да прыкладу, можна ўбачыць Ксюшу з Арцёмам з рэдкай копіяй Бібліі Францыска Скарыны ў руках. Інакш кажучы, усё тое, што сведчыць аб тым, што артысты прадстаўляюць Беларусь з яе аўтэнтычнасцю і самабытнасцю. Дарэчы, і слоган, з якім беларусы прыехалі на конкурс у Кіеў, гучыць як #NaviBand from #BelarusLand.

У нядзелю, 7 мая, гурт прыме ўдзел у афіцыйным адкрыцці Еўратыдня ў кангрэсна-выставачным цэнтры “Паркавы” і пройдзе па чырвонай дарожцы на плошчы Канстытуцыі і алеі каля Марыінскага палаца. А ў чацвер, 11 мая, NaviBand выступіць пад чатырнаццатым нумарам у другім паўфінале. Дапамагаць у выкананні конкурснай песні яму будуць вакалісты з гурта “Беатрыс” і ўдзельнік гурта The EM Міхаіл Сасуноў. Праўда, на сцэну бэк-вакалісты не выйдуць — застануцца за яе межамі. Такая задумка пастаноўшчыкаў нумара — украінскай каманды прафесіяналаў, якая рыхтавала да выступлення Злату Огневіч і Джамалу. Калі паўфінал пройдзе для нашай краіны паспяхова, то мы пачуем “Гісторыю майго жыцця” і падчас фіналу, 13 мая. Будзем спадзявацца на гэта — усё ж такі не часта гучыць беларуская мова з еўрапейскай сцэны.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter