«Навейшыя трактар ці камбайн будучым механізатарам зусім бы не пашкодзілі...»

ГЛЫБОЦКІ дзяржаўны прафесійны ліцэй — адзін са старэйшых у вобласці. У наступным годзе ён адзначыць сваё 60-годдзе. За гэты час для розных сфер народнай гаспадаркі было падрыхтавана звыш трыццаці тысяч спецыялістаў. Многія з іх сталі вядомымі на ўсю краіну людзьмі. Сярод іх — механізатары, дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР Уладзімір Корсун і Георгій Піскуновіч, брыгадзір паляводчай брыгады, Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Вайтэцкі і многія іншыя. Што сёння сабой уяўляе ліцэй? Як арганізаваны навучальны працэс і якія існуюць праблемы? Аб гэтым у інтэрв’ю з дырэктарам установы Валянцінай ШЫНКЕВІЧ.

У Глыбоцкім дзяржпрафліцэі навучаюцца дзеці амаль з усёй Віцебшчыны. І добра потым працуюць на гэтай зямлі

ГЛЫБОЦКІ дзяржаўны прафесійны ліцэй — адзін са старэйшых у вобласці. У наступным годзе ён адзначыць сваё 60-годдзе. За гэты час для розных сфер народнай гаспадаркі было падрыхтавана звыш трыццаці тысяч спецыялістаў. Многія з іх сталі вядомымі на ўсю краіну людзьмі. Сярод іх — механізатары, дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР Уладзімір Корсун і Георгій Піскуновіч, брыгадзір паляводчай брыгады, Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Вайтэцкі і многія іншыя. Што сёння сабой уяўляе ліцэй? Як арганізаваны навучальны працэс і якія існуюць праблемы? Аб гэтым у інтэрв’ю з дырэктарам установы Валянцінай ШЫНКЕВІЧ.

— Валянціна Анатольеўна, у жніўні спецыяльная камісія правярала ўсе вучэбныя ўстановы па гатоўнасці да новага навучальнага года. Калі прыехалі да вас, то былі прыемна здзіўлены разнастайнымі кветкавымі кампазіцыямі на тэрыторыі ліцэя. Хтосьці нават сказаў: «Кветкаводы экзамен здалі. Больш іх правяраць не трэба!» Мелася на ўвазе, што вы рыхтуеце кветкаводаў. А якія яшчэ прафесіі можна атрымаць у ліцэі?

— Мы рыхтуем у асноўным спецыялістаў для сельскай гаспадаркі — слесараў па рамонту сельгасмашын і абсталявання, трактарыстаў-машыністаў, вадзіцеляў, а таксама повараў, гароднінаводаў. Гэта на базе дзевяці класаў. Навучэнцы, акрамя прафесіі, атрымліваюць і атэстат аб сярэдняй адукацыі. Займаюцца яны 2 гады і 10 месяцаў. Для выпускнікоў сярэдняй школы створаны групы вадзіцеляў і муляроў. Тэрмін навучання тут 10 месяцаў.

Упершыню сёлета ў нас будуць набываць прафесію аператара жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм. Патрэба ў такіх спецыялістах узнікла ў сувязі з шырокім будаўніцтвам жывёлагадоўчых комплексаў, рэканструкцыяй старых фермаў і ўстаноўкай на іх новага абсталявання. Некалькі  год  назад  у  нас  вучылі  на электразваршчыка. Потым быў перапынак. Сёлета зноў вярнуліся да гэтай спецыяльнасці, бо ўзнік дэфіцыт у яе кадрах.

— Як прайшла ўступная кампанія?

— На маю думку, даволі паспяхова. Мы «закрылі» набор практычна па ўсіх групах. У некаторых нават звыш нормы. Можам, праўда, прыняць яшчэ колькі чалавек. Прыёмная кампанія прадоўжана да 15 верасня.

— Валянціна Анатольеўна, у тым, што з году ў год Глыбоцкі дзяржпрафліцэй на высокім узроўні праводзіць прыёмную кампанію, бачна, адбіваецца вялікая прафарыентацыйная работа?

— Гэта так. За кожнай школай з трох раёнаў нашай зоны — Глыбоцкага, Докшыцкага і Шаркаўшчынскага — замацаваны адказныя. Нашы педагогі прысутнічаюць на бацькоўскіх сходах у школах, даюць патрэбную інфармацыю. Вучняў школ запрашаем на экскурсіі ў ліцэй, паказваем ім кабінеты, майстэрні, частуем булачкамі, якія спяклі самі ліцэісты.

У сталовай навучэнцы, якія прыйшлі пасля базавай школы, атрымліваюць бясплатныя абеды. А тым, хто на базе адзінаццаці класаў, выплачваем стыпендыю — 460 тысяч рублёў у месяц. Пасля Новага года, у залежнасці ад паспяховасці, многія атрымаюць павышаную — звыш 600 тысяч рублёў. Вялікае ўражанне аказваюць на «экскурсантаў» умовы пражывання ліцэістаў. Інтэрнат капітальна адрамантаваны як звонку, так і ўнутры. У пакоях на тры чалавекі — новая мэбля. Ёсць тэлевізар, халадзільнік. Падрыхтавацца да заняткаў можна не толькі ў пакоі, але і ў бібліятэцы інтэрната, якая працуе і вечарам, адпачыць — у клубе. Наша агітбрыгада расказвае аб прафесіях, якія набываюць навучэнцы ў ліцэі. Наогул, прафарыентацыяй мы пачынаем займацца з пяцікласнікамі. Таксама пачалі ладзіць сумесныя мерапрыемствы: спартландыі, канцэрты, святы. Летась гэта рабілі з Азярэцкай сярэдняй школай, а сёлета плануем з глыбоцкай СШ № 2.

— Валянціна Анатольеўна, вы казалі, што сумесныя мерапрыемствы праводзіце не толькі са школамі свайго раёна, але нават і... з французскімі ўстановамі адукацыі! Маю на ўвазе ліцэй горада Фёр.

— Пачалося гэта супрацоўніцтва дзякуючы старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату, які раней з’яўляўся дырэктарам нашага ліцэя і вельмі шмат зрабіў для яго станаўлення. Дык вось, Алег Віктаравіч асабіста наведаў калег у Францыі і падпісаў дамову аб супрацоўніцтве. У выніку штогод абменьваемся дэлегацыямі: нашы дзеці гасцяць у сваіх аднагодкаў, а французскія — у нашых сем’ях і ў дадатак праходзяць яшчэ практыку на нашай вытворчай базе. Дзеляцца ўражаннямі, як у каго арганізаваны вучэбны працэс, прымаюць удзел у сумесных спартыўных спаборніцтвах, дыскатэках і нават конкурсе прыгажосці. Дзякуючы таму, што гэтыя сяброўскія візіты знаходзілі сваё адлюстраванне ў раённым і абласным друку, узрос і імідж ліцэя. Сёння ў нас займаюцца дзеці не толькі з Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, але і з Міёрскага, Верхнядзвінскага, Полацкага і нават — Віцебска. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што ў ліцэі вучэбны працэс пастаўлены на высокім прафесійным узроўні.

— Што сабой уяўляе ваша падсобная гаспадарка?

— Гэта 340 гектараў зямлі і ферма буйной рагатай жывёлы на 107 галоў. Атрымліваем з нашай гаспадаркі звыш мільярда рублёў прыбытку. Грошы гэтыя ідуць на набыццё запчастак да тэхнікі і прычапнога інвентару, паліва, рамонт вучэбных кабінетаў, прэміі лепшым навучэнцам.

Другі і трэці курсы праходзяць практыку ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Для гэтага ліцэістам выдаюцца часовыя пасведчанні.

— Дарэчы, менавіта летась на пасяўной у філіяле «Глыбоцкая птушкафабрыка» і вызначыліся вашы дзеці.

— Так, яны выканалі самастойна немалы аб’ём работы і ажно адзінаццаць чалавек былі ўзнагароджаны імяннымі гадзіннікамі адміністрацыі прадпрыемства. У іх ліку Андрэй Капшуль, Ігар Гражэўскі, Андрэй Жук, Андрэй Шынкевіч, Аляксандр Юргель. А сёлета два нашы студэнцкія атрады працавалі на рэканструкцыі фермаў у ДП «Азярцы» і ААТ «Сельцы». На ўрачыстай лінейцы прадстаўнікі гэтых гаспадарак уручылі каштоўныя падарункі членам атрадаў Яўгену Ільінчыку, Дзмітрыю Бураўскаму, Аляксандру Самсонаву, Арцёму Салодкаму, Яўгену Літвінскаму і іншым.

Ва ўвесь голас заяўляюць пра сябе нядаўнія выпускнікі ліцэя. Аляксандр Буловіч з СВФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» летась як лепшы вадзіцель стаў удзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак», а камбайнер Мікалай Стрыёнак з філіяла «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат» перамог сярод маладзёжных экіпажаў раёна. І я вельмі ўдзячна свайму калектыву, які рыхтуе такіх хлебаробаў.

— Валянціна Анатольеўна, тут, напэўна, адбіваецца і тое, што педагагічныя кадры ліцэя — свае. Ні для каго не сакрэт: у ліцэі працавалі вашы бацька і маці, а потым вы самі набывалі веды... трактарысткі?!

— Было такое. І лабаранткай яшчэ адзначылася тут, і педагогам пасля заканчэння інстытута, і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Працуе тут майстрам мой сын Сяргей. Адбылася змена пакаленняў, і прыйшлі якраз нашы выпускнікі. Сяргей Атрахімёнак, напрыклад, — намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце, Ігар Лаўроў і Віталь Чабан — майстрамі. Адразу тры майстры вытворчага навучання папоўнілі сёлета калектыў — Арцём Заяц, Павел Сінкавец, Аляксандр Бугаевіч.

— Але, відаць, як і ўсюды, не абыходзіцца без праблем? Маю на ўвазе машынна-трактарны парк.

— Тэхнікі як быццам і хапае, а вось самай новай — трактар «Беларус-3022» і камбайн КЗС-1218 — недастаткова. З навейшых ёсць КЗС-10, з трактараў — МТЗ-1221. Падалі заяўку і на новы камбайн, і на новы трактар. Абяцаюць выдзеліць, але мы разумеем, што гэта няпроста. Той  жа  трактар  «Беларус-3022»  каштуе  дзесьці 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў!.. Хаця, калі разважаць лагічна, то гэтыя грошы мы б апраўдалі.

— Якім чынам?

— Праблема не толькі ў тым, што нашы дзеці не могуць навучыцца ў ліцэі працы на новай тэхніцы. Справа ў тым, што і ў саміх гаспадарках многія механізатары не могуць дайсці да ўсіх тонкасцей яе і, асабліва, электронікі. А мы, калі б быў у нас трактар «Беларус-3022», змаглі б арганізаваць курсы па вывучэнню яго для ўсіх жадаючых. Прыклад таму ёсць: у нас паспяхова дзейнічаюць не першы год такія курсы па перападрыхтоўцы вадзіцеляў на катэгорыю «С».

— І апошняе. Як замацоўваюцца выпускнікі ліцэя?

— Ад 82 да 85 працэнтаў ідуць па размеркаванню. Летась 44 выпускнікі прадоўжылі вучобу ў сярэдніх навучальных установах і 11 — у вышэйшых. Даецца гадавая абавязковая адпрацоўка, пасля чаго могуць выбіраць іншае месца працы. «Адсейваецца» нязначная колькасць. Мы ўсё больш практыкуем, каб заключаць дамовы на вучобу з гаспадаркамі. У такім разе яны выплачваюць стыпендыю сваім навучэнцам. Аднак на падобныя крокі не ўсе кіраўнікі ідуць ахвотна. А трэба было б!

Запісаў Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?