Хлеборобы хозяйства "Прогресс-Вертилишки" вышли на стоцентнерную урожайность

Наваука ніколі не спыняцца

У народзе  кажуць, што тая зямля добрая, якая хлеб родзіць. Камяністыя крутыя перакаты паабапал паўнаводнага Нёмана за апошнія дзесяцігоддзі пашырылі жытніцу Беларусі. Які год запар Гродзенская вобласць лідзіруе па ўраджайнасці збожжавых культур. Хлебаробы вядомых гаспадарак «Прагрэс-Верцялішкі», СВК імя В.І. Крамко выйшлі на стоцэнтнерны рубеж ураджайнасці. Такога поспеху яны дасягнулі не толькі таму, што зямля добрая, але і руплівасцю сваёй. Уменню гаспадарыць на палях і фермах вучацца ў іх студэнты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. На базе вытворчых участкаў гаспадарак створаны філіялы профільных кафедр. Тут спасцігаў азы практычнай дзейнасці выдатнік вучобы Юрый КАСТАЛОМАЎ, а ў час навучання ў аспірантуры вывучаў і абагульняў вытокі высокай культуры вытворчасці ў перадавікоў.

Калі Юрыю Уладзіміравічу даверылі ўзначаліць СВК «Мацвееўцы», адзін з найбольшых вытворчых калектываў Ваўкавыскага раёна, пачаў з элементарнага навядзення парадку, неадкладнага ўкаранення сучасных форм арганізацыі працы і тэхналогій. І зямля адгукнулася. Сёлета гаспадарка заняла першае месца ў раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых культур, і ў вобласці яна ў ліку лідараў.


Да кіраўніцтва СВК «Мацвееўцы» Юрый Касталомаў працаваў намеснікам старшыні гаспадаркі, загадваў жывёлагадоўчым комплексам, быў намеснікам начальніка Ваўкавыскага райсельгасхарчу, спрабаваў сябе менеджарам у адкрытым акцыянерным таварыстве «Беллакт».

Нягледзячы на вялікія грошы ў камерцыі, Юрый Касталомаў вярнуўся на зямлю – стаў старшынёй ваўкавыскага СВК «Мацвееўцы» – і лічыць, што гэта – самае яго

РАДАВЫЯ карані Юрыя Уладзіміравіча вядуць у паўночны Валагодскі край, дзе цёплае лета імгненна змяняецца працяглай зімой. Дзяды і прадзеды па лініі бацькі Уладзіміра Валер’евіча менш звязаны з працай на зямлі, чым палескі род Марынічаў, адкуль вытокі маці Акуліны Антонаўны. Паўвека таму, калі савецкая моладзь будавала БАМ, асвойвала сібірскія прасторы, сын чарапавецкіх металургаў Уладзімір Касталомаў пасля заканчэння прафесійнага вучылішча электрыкаў прыехаў пагасціць у невядомую яму Беларусь. Яна так зачаравала, што вырашыў тут застацца.

Уладкаваўся ў салігорскі саўгас «Гарняк» электрыкам, а неўзабаве пасватаўся да мясцовай маладзіцы Акуліны, у якой падрастаў сынок Валодзя. Сям’ю папоўніў яшчэ адзін хлопчык, якога назвалі Юрыем. З малых гадоў сыны дапамагалі маці на саўгаснай ферме даглядаць цялят і дома былі надзейнымі памочнікамі. Старэйшы на тры гады Валодзя глядзеў за малодшым брацікам, рыхтаваў яго да школы, у якой Юрыю давялося ўсяго некалькі класаў вучыцца. Паміж мужам і жонкай не склалася сямейнага жыцця, і меншага Юрыя бацька забраў з сабою ў вёску Лядна суседняга Слуцкага раёна, дзе ім прадаставілі пустуючую хату.

Востра перажываў дзевяцігадовы хлопчык разлуку з маці і старэйшым братам. Як ні імкнуўся бацька сагрэць яго цяплом свайго сэрца, але хлопчык замкнуўся ў сабе. Нібыта маленькі вожык, нікога не падпускаў блізка. Ад прыроды здольны стаў астываць да вучобы. Паратункам яму былі вандроўкі са старэйшым на некалькі гадоў новым сябрам Валодзей Макарчуком у дрымучы панскі лес, што падступаў да вёскі. Векавыя дубы і беластволыя бярозы, стромкія сосны і разлапістыя старыя елкі чаравалі таямнічасцю. Смажылі сала на вогнішчы, варылі кулеш на бярозавым соку, часам заставаліся і начаваць у збудаваным сваімі рукамі станку. Усё далей адыходзіў вобраз маці, стаў забываць яе і старэйшага брата.

Звычайна летам з бацькам адпраўляліся наведаць далёкую Валагодчыну, дзе іх заўжды чакалі родныя. Дабіраліся цягніком да Масквы, дзе пераязджалі на іншы вакзал і адтуль яшчэ доўга адстукваў кіламетры цягнік. Падарункі, розныя пачастункі бацькавай радні атрымліваў Юрый. Але ўсё гэта не магло замяніць звычайную мацярынскую любоў. Заняты працай і іншымі клопатамі, бацька не меў магчымасці надаць пэўнай увагі выхаванню сына, і той рос як трава пры дарозе. Прыстасаваўся гатаваць сабе, мыць адзенне, прыбіраць у хаце і даглядаць гаспадарку. Гадавалі ў клетках амаль сотню трусоў, завялі дзве казы, качак, індыкаў і кур.

Не заўсёды заставаўся вольны час для вучобы, ды і жаданне да ведаў знікала, і невядома да чаго б дайшло ўсё, каб не дачка суседкі-настаўніцы Алена Калешка, якая працавала разам з бацькам Юрыя на водаканале. Алена Аляксандраўна знайшла падыход да падлетка, паступова абуджала ў ім жаданне вучыцца. Дапамагала асвойваць запушчаны матэрыял, прыносіла цікавыя кнігі, агортвала ўвагай. І школьныя выкладчыкі ўсяляк імкнуліся падтрымаць яго. Шмат увагі ўдзяляў хлопчыку кіраўнік факультатыўнага кружка пантамімы Алег Руф, які працаваў, як і бацька Юрыя, электрыкам, а ў вольны час займаўся з вучнямі. Кожнае выступленне на сцэне для стрыманага ў пачуццях школьніка прыдавала настрой і жаданне быць разам з сябрамі. Пасябраваў ён з сям’ёй Алега Аляксандравіча, жонка якога падарыла падлетку кніжку Дэйла Карнегі «Як перастаць турбавацца і пачаць жыць». На адным дыханні прачытаў яе і вельмі ўразіўся. Стаў па-іншаму   ўспрымаць    рэчаіснасць.

Пасля дзявятага класа паступіў у завочную рэспубліканскую фізіка-матэматычную школу і закончыў яе з адзнакай. Разам з атэстатам сталасці за сярэднюю школу Юрый атрымаў і сярэбраны медаль. Загарэўся паступаць на лесатэхнічны факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута, але раптоўна моцна захварэў бацька.


***


— Адчуў, што не выцягну матэрыяльна вучыцца ў сталіцы, — узгадвае Юрый Касталомаў. — У газеце прачытаў абвестку Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута аб прыёме на спецыяльнасць «футравая жывёлагадоўля» і павёз туды дакументы. Як медалісту, мне неабходна было прайсці толькі гутарку. Мяне гэта супакойвала. 25 студэнтаў набіралі на гэтую новую спецыяльнасць. Уразіў прыгожы горад Гродна з брукаванымі вулачкамі і шматлікімі скверамі, паркамі, старымі будынкамі. У такіх векавых мурах размешчаны шматлікія карпусы інстытута.

Першай была гутарка па роднай мове.

— Як вы яе прайшлі?

— Камісію я здзівіў глыбокім веданнем мовы і атрымаў самую высокую адзнаку. Яшчэ ў школе я вельмі любіў родную мову і ў старэйшых класах толькі на ёй размаўляў. Дарэчы, і ў сваёй сям’і культывую беларускую мову. Без напругі я стаў студэнтам сельскагаспадарчага інстытута, які цяпер ужо ўніверсітэт.

— Звычайна студэнту важна вытрымаць першую сесію. Як яна вам далася?

— Пасля сярэбранага школьнага медаля для мяне было стрэсам атрыманне здавальняючых адзнак. Так здарылася, што перад зімовай сесіяй трапіў у бальніцу з траўмай нагі, а потым і грып перанёс. Экзаменацыйны матэрыял ведаў, але затарможана адказваў, і стварылася ўражанне, што я непадрыхтаваны. Таму нізкія адзнакі атрымаў. Мяне гэта вельмі заела. І ўжо ў летнюю сесію ўсе прадметы здаў на выдатна і да канца вучобы быў выдатнікам. На студэнцкіх алімпіядах займаў прызавыя месцы. У час вучобы ва ўніверсітэце па абмене студэнтамі паўгода практыкаваўся ў нямецкага баўэра. Многа цікавага спасціг за гэту практыку ў Германіі. На фінішнай прамой вучобы так скалалася, што сярэдні бал быў даволі высокі, але тыя першыя здавальняючыя адзнакі не дазвалялі атрымаць чырвоны дыплом. Рэктар Вітольд Казіміравіч Песціс дазволіў пераздаць экзамены, і я атрымаў дыплом з адзнакай.

— Як выдатнік мелі выбар пры размеркаванні. Як скарысталіся ім?

— Размеркаваўся ў Рэспубліканскі навукова-даследчы інстытут жывёлагадоўлі, што ў Жодзіна. Там здаў экзамены і паступіў у аспірантуру. Кіраваў падрыхтоўкай маёй навуковай дысертацыі па вытворчасці малака для выпуску прадуктаў дзіцячага харчавання аграрны акадэмік Міхаіл Бараноўскі.

— Але кандыдацкую дысертацыю вы так і не абаранілі. Чаму?

— Прычын шмат. Але я спадзяюся, што ўсё ўсталюецца. Мой узрост гэта яшчэ дазваляе. Пакуль шчаслівы тым, што маю сям’ю і цікавую працу. Мая жонка Юлія Гарбачова з Гродзеншчыны, і пасля жаніцьбы мы пераехалі ў яе родны Ваўкавыскі раён, дзе ўладкаваўся заатэхнікам па кармах, а потым стаў загадчыкам жывёлагадоўчага комплексу ў гаспадарцы «Зара і К», якую ўзначальваў вопытны кіраўнік Міхаіл Ліцкевіч. Многаму навучыў ён мяне. Эканамічная частка кандыдацкай дысертацыі базіравалася на вытворчых паказчыках гэтай трывалай гаспадаркі. У асноўным з-за недахопу часу давялося прыпыніць работу над дысертацыяй.

Двое дзетак падрастаюць, і ім увага патрэбна. На сабе гэта вельмі адчуў, таму дзеці ў мяне на першым плане. Пасля разводу бацькоў я маці бачыў пасля смерці толькі два разы, і амаль праз год даведаўся, што яе не стала. Паехаў на магілу і ўсталяваў помнік. Вельмі шкадую, што мала бачыўся з маці. А бацька так больш і не жаніўся. Па магчымасці наведваю яго, дзялюся з ім сваімі планамі. Калі прапаноўвалі ўзначаліць Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж, якраз намерваўся паступаць у Акадэмію кіравання. Таму давялося адмовіцца ад дырэктарства. Акадэмію закончыў з адзнакай на стацыянары.

— А сям’я як?

— Дзеці мяне называлі нядзельным татам, бо толькі ў выхадныя быў з імі. Два гады хутка праляцелі, і я стаў першым намеснікам начальніка Ваўкавыскага райсельгасхарчу, дзе прайшоў моцную загартоўку. Наш раён узняўся тады да трэцяга месца ў вобласці па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

— Ведаю, што спрабавалі вы сябе і ў камерцыйнай дзейнасці, але вярнуліся назад у аграпрамысловы комплекс. Чаму?

— Таму што адчуў, камерцыя — гэта абсалютна не маё. А заняцца ёю прымусілі нізкія заробкі. Быў менеджарам па пастаўках камбікормавай прадукцыі. Але праз кароткі час вярнуўся ў аграпрамысловы комплекс, нават нягледзячы на вялікія грошы ў камерцыі. Адчуў, што не маё гэта. Вось тут, у СВК «Мацвееўцы», якімі я зараз кірую, адчуваю асалоду ад рэалізацыі ў жыццё набытых ведаў. Два гады тут зніжаліся вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі.

— Вы прааналізавалі сітуацыю і што было прычынай спаду?

— Абсалютная адсутнасць мадэрнізацыі. На старым абсталяванні эфектыўнай вытворчасці не даб’ешся. Якасць прадаваемага малака не адпавядала нормам. Таму адразу пачаў з пераабсталявання жывёлагадоўчых ферм і навядзення працоўнай дысцыпліны.

— Адкуль сродкі ўзялі на абнаўленне?

— Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і новай цанавой палітыкі выбіліся на свае грошы. Звярнуліся за дапамогай да кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства «Беллакт», куды мы пастаўляем штодзённа 20 тон малака. Наш бізнес-план мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны там падтрымалі і дапамаглі фінансава рэалізоўваць яго. Адразу адчувальна павысілася якасць здаваемага малака і адпаведна фінансавыя паступленні павялічыліся. Вызначылі, якія лепш браць пазыкі ў банках, і за гэтыя сродкі летась пераабсталявалі тры буйныя жывёлагадоўчыя комплексы. У Жорнаўцы рэканструявалі старое памяшканне пад цэх на сотню сухастойных кароў. Па лізінгу ў Гомелі атрымалі даільны зал і ўсталявалі на гэтым жывёлагадоўчым комплексе. Для маладняка закупілі восемдзесят пластмасавых домікаў, і ўсё пагалоўе размясцілі ў іх замест старога радзільнага аддзялення. Ва ўсіх памяшканнях жорнаўскага комплексу жывёлу перавялі на беспрывязнае ўтрыманне. На месцы былога склада ўсталявалі даільную залу. Планавалі пабудаваць новы малочна-таварны комплекс на 777 дойных кароў у Мацвееўцах, але не трапілі ў Дзяржаўную праграму развіцця жывёлагадоўлі, таму пачалі гаспадарчым спосабам рэканструяваць ферму. Усталявалі лінейную даільную ўстаноўку, якую набылі ў лізінг. Перанеслі лінейную дойку з Жорнаўкі на фермы «Нізяны» і «Трунцы», а ў Жорнаўцы ўсталявалі «ёлачку». Такім чынам за кароткі тэрмін навялі парадак на ўсіх малочна-таварных фермах. Фінансавыя затраты часова панізілі рэнтабельнасць малака, і гэта заканамерна. Да канца года плануем, што яна вырасце да 10 працэнтаў. Статак забяспечаны высакаякасным фуражом у разліку па 34 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы. Такога тут яшчэ ніколі не было.

Усяго два гады Юрый Касталомаў кіруе СВК «Мацвееўцы», а перамены заўважны. Пачынаючы ад канторы гаспадаркі, якая размешчана ў векавым муры былога маёнтка, да акуратных новых вытворчых пабудоў. Адміністрацыйны будынак за кароткі тэрмін капітальна адрамантавалі, з густам аформілі фасад. Побач захаваліся сапраўдныя помнікі архітэктуры мінулага стагоддзя — мураваныя з дзікага каменю і чырвонай цэглы стайні і гаспадарчыя пабудовы колішняга памешчыка Шарая, якія беражліва захоўваюцца і маюць пэўную цікавасць для турыстаў, як і суседняе мястэчка Ізабелін, дзе захаваліся помнікі архітэктуры мінуўшчыны — праваслаўны храм святога Міхаіла Архангела і двухвекавы каталіцкі касцёл святых Пятра і Паўла.

У вытворчай сферы эканамічная служба гаспадаркі распрацоўвае бізнес-план будаўніцтва свінакомплексу замест таго, што летась у карантыйных мэтах быў закрыты. Чатыры тысячы галоў утылізавалі. Свінагадоўчым памяшканням паўвека, і размешчаны яны побач з рэчкай Харужанкай, таму   аднаўляць няма сэнсу. Былых свінаводаў уладкавалі на жывёлагадоўчых фермах гаспадаркі.

Малады старшыня даволі патрабавальны як да сябе, так і да падначаленых. У пачатку кіраўніцтва на адной з малочна-таварных ферм застаў жывёлаводаў у «вясёлым» стане і адхіліў ад працы. Пераапрануўся і сам амаль да апоўначы даіў кароў. Уся гаспадарка даведалася пра гэтае здарэнне, але такога больш не паўтаралася. Не даруе Юрый Уладзіміравіч хлусню.

— Караю не за тое, што не так, мо, нешта зрабілі, а за падман, — прадкрэслівае старшыня Касталомаў. — Лепш, калі табе адкрываюць праўду,   чым ты яе сам адшукваеш.

У мінулае жніво вывялі на хлебную ніву камбайн «Лексіён», а працаваць ён не мог. Выклікалі рамонтную службу з фірменнага цэнтра, але рады не маглі даць. Механізатар Сямён Вараб’ёў перабраў усе вузлы і нарэшце знайшоў, што ў час рамонту замест утулкі памылкова прыкруцілі болт. Выправілі недахоп, і камбайн запрацаваў. Амаль па 60 цэнтнераў збажыны сабралі сёлета мацвееўскія хлебаробы, і валавы збор перавысіў усе папярэднія дасягненні.

— Людзі тут старанныя, працавітыя, — дзеліцца Юрый Уладзіміравіч. — Іх толькі неабходна арганізаваць, падтрымаць. Асеннія дні зараз усё карацей, але з палявымі работамі спраўляемся. Завяршаем сяўбу азімых. Руплівасць хлебаробаў поўніць казну гаспадаркі, і заробкі растуць. За два гады падвоіліся, і зараз складаюць амаль шэсць міл’ёнаў рублёў у месяц. Таму невыпадкова, што сёлета чатыры выпускнікі сярэдняй школы ўзялі ў гаспадарцы мэтавае накіраванне на вучобу ў аграрныя каледжы. Пасля вучобы яны папоўняць атрад спецыялістаў гаспадаркі, якою заўзята кіруе абсалютны выдатнік вучобы і, хочацца спадзявацца, будучы кандыдат сельскагаспадарчых навук Юрый Касталомаў.


Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара

Ваўкавыскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter