Гэта суперсучасная мадэрнізацыя, але трэба скампанаваць менш затратную сыравінную зону

Інавацыйны прадукт з глыбоцкім дабаўленым коштам

У фае адміністратыўнага корпуса ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат” карта свету на сцяне. На ёй сцяжкамі пазначаны краіны, куды прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю: Расія, Казахстан, Украіна, Малдова, Узбекістан, Туркменістан, Арменія, Англія, Бельгія, В’етнам, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Лівія, ЗША... Пакупнікоў прываблівае высокая якасць натуральнага прадукту і нармальная цана. Толькі ў першым паўгоддзі ад экспарту атрымана звыш 13 мільёнаў долараў ЗША.

Саулич__b.jpg

Каб не толькі ўтрымацца на заваяваным рынку, але і адкрыць новыя, на прадпрыемстве праведзена мадэрнізацыя, якая ўражвае маштабамі. Вось толькі некаторыя яе штрыхі. 

Поўнасцю рэканструяваны аміячна-кампрэсарны ўчастак, які “выпрацоўвае” холад, а новае абсталяванне дазволіла амаль поўнасцю пазбавіцца ад аміяку. Калі раней яго выкарыстоўвалі 14 тон, то цяпер у 35 разоў менш. Карэнным чынам мадэрнізаваны бляшана-баначны цэх: замест трох устарэлых ліній з прадукцыйнасцю 200 бляшанак у мінуту, на якіх яшчэ выкарыстоўвалася паячнае шво, устанавілі і павялічылі прадукцыйнасць у 2,5 раза. Аднак каштоўнае яшчэ і тое, што на новай лініі стала магчымым выкарыстоўваць для банак больш тонкую бляху, што эканоміць да 20 працэнтаў металу.

З увядзеннем у строй новай лініі частку прадукцыі наогул пачалі разліваць у папяровыя пакеты ёмістасцю 1 і 0,5 літра. А яшчэ — “запусцілі” аўтамат па расфасоўцы згушчонкі ў цюбікі.

І гэта яшчэ не ўсё. Фактычна пабудаваны занава і начынены сучасным абсталяваннем філіял камбіната — Браслаўскі сырзавод магутнасцю 10 тон цвёрдых сыроў у суткі. Ён абышоўся ў 250 мільярдаў недэнамініраваных рублёў.

ЗДАЕЦЦА, на гэтым можна было б ставіць кропку з мадэрнізацыяй. Аднак непакоіла адна праблема: пасля вырабу асноўнага прадукту — сыроў і тварагу — заставалася сыроватка. Раней яе аддавалі гаспадаркам на корм жывёле, пасля прызвычаіліся працэнтаў пяць пускаць на напіткі, а частку згушчаць у некалькі разоў і прадаваць у Расію.

Гэта было не выйсце, таму вырашылі пабудаваць новую вытворчасць, каб атрымаць інавацыйны прадукт: сухую падсырную сыроватку з рознай ступенню дэмінералізацыі, якая карыстаецца вялікім попытам як на ўнутраным, так і знешнім рынках, бо шырока выкарыстоўваецца ў розных галінах харчовай прамысловасці і асабліва ў дзіцячым харчаванні.

Згодна з бізнес-планам новы цэх будзе перапрацоўваць да 300 тон малака і 200 тон канцэнтраванай сыроваткі ў суткі як са свайго прадпрыемства, так і з Браслаўскага філіяла і іншых малочных заводаў вобласці. Мяркуецца ад гэтага атрымліваць да 25 тон гатовага прадукту. Рэнтабельнасць — 10 працэнтаў. Цэны — у залежнасці ад сезону. Напрыклад, на Верхнядзвінскім сырзаводзе, дзе падобная вытворчасць ужо ёсць, атрымліваюць да 3 тысяч долараў ЗША за адну тону.

Будоўля новага цэха на кантролі ў мясцовай улады і асабіста старшыні райвыканкама Алега Морхата, які дапамагае аператыўна вырашаць усе ўзнікаючыя праблемы.

Наладжванне вытворчасці сухой дэмінералізаванай сыроваткі не толькі дазваляе на 100 працэнтаў перапрацоўваць сыравіну, але і спрыяе вырашэнню такой важнай задачы, пастаўленай Урадам, як дыверсіфікацыя прадукцыі: перанакіраванне вектараў яе збыту.

ПРАЎДА, ёсць адно “але”. У мадэрнізацыю ў цэлым прадпрыемства ўкладзены і працягваюць укладвацца вялікія сродкі. Пад яе ўзяты немалыя крэдыты. Каб яны далі хутчэйшую эфектыўную аддачу, неабходна забяспечыць камбінат як мага больш поўна малаком. Прадпрыемства мае ўсяго тры зоны сыравіны — Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі і Браслаўскі раёны. Прычым з двух апошніх чатыры гаспадаркі адгружаюць малако на Пастаўскі масласырзавод. Каб нейкім чынам паправіць становішча, у зону Глыбоцкага камбіната ўключылі 4 сельгаспрадпрыемствы Гарадоцкага раёна. Аднак, па-першае, таго малака там не так і шмат, хоць глыбачане і гэтаму рады. А па-другое, ці не галоўнае, — Гарадок знаходзіцца на другім краі вобласці. Туды і назад — да паўтысячы кіламетраў. Неапраўдана вялікія транспартныя расходы. А між тым пад бокам, усяго ў некалькіх дзясятках кіламетраў, суседні Докшыцкі раён, з якога яшчэ пры Саюзе пастаўлялі малако на Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter