
Ганна Чубарава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ліцэя БДУ, наглядна дэманструе мне, як працуе інавацыйны метад:
— Тыя саставы не даюць прадуктам «дыхаць», і гэта вялікі мінус. Мы вырашылі распрацаваць раствор на аснове натуральнага біяпалімера — хітазану. Ён вырашае праблему захоўвання садавіны і гародніны: упакоўка порыстая, але ў той жа час выдатна абараняе прадукты.
Кандыдат біялагічных навук бярэ гронку звычайнага вінаграду. Пэндзлікам наносіць на ягады раствор — ён амаль празрысты, з лёгкім жоўта-зялёным адценнем. Даем пладам высахнуць — гатова! Яны надзейна абаронены і яшчэ доўгі час будуць мець выдатны таварны выгляд. І, што важна, гэта ніяк не адаб’ецца на нашым з вамі здароўі.
— Падобны эксперымент мы праводзілі з навучэнцамі Ліцэя БДУ. Адзінаццацікласніцы пакрылі ягады вінаграду нашым растворам на аснове хітазану і назіралі за кантрольнымі і вопытнымі ўзорамі цэлы месяц. Вынік усіх уразіў: неапрацаваныя плады згнілі ўжо праз 5 сутак, апрацаваныя ж у ідэальным стане былі 15 сутак. Праз 30 дзён яны трохі страцілі таварны выгляд.
Дарэчы, ідэю экалагічна чыстай кансервацыі прадуктаў Лізавета Карповіч і Аляксандра Гілеўская, вучаніцы Ліцэя БДУ, прэзентавалі на конкурсе BelSEF, дзе ўзялі першае месца. А пазней прадставілі нашу краіну на Intel ISEF, сусветным аглядзе-конкурсе навуковых і інжынерных дасягненняў школьнікаў. На наступных этапах інавацыйны раствор перайшоў пад патранаж навукова-даследчай лабараторыі прыкладных праблем біялогіі біяфака БДУ. Калектыў вучоных узначаліў кандыдат біялагічных навук дацэнт Уладзімір Курчанка. Вучоныя ўжо выпусцілі вопытную партыю раствораў і падалі заяўку на патэнт.
Хітазан — біялагічна актыўны дадатак, па сутнасці, як клятчатка. У нетаксічнага біяпалімера два механізмы дзеяння: ён праяўляе антыбактэрыяльныя дзеянні, не дае развівацца гніласным бактэрыям на паверхні прадуктаў. Інавацыйны раствор на аснове хітазану можа быць карысны і для мяса, і для рыбы.
Ганна Чубарава:
— Экаўпакоўка спатрэбіцца для ўкрыцця месцаў рассякання свіных і гавяджых туш, паўфабрыкатаў з птушкі і рыбы. Тонкая празрыстая плёнка, якая ўтвараецца пасля высыхання раствору, абароніць зрэзы мяса ад абветрывання. Гэтыя прадукты павінны захоўвацца, як мінімум, у два разы даўжэй. Папярэднія разлікі пацвердзяць навуковыя эксперыменты, якія правядуць у бліжэйшы час.
На вытворчасці ды і звычайныя гаспадыні на кухні для гэтых мэт выкарыстоўваюць харчовыя поліэтыленавыя плёнкі. Але тыя не ідэальныя — пад імі ствараецца бескіслароднае асяроддзе, дзе могуць развівацца небяспечныя патагенныя мікраарганізмы. Да таго ж пад поліэтыленам прадукты не «дыхаюць». У раствора на аснове хітазану, запэўніваюць нашы вучоныя, такіх мінусаў няма. Для чалавека ён не робіць шкоды. Ганна Чубарава прамывае вінаград вадой, пазбаўляючы яго ад біяўпакоўкі. Паралельна пералічвае перавагі новай тэхналогіі:
— Хітазан абсалютна інэртны ў арганізме чалавека, а таксама ў прыродзе лёгка раскладаецца глебавымі бактэрыямі. Акрамя таго, пакрыццё гіпаалергеннае, не патрабуе папярэдняга выдалення з паверхні прадуктаў, лёгка змываецца невялікім аб’ёмам звычайнай вады. Тэхналогія экалагічна чыстая, можа атрымаць шырокае прымяненне ў свеце.

Апрацаваць прадукты інавацыйным растворам можна як на вытворчасці, так і ў палявых умовах — з выкарыстаннем ручных або аўтаматычных распыляльнікаў. Біёлагі БДУ заўважаюць, што метад вельмі танны:
— Толькі ўявіце: 1 кілаграм хітазану каштуе 50 долараў. Каб прыгатаваць патрэбны раствор, спатрэбіцца ўсяго 0,5 грама біяпалімераў на 100 мілілітраў. Выходзіць, каб якасна апрацаваць, напрыклад, скрынку вінаграду (а гэта 6—7 кілаграмаў пладоў), спатрэбіцца ўсяго 5 літраў раствору. На яго пойдзе ўсяго 25 грамаў хітазану.
Навукоўцы спадзяюцца: атрымаюць беларускі патэнт, а далей будуць пакараць свет — там інавацыйную біяўпакоўку павінны таксама ацаніць.
Фота аўтара і з архіва герояў матэрыялу