Навасёлкаўская вітрына і петрыкаўскія маршруты

Хата дзеда Талаша трапіла ў Дзяржпраграму развіцця Прыпяцкага рэгіёна. Што зменіцца? На радзіме героя пабывала карэспандэнт “БН”.

Дабавяць экспанатаў сваякі

Калі ехаць з Петрыкава на поўнач, сустракаецца па дарозе высокі разны паказальнік “Навасёлкі”. Збочыўшы ўправа, апынаюся ў вёсцы, дзе знаходзіцца гістарычная сядзіба, а сёння Дом-музей Дзеда Талаша. Мяне сустракаюць пяць драўляных скульптур-сімвалаў у гонар народных мсціўцаў, якія падняліся на барацьбу з польскай інтэрвенцыяй за сялянскую долю і волю. Брама, а за ёй — дырэктар Дома-музея Надзея Муратшына. Яна ва ўстанове культуры і адміністрацыйны работнік, і экскурсавод.

— Наш музей быў створаны ў 1989 годзе, — пачынае свой аповед Надзея Іванаўна. — Сядзіба складаецца з двух хат і пуні. Сваю экскурсію я заўсёды пачынаю з першага доміка — гэта маленькая сялянская хатка, дзе жыў Васіль Ісаакавіч Талаш з сям’ёй да польскай акупацыі. Адважны паляшук, якому ўжо тады было за семдзесят, пайшоў партызаніць у лес, згуртаваў вакол сябе партызанскі атрад, а палякі ў 1920 годзе ў адплату спалілі яго хату.

Сёння ў адноўленай сядзібе легендарнага дзеда знаходзіцца этнаграфічная экспазіцыя побыту палешукоў дзевятнаццатага стагод- дзя. У сенцах стаяць Талашова скрыня для бялізны, кросны, жорны, на сцяне вісіць пяньковая сетка. У вялікім пакоі — усё як і паўтара стагоддзя таму: драўляная сялянская канапа, стол, грубка, лапці, ручнікі…

Тэрмін выканання прэзідэнцкай праграмы — пяць гадоў. І, спадзяёмся, што ўсе пункты, якія датычацца Петрыкаўскага раёна, будуць выкананы. Дай Бог, каб зямля з багатай гісторыяй, своеасаблівымі людзьмі і ўнікальнай прыродай стала цікавай турыстам. І тады неперспектыўная вёска Навасёлкі атрымае другое дыханне, стане сапраўднай візітнай карткай рэгіёна.

Аднак па-сапраўднаму гістарычныя сцены ў другой хаты. Яе пабудаваў сам Талаш з сынамі пасля грамадзянскай вайны. У доме змешчаны экспазіцыі, якія расказваюць пра жыццё, баявы шлях героя і яго аднавяскоўцаў, паплечнікаў (менавіта 130-й Петрыкаўскай і 125-й Капаткевічскай партызанскіх брыгад) у час Вялікай Айчыннай вайны. Нагадаю, што Талаш партызаніў і ў 1942 годзе, калі яму было амаль сто гадоў!

А ў адной з вітрын — асабістыя рэчы дзеда: лыжка, шапка, рэмень. Прадстаўлена мноства фотаздымкаў з Вялікай Зямлі: вось ён з Якубам Коласам, з сынамі і дочкамі — іх у Талаша было трынаццаць.

— У Васіля Ісаакавіча засталося многа сваякоў, — расказвае На- дзея Муратшына. — Нашаму музею вельмі дапамог унук легендарнага дзеда — Міхаіл Талаш з Калінінграда. Адзін з праўнукаў партызана жыве ў Гомелі. Ён таксама абяцаў перадаць нам экспанаты. Музейная справа такая: збіраем усё, што мае нейкую гістарычную каштоўнасць, беражліва захоўваем.

Выратавальны круг на Прыпяці

Усё было б, здаецца, і нічога, калі б унікальны дом-музей знакавага для беларускай гісторыі чалавека не знаходзіўся ў неперспектыўнай, як зараз кажуць, вёсцы. З кожным годам карэннага насельніцтва ў сяле застаецца ўсё менш і менш, а Навасёлкі паступова ператвараюцца ў дачны пасёлак. А чаму б і не? Побач рака — адзін з прытокаў Пцічы, рыбы, як і ў даўніну, шмат. Прыязджай на вакацыі з таго ж Петрыкава, адпачывай на прасторах маляўнічага Палесся.

Але ж ад адных дачнікаў жыццё дома-музея не палепшыцца: трэба прывабіць на такую гістарычную зямлю турыстаў. Якім чынам? Надзея Муратшына ўскладае вялікія спадзяванні на Дзяржаўную праграму развіцця Прыпяцкага рэгіёна, у якую, на шчасце, трапіў і Дом-музей Дзеда Талаша.

— Гэта для нас сапраўдны выратавальны круг, — зазначае загадчык аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама Наталля Кандрацьева. — З наступнага года запланавана ўкласці ў развіццё гэтай установы больш за 150 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэтыя сродкі пусцім на капітальны рамонт двух будынкаў, зразумела, аднавім стэнды і вітрыны.

— А чым плануеце прывабіць у Навасёлкі турыста? — цікаўлюся я.

— Гэта мы таксама прадугле- дзелі. Верагодна, зробім міні-гасцініцу, каб людзі маглі, напрыклад, на дні два прыехаць у сядзібу Талаша і адпачыць на рацэ. Да таго ж зоймемся добраўладкаваннем тэрыторыі ля музея. Усё будзе вытрымана ў нацыянальнай беларускай стылістыцы: і падворак, і агароджа, і хаты, і пуня. Пакуль чакаем добры дызайнерскі праект.

Дом-музей Дзеда Талаша — не адзіны культурны аб’ект Петрыкаўскага раёна, які ўваходзіць у Праграму развіцця Прыпяцкага Палесся. Праз некаторы час, напрыклад, будзе скончаны капітальны рамонт раённага Дома культуры, рэканструявана Дзіцячая школа мастацтваў і Кашэвіцкі сельскі Дом культуры. У Петрыкаве з’явіцца нават музей драўлянага дойлідства і яшчэ адна гарадская бібліятэка.

— Вельмі напружана ў раёне з камп’ютарызацыяй, — скардзіц- ца Наталля Кандрацьева. — Нам удалося крыху выправіць сітуацыю. Таму ў рамках Праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся мы плануем аднавіць наш камп`ютарны парк, закупіць новую музычную апаратуру, мэблю — дапамагчы нашым установам культуры па максімуму.

Таццяна УСКОВА, “БН”

НА ЗДЫМКАХ: Надзея МУРАТШЫНА запрашае ў Дом-музей; аўтэнтычны інтэр’ер талашоўскай хаты.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter