Борты около двух с половиной метров и специальная разметка: впервые мобильный каток у Дворца спорта в Минске обустроят, как хоккейную площадку

Навастрыць канькі на лёд

Снежань не за гарамі, а з ім і зімовыя забавы. Адна з папулярных — катанне на каньках. І няхай у Мінску зараз шмат закрытых лядовых пляцовак, па-сапраўднаму адчуць дух марознага сезона атрымліваецца толькі на адкрытым катку. Добрая навіна для такіх жа аматараў катання на свежым паветры, як і я: сезонны каток каля Палаца спорту хутка адкрыецца. Пры спрыяльных умовах надвор'я на наступным тыдні наведвальнікі змогуць ступіць на адпаліраваны лёд. У гэтым сезоне пляцоўка зменіцца. Упершыню яе аформяць як хакейны каток з разметкай, высокімі бартамі, месцамі для запасных ігракоў і суддзяў. Карэспандэнт «Р» назірала за падрыхтоўкай катка.

Пры спрыяльных умовах надвор'я каток адкрыюць на наступным тыдні.

Што новенькага?


З першага жніўня мабільны сезонны каток у выглядзе шатра насупраць ГЗЦ «Галерэя» перайшоў у распараджэнне Палаца спорту. Зараз яго значна змяняюць, робяць прыдатным для хакейных гульняў і спаборніцтваў.

— Масавае катанне не запаўняе будні, асабліва днём. Таму мы вырашылі прыцягваць хакеістаў і фігурыстаў. Але не трэба хвалявацца: заняткі па хакеі ці фігурным катанні не забяруць папулярны для масавага катання час. Напрыклад, з раніцы працоўнага тыдня колькі гадзін будзе займацца спартыўная школа. Потым пяць або шэсць гадзін адводзіцца пад масавае катанне. Далей — час для прыватных хакейных школ. Па выхадных, як правіла, будуць толькі сеансы масавага катання, —
супакойвае спецыяліст па маркетынгу Палаца спорту Аляксандр Гапчук.

 Непадалёк ад увахода ў шацёр ляжаць складзеныя ў слупок барты, сеткі для агароджы лядовай пляцоўкі. Каб шайба не вылятала, яе зробяць дастаткова высокай. Спачатку паставяць барты, потым жалезную агароджу, наверх — сетку. Цалкам уся канструкцыя складзе каля двух з паловай метраў у вышыню.

Для зручнасці ў час хакейнай гульні зробяць патрэбную разметку на лёдзе. Але не фарбамі — спецыяльнай стужкай. Яна не дэфармуецца пад лёдам і не губляе колеру. Стужку можна выкарыстоўваць не адзін сезон.

На каток завезлі і новае абсталяванне. Амаль гатова назіральная пляцоўка. Хутка прывязуць лаўкі для трыбун. З'явяцца месцы для запасных ігракоў, а таксама для суддзяў. А для масавага катання Палац спорту закупіў 250 пар новых канькоў хадавых размераў: 36—40-га для жанчын і 41—45-га для мужчын. Зараз у арсенале мабільнага катка іх каля 550 пар.

Лёд з сотай міліметра


У шатры сезоннага катка спецыялісты абыходзяць пляцоўку і абстукваюць невялікія ў дыяметры трубы.

— Па падземных трубах глюколь — вадкасць, якая нагадвае антыфрыз, — трапляе ў наземныя, — распавядае рамонтнік плоскасных спартыўных збудаванняў Дзмітрый Нямчонак. — Пры падключэнні спецыяльных халадзільнікаў антыфрыз замарожвае ваду, і ўтвараецца лёд. Але спачатку правяраем цэласнасць труб. Пад ціскам праганяем глюколь у вадкім стане па сістэме. Спецыялісты абыхо-дзяць усю пляцоўку, глядзяць, каб не было ўцечкі. Часцей за ўсё яна ўтвараецца на месцах злучэння. Дарэчы, тэмпературны рэжым на вуліцы мае значэнне для падрыхтоўкі катка, каб добра намерзліся трубы. Калі лёд ужо нарошчаны, тэмпература не іграе ролі.

Перад заліўкай лёду спецыяліст Дзмітрый НЯМЧОНАК правярае цэласнасць труб з глюколем.

Наземныя тонкія трубы значна ўскладняюць працу спецыялістаў. Сістэма вельмі далікатная і патрабуе асцярожнага карыстання. На адкрытым катку трубы не схаваныя ў бетон, як на стацыянарным, таму ёсць вялікая рызыка іх сапсаваць у час заліўкі ці пры катанні на каньках.

— Мы спецыяльна заліваем лёд у дзесяць — дванаццаць сантыметраў таўшчынёй, каб на масавых катаннях трубы не пабілі. На стацыянарным катку лёд значна танчэйшы: усяго чатыры-пяць сантыметраў.

Наступны крок — спецыялісты паставяць барты. Маленькія шчыліны ў бартах закладуць снегам ад абрэзкі стацыянарнага катка ў Палацы спорту. Першыя сем-восем сантыметраў лёду робяцца ўручную. А пачатковы пласт складае адну сотую міліметра! Яго заліваюць каля 30—40 мінут. Прычым працуюць на ўсёй плошчы два спецыялісты, адзін з якіх распыляе ваду патрошку, як дождж. Другі дапамагае выцягваць шланг, каб не валачы яго па зямлі і не вымазаць лёд. Толькі потым на ледзяную паверхню пускаюць машыну. Яна напластоўвае лёд да неабходнай таўшчыні.

Хутчэй за ўсё, пераабсталяванне катка не адаб'ецца на кошце квітка. Лічба застанецца такой жа, як у мінулым сезоне. За 45 хвілін дарослым давядзецца аддаць 4 рублі ў будні і 5 рублёў у выхадныя. Пракат канькоў — 3 рублі.

КАМПЕТЭНТНА

Васіль КАСАЧ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама – начальнік аддзела фізкультурна-аздараўленчай працы і турызму:


– У гэтым годзе ў Мінску плануецца арганізаваць 24 натуральныя каткі, 24 хакейныя каробкі і 12 лыжных трас. Плюс да гэтага ў горадзе ёсць два штучныя каткі: каля Палаца спорту і Чыжоўка-Арэны. Натуральныя каткі размесцяцца на тэрыторыях сярэдніх школ. Лыжныя трасы – у лесапаркавых зонах. Заліваць натуральныя каткі пачнуць, калі дазволіць надвор’е.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Алексей МАТЮШ
Загрузка...