Наваселле пад Новы год

На Магілёўшчыне дзіцячыя галасы зазвінелі яшчэ ў адным доме сямейнага тыпу
На Магілёўшчыне дзіцячыя галасы зазвінелі яшчэ ў адным доме сямейнага тыпу

Таццяне і Міхаілу МАГІЛІНЫМ і іх дзецям (на здымку) уручыў ключы ад новага двухпавярховага катэджа ў аграгарадку Вейна Магілёўскага раёна намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.




— Гэта саракавы па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу ў рэгіёне, — адзначыў ён, віншуючы шчаслівых навасёлаў. — Дзякуючы актыўнай рабоце Беларускага дзіцячага фонду, Беларусбанка, выканаўчай улады ў рэгіёне штогод адкрываюцца такія ўтульныя дамы. Дзеці тут знаходзяць цеплыню і бацькоўскі клопат.

Магіліны сваёй радасці ад шчодрага падарунка не хаваюць.

— Мы вельмі ўдзячны дзяржаве за клопат, — гаворыць маці вялікага сямейства. — Гэты асабняк пасля сціплай хаты ў аграгарадку Дашкаўка, дзе мы жылі раней, — сапраўдная раскоша. Чатыры пакоі, бытавыя памяшканні, усе выгоды — мы нават марыць аб такім доме не маглі!

Для васьмі ўсыноўленых і ўзятых пад апякунства дзяцей Таццяна і Міхаіл сталі сапраўднымі мамай і бацькам. Старэйшы сын, сямнаццацігадовы Пётр, зараз вучыцца ў магілёўскім каледжы на электрыка. Астатнія пакуль ходзяць у школу ці дзіцячы сад. Прыклад ва ўсім бяруць з бацькоў. Дарэчы кажучы, пятнаццацігадовая Таня — галоўная маміна памочніца. І абед прыгатаваць можа, і з малодшымі братамі-сёстрамі ўрокі зрабіць. А хлопчыкаў тата Міхаіл вучыць звычайным мужчынскім справам: паліцу прыбіць, кран адрамантаваць ці шпакоўню збудаваць. Мэблю, якой, дарэчы, быў укамплектаваны новы дом, таксама збіралі разам. Нават трохгадовы Мікіта інструмент падаваў!

— Мы вучым дзяцей, каб клапаціліся пра малодшых, паважалі старэйшых, добра вучыліся, — падзялілася Таццяна Пятроўна. — Хачу, каб мае сыны і дочкі не хварэлі, атрымалі добрую адукацыю, каб выраслі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны і мы маглі імі ганарыцца.

З нагоды наваселля вялікая сям’я атрымала шмат патрэбных у гаспадарцы падарункаў. Аблвыканкам прэзентаваў Магіліным пральную машыну, Магілёўскае аддзяленне дзіцячага фонду — камп’ютар. А дзяцей прадстаўнікі ўлады і спонсары парадавалі рознымі прысмакамі і цацкамі.

Святлана МАРКАВА, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter