Боль і гонар Наваельні

Наваельня: рэйкі жыцця пад акампанемент духавога аркестра

Схаваны ў соснах гарадскі пасёлак Наваельня ў даваенны час называлі беларускім “Артэкам”. Тут адпачывалі не толькі савецкія школьнікі, але і дзеці палітэмігрантаў.


Багатая гісторыя шасцісот- гадовага паселішча, якое двойчы мела статус мястэчка і першапачаткова называлася Ельня. Даследчыкі лічаць, што тапонім утварыўся ад хвойнага бору, які падступаў да ваколіц. Упершыню пісьмова маёнтак узгадваецца ў сярэдневяковых дакументах аб перадачы яго вялікім князем Казімірам канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Міхаілу Кезгайлу.
Старшыня сельсавета Ірына КУНАХАВЕЦ

У гістарычных крыніцах ХVI стагоддзя мястэчка ўжо называецца Наваельняй, як уладанне навагрудскага ваяводы Стэфана Тызенгаўза, упрыгожанае раскошным палацам. У гонар Канстытуцыі 3 мая, што пашырыла правы заможных мяшчан, абвясціла апеку права і ўрада над феадальна залежнымі сялянамі, паўстала мемарыяльная калона, якая захавалася да нашых дзён.

Згодна з трэцім падзелам Рэчы Паспалітай, Наваельня адышла да Расійскай імперыі, паўстаў праваслаўны храм у гонар свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. У канцы ХIХ стагоддзя з пракладаннем лініі Вільнюс—Лунінец адкрылася чыгуначная станцыя.
Садавод Елісей ПЕТРЫКЕВІЧ

   
Бурныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя закранулі ціхі куточак, на які не аднойчы квапіліся ворагі. Па Рыжскай дамове Наваельня апынулася ў буржуазнай Польшчы. Увосень 1939 года пасля аб’яднання заходнебеларускіх земляў мястэчка стала цэнтрам сельсавета.

Горкую памяць пакінула ваеннае ліхалецце. На брацкіх магілах устаноўлены помнікі сямнаццаці савецкім воінам і партызанам. Помнікам на магіле ўвекавечана памяць зенітчыка Героя Савецкага Саюза І. С. Фурсенкі.

З першых пасляваенных дзён пачалося аднаўленне Наваельні, якая напярэдадні абвяшчэння Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопні- камі атрымала статус гарадскога пасёлка і да 1954 года была цэнтрам Дзятлаўскага раёна. Сялянскія гаспадаркі аб’ядналіся ў калгас. Аднавілі дзейнасць лясгас, харчовае прадпрыемства, спецыялізаваны рэспубліканскі санаторый, у якім круглы год маглі адначасова папраўляць здароўе паўтысячы чалавек. Адкрыліся камбінат хлебапрадуктаў, міжраённая база агразабеспячэння, участак ААТ “Гроднагазбудізаляцыя”. Дзейнічаюць дзве бальніцы, сацыяльна-бытавыя аб’екты.

Начальнік чыгуначнай станцыі Міхаіл ЛАГВІНОВІЧ
ПРА Наваельню часта гаварылі ў нашай сялянскай сям’і. Там доўгі час лячыўся бацькаў брат Захар. Пісаў пісьмы і расказваў пра мястэчка. У час журналісцкіх камандзіровак не аднойчы з акна пасажырскага вагона бачыў арыгінальны будынак Наваельненскага чыгуначнага вакзала, за якім красуюцца над дахамі дамоў шапкі векавых сосен.

Праз гістарычныя Мір, Карэлічы і Навагрудак рэйсавым аўтобусам адправіўся ў вандроўку па Наваельні. З раніцы побач з прыпынкам гудзеў кірмаш, які ладзіцца тут па пятніцах. Колькасць гандляроў пераважала над колькасцю пакупнікоў. Мо таму і цэны на садавіну, гародніну, бульбу і іншы вясковы тавар саступалі мінскім. Залацістай луской ззялі ўкормленыя карпы, таўсталобікі, шчупакі з чырвонаслабодскага рыбгаса. Малады гаспадар гандляваў садовымі саджанцамі. Побач на століку ляжалі сакавітыя грушы, яблыкі.

Чакалі пакупнікоў і гандляркі з малочнымі прадуктамі. Убачыць самаробныя тварог, масла, смятану ці малако на рынку стала рэдкасцю. За апошнія гады не толькі на Гродзеншчыне, але і ў іншых рэгіёнах скарачаецца колькасць кароў на сялянскіх падворках. Хапае малочнай прадукцыі ў магазінах. Па даступнай цане прапаноўваўся мёд, расфасаваны ў слоікі рознай ёмістасці.

Дзевяностагадовыя юбіляры Ганна КІЗІК і Міхаіл ГЛАДКІ

АД кірмаша вузенькая вулачка прывяла мяне да пешаходнага бетоннага маста, перакінутага праз чыгунку, што звязвае Наваельню з Баранавічамі і Лідай. Жыхарам гарпасёлка зручна дабірацца цягнікамі, якія даволі часта курсіруюць. Начальніка станцыі застаў у кабінеце, які вокнамі глядзіцца на акуратна ўкладзены цаментнымі пліткамі перон. Ад Міхаіла Лагвіновіча даведаўся, што вырас ён на чыгуначнай станцыі Малькавічы, непадалёк ад якой стагоддзе таму настаўнічаў малады Якуб Колас. У гонар слыннага творцы на Палессі назвалі чыгуначны паўстанак. Вясковыя хлапчукі любілі сустракаць і праводзіць цягнікі. Заманіла рамантыка сялянскага сына. Закончыў Гомельскі інстытут  інжынераў чыгуначнага транспарту. Трыццаць гадоў кіруе калектывам. Дочкі Вольга і Кацярына таксама працуюць на чыгунцы. Падрастае чацвёра ўнукаў, якім выбіраць свой жыццёвы шлях. Збірае Міхаіл Пятровіч газетныя артыкулы пра Наваельню. Стос акуратна складзеных папяровых выразак дастаў з рабочага стала. Сярод іх і цікавы матэрыял пра будаўніцтва вузкакалейкі з Наваельні праз Навагрудак да мястэчка Любча, што на нёманскім узбярэжжы. Адтуль дастаўлялі на чыгуначную станцыю лес, торф, сельгаспрадукцыю. Курсіраваў і пасажырскі састаў. У царскай Расіі такія лініі масава будаваліся ў канцы ХIХ стагоддзя. Дзесяць вузкакалеек планавалася пракласці па Беларусі. Але толькі адна сямідзесяцівярстовая звязала мястэчка Свянцоны з Паставамі. А ў 1895 годзе яе прадоўжылі да Глыбокага. У пачатку ХХ стагоддзя курсіравалі цягнікі паміж мястэчкам Лынтупы і нарачанскімі Кабыльнікамі, а таксама паміж Браславам і Друяй.
Ксёндз Павел БАРЫСЕВІЧ

З развіццём аўтамабільнага транспарту вузкакалейкі сталі эканамічна стратнымі, і чыгуначныя палотны паразбіралі. Толькі з Наваельні ў Любчу да сярэдзіны мінулага стагоддзя дзейнічала лінія. Потым і яе закрылі, а пасажырскія вагоны перадалі сталічнай дзіцячай чыгунцы. Чыгуначная станцыя Наваельня круглы год загружана. У савецкія часы саставы з бульбай і гароднінай адпраўляліся ў Маскву і Ленінград. У жніво перавозілі зерне. Побач з гарпасёлкам палеткі ААТ “Граніт-Агра”, дзе яшчэ не закончаны асеннія работы. Залатым адлівам зіхацяць у садах спелыя антонаўкі, чырванабокія штрыфелі, красуюць асеннія кветкі ў палісадніках. Парадак і чысціня ў кожным падворку. Ад настоенага на сасновым водары паветра дыхаецца лёгка.

Па дарозе ў сельвыканкам завітаў у Дом быту, дзе прымаюць заказы на пашыў адзення, рамонт абутку і аказваюць комплекс іншых паслуг. Дзесяць гадоў працуе ў цырульні Аксана Вараб’ёва. Выйшла замуж за мясцовага жыхара Аляксандра. Пабудавалі кааператыўную кватэру. Двое дзяцей падрастае. Маладыя сем’і  могуць уступаць у жыллёвы кааператыў. Многія чакаюць аднаўлення ў банках ільготных крэдытаў.

ДЗЯКУЮЧЫ падтрымцы дзяржавы цэнтр гарпасёлка забудаваны шматкватэрнымі кааператыўнымі дамамі. У садах і кучаравых соснах патанаюць аднапавярховыя будынкі. Амаль сорак вуліц і завулкаў у Наваельні, дзе пражывае звыш трох тысяч чалавек. У апошнія гады колькасць насельніцтва стабілізавалася. З пачатку года нарадзілася паўтара дзясятка хлопчыкаў і дзяўчынак. У сярэдняй школе ўпершыню за апошнія гады колькасць вучняў перавысіла тры сотні. Мураваны тыпавы школьны будынак акружаюць высокія хвоі. Колькасць іх здзіўляе, як і мноства веласіпедаў на вуліцах. Кожны завулак чаруе сваёй прыгажосцю. Не выпадкова тут у даваенныя гады ўжо дзейнічаў санаторый. Цяпер размешчана рэспубліканская туберкулёзная бальніца.

— У калектыве гэтай спецыфічнай медустановы амаль дзвесце чалавек, — пачуў ад старшыні сельвыканкама Ірыны Кунахавец. – Паўсотні медыкаў працуе ў гарадской бальніцы. Амаль кожная наша сям’я звязана з медыцынай. Клапоцімся пра стварэнне спрыяльных умоваў для замацавання медыкаў.

Кіраўнік духавога аркестра Аляксандр СААЛЯТЭ са школьнікамі

Летась пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага мед- універсітэта прыехала працаваць урач-тэрапеўт Антаніна Шатэла. Радзіма яе – данецкі горад Вуглягорск. Пасля школы паступіла ў Луганскі медінстытут. Вайна прымусіла пакінуць Данбас і завяршаць вучобу ў Гродна. Другі год Антаніна працуе ў гарадской бальніцы і пакідаць Наваельню не збіраецца.

У РАЙВЫКАНКАМЕ распрацавана і зацверджана праграма перспектыўнага развіцця гарпасёлка. Аснова яе – стварэнне новых працоўных месцаў і добраўпарадкаванне тэрыторыі. У канцы восені пачне дзейнічаць беларуска-арабскае прадпрыемства на дваццаць працоўных месцаў па перапрацоўцы рубцоў буйной рагатай жывёлы. На былой базе райспажыўсаюза ў будучым годзе плануецца адкрыць цэх па перапрацоўцы драўніны, дзе будзе занята паўсотні рабочых. Маладых спецыялістаў чакаюць абедзве бальніцы, школа, лясгас, участак па ізаляцыі труб ААТ “Гроднагазбудізаляцыя”, металабазы, гандаль.

На прыёме ў тэрапеўта Антаніны ШАТЭЛА

У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя вяртання моладзі. Са сталіцы ў бацькоўскі дом пераехала маладая сям’я Пехавых. Пасля выхаду на пенсію саліст сталічнага тэатра музычнай камедыі Іван Сапега вярнуўся з жонкаю ў родныя мясціны і папоўніў калектыў духавога аркестра, якому ўжо семдзесят гадоў. Не кожны горад можа пахваліцца такім аркестрам. Наваельненскіх музыкантаў запрашаюць на самыя прэстыжныя святы. Амаль штодзень яны шліфуюць сваё майстэрства. Агеньчыкі ўспыхнулі ў вачах падлеткаў, калі пры поўным парадзе выйшаў на вуліцу з духавой трубой Аляксандр Саалятэ. Многіх юных наваельненцаў прывёў ён у аркестр.

Педагог Тамара Уладзіміраўна КРЫВЕНЯ расказвае вучням пра гісторыю Наваельні

 
Рабочы ААТ “Міжрайагразабеспячэнне” Юрый КАРПАЎ

Не толькі музыкантамі ганарыцца старшыня сельвыканкама Ірына Кунахавец. А і тым, што сярод жыхароў гарпасёлка нямала людзей ганаровага ўзросту. Дзевяностагадовы рубеж пераадолелі ветэраны Ганна Канстанцінаўна Кізік і Міхаіл Сяргеевіч Гладкі. Жыццём кожнага цікавіцца Ірына Іванаўна. Пачынала яна сваю працу ў Наваельні пасля заканчэння сталічнага педуніверсітэта загадчыцай дзіцячага садзіка. Першыя выхаванцы ўжо закончылі школу. Многіх вучыла педагог Тамара Уладзіміраўна Крывеня, дзякуючы старанню якой створаны гістарычны музей “Дзеці ліхалецця”. Нават на заслужаным адпачынку яна на грамадскіх пачатках працягвае займацца любімай справай. Яе расказ пра трагічны лёс дзяцей піянерскага лагера крануў сэрца.
 
ПЕРАД вайною ў Наваельні дзейнічаў міжнародны піянерскі лагер. Летам 1941 года адпачываць прыехалі славакі, чэхі, балгары, кітайцы, аўстрыйцы. Дзеці рэвалюцыянераў розных краін, палітэмігрантаў. У чэрвеньскую нядзелю ў лагеры рыхтаваліся на беразе рэчкі Маўчадкі запаліць піянерскае вогнішча. Дзеці  не паспелі нават нацешыцца пяшчотным сонейкам, як у небе завылі самалёты з чорнымі крыжамі на крылах. Грымнула вайна. Спадзяваліся, што за выхаванцамі прыедзе аўтобус з Масквы. Яго адправілі, але трапіў пад бамбёжку і да Наваельні не даехаў. Гітлераўскія матацыклы з’явіліся на вуліцах. Педагогі ў паніцы не ведалі, што рабіць. Замежныя дзеці заставаліся ў піянерскім лагеры. Важатыя спакавалі ў металічныя скрынкі сцяг і гальштукі і закапалі. Фашысты ўварваліся ў лагер і выгналі дзяцей.
Цырульнік Аксана ВАРАБ’ЁВА

Пачаліся блуканні падлеткаў. Самых маленькіх забралі да сябе мясцовыя жыхары. Больш дарослыя адправіліся пешшу ў бок Масквы. Раненні і варожы палон давялося перажыць Ігару Астаф’еву. Да Смаленска дайшлі Юрый Галавін, балгарын Іонко Чангелоў і славак Юлій Герэ. Падлеткі туліліся ў хлявах, як маглі здабывалі ежу. Юра Галавін трапіў у Германію, жабраваў ва Усходняй Прусіі. Пасля шматлікіх выпрабаванняў вырваўся з Нямеччыны. Балгарына Іонко прытулілі сяляне на Пскоўшчыне. Юлій Герэ стаў разведчыкам ў партызанскім атрадзе. Да Масквы дабраўся толькі летам 1944 года, калі савецкія воіны ўжо вызвалілі Беларусь.

Для астатніх дзетак, што засталіся ў Наваельні, у паўразбуранай хаце жыхары арганізавалі своеасаблівы прытулак. Партызаны дапамаглі некалькі дзяўчынак вывезці на хутар. Пад выглядам жабрачак яны збіралі звесткі пра акупантаў. У пачатку вясны 1943 года дзяцей з прытулка ўдалося перавезці ў Дзятлава. Хваробы касілі іх. Звыш сямідзесяці малалетак не выжыла. Жорстка расправіліся каты з яўрэйскімі дзяўчынкамі Валяй Герэ і Розай Авербах, якіх  расстралялі. Выхаванцаў прытулка карнікі пагрузілі ў эшалон і адправілі на захад. Толькі восенню 1944 года ўдалося вызваліць дзяцей…

У школьным музеі захоўваюцца ўнікальныя дакументы, фотаздымкі ваенных герояў, піянераў міжнароднага лагера. Аформлены альбомы, прысвечаныя слынным землякам, сярод якіх вядомыя вучоныя, літаратары, перадавікі вытворчасці. Усё гэта – бясцэнны скарб старажытнага мястэчка Наваельня.

Дзятлаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter