Наваельня пад крыламi соснаў

Пасёлак на Гродзеншчыне ўдала спалучае рысы курортнай зоны і развітога прамысловага цэнтра Назва ўтворана ад слоў “новая” i “Ельня”. Паводле рукапiсных крынiц, паселiшча вядома з XVI стагоддзя як Ельня. У той час была ў складзе Навагрудскага павета Вялiкага княства Лiтоўскага. Пасля падзелу Рэчы Паспалiтай (1795 год) Наваельня ўз’ яднана з Расiяй, з 1842 года — мястэчка Навагрудскага павета Мiнскай губернi. З 1884 года з адкрыццём руху на ўчастку Вiльня —Лунiнец Палескай чыгункi Наваельня з’яўляецца чыгуначнай станцыяй. У 1886 годзе Наваельня — сяло Дварэцкай воласцi Cлонiмскага павета Гродзенскай губернi. З верасня 1939 года — гарадскi пасёлак Дзятлаўскага раёна.

Там, дзе сустракаецца Моўчадзь з Ятранкай, за дзесятак кiламетраў на ўсход ад Дзятлава знаходзiцца гэты самабытны куток нашай зямлi. Запытай любога, хто там пабываў, у чым адметнасць Наваельнi, i ён адкажа: у соснах векавых (пасёлак, дзе пражывае болей за 3300 жыхароў, нiбы вырас у сасновым бары), у надзвычай цiкавых людзях.
Палiва дае поле, а здароўе — лес
Нездарма доўгi час у пасёлку, дзе сам сасновы водар лечыць, размяшчаўся санаторый, зараз на яго базе — бальнiца рэспублiканскага значэння. Дарэчы, у гэтых цудоўных мясцiнах, непадалёк ад Наваельнi, пабудаваны вядомы далёка за межамi Беларусi санаторый “Радон”, у якiм працуе нямала жыхароў пасёлка.
— Наваельня вельмi гарманiчна спалучае рысы курортнай зоны, якiя прыдаюць сасновы бор, азёры, i даволi развiтую для пасёлка такога тыпу прамысловасць, — расказвае старшыня пасялковага выканкама Мiкалай Мацюкевiч. — Па-першае, гэта чыгуначная станцыя, якая накладвае свой адбiтак на жыццё мясцовых жыхароў, iх род заняткаў. Па-другое, тут размешчаны такiя значныя для раёна прадпрыемствы, як камбiнат хлебапрадуктаў, мiжрайсельгасхiмiя, мiжраённае аб’яднанне па вытворча-тэхнiчным забеспячэннi сельскай гаспадаркi...
Дарэчы, апошняе набыло вядомасць у рэспублiцы i нават за яе межамi. На базе аб’яднання была выраблена першая партыя бiядызельнага палiва на аснове рапсавага алею. Тысяча тон палiва ўжо прададзена. Запатрабавана альтэрнатыўнае палiва мясцовымi гаспадаркамi, аўтобуснымi паркамi Гродна i Слонiма, прадпрыемствам “Гроднааблбуд” i iншымi. Дарэчы, у 2007 годзе ў Наваельнi плануецца выпусцiць 10 тысяч тон бiядызельнага палiва. Такiм чынам, у пасёлка ёсць добрая перспектыва.
Як адзначыў старшыня пасялковага выканкама, з наступленнем вясны тут плануюць пачаць рамонт вулiц, завяршыць будаўнiцтва воданапорнай вежы, па-гаспадарску падысцi да тых паўсядзённых праблем, якiя найбольш хвалююць жыхароў пасёлка.
Радзiма Тызенгаўза?
Наўрад цi хто лепей правядзе нас па старонках гicторыi Наваельнi, чым Тамара Уладзiмiраўна Крывеня, былая настаўнiца геаграфii, якая будучы на пенсii кiруе гicторыка-краязнаўчым музеем у мясцовай школе. Чалавек апантаны, Тамара Уладзiмiраўна можа бясконца расказваць пра сваю Наваельню, за што i паважаюць яе мясцовыя жыхары.
Вось толькi некалькi цiкавых фактаў, якiмi падзялiлася кiраўнiк музея. Некаторыя гicторыкi сцвярджаюць, што менавiта ў Наваельнi нарадзiўся ў 1733 годзе Антонiй Тызенгаўз.
— Мы з вучнямi вырашылi знайсцi пацвярджэнне гэтай версii, — расказвае Тамара Уладзiмiраўна. — Зараз вядзём збор матэрыялаў, звярнулiся ў архiвы. Зацiкавiла нас i такая пакуль што недаследаваная iнфармацыя аб тым, што ў 1651 годзе ўладальнiцай Наваельнi з прылягаючымi да яе 10 фальваркамi i 27 вёскамi была Барбара Падкаморына (Вiленская) з роду Агiнскiх.
Але самая вялiкая заслуга Тамары Крывенi i яе памочнiкаў — гэта стварэнне экспазiцыi “Дзецi лiхалецця”, з якой i пачынаўся гiсторыка-краязнаўчы музей у школе. Можна сцвярджаць, што гэта пошукавая работа прынесла Наваельнi мiжнародную славу.
Дзецi лiхалецця
Пачалася гэтая гiсторыя за пяць дзён да вайны. У пiянерскi лагер, якi размяшчаўся ў Наваельнi, прыехалi з Масквы на адпачынак дзецi рэвалюцыянераў, вядомых дзеячаў камунiстычных партый i антыфашысцкага падполля Iталii, Германii, Аўстрыi, Чэхаславакii, Балгарыi, Кiтая, Карэi, iншых краiн, якiя знайшлi ў Савецкiм Саюзе сваю другую Радзiму.
Нiхто i не здагадваўся, што ў далёкiм беларускiм пасёлку iх застане жудасная вестка: “Вайна!”
Дзяцей не паспелi эвакуiраваць да прыходу фашыстаў. Пяцёра з iх вырашылi самастойна дабiрацца да Масквы. На сёмы дзень у Наваельнi ўжо былi немцы. Падлеткi аказалiся лiтаральна на вулiцы: у памяшканнi лагера фашысты размясцiлi сваю казарму. Дзяцей, якiя аказалiся без бацькоў, адрэзаныя ад сваёй далекай радзiмы, як маглi падтрымлiвалi мясцовыя жыхары. Пазней, напачатку восенi ў Наваельнi немцы вымушаны былi арганiзаваць так званы прытулак: сюды пачалi прыбываць дзецi з-пад Смаленска, Вязьмы, Арла, многiх раёнаў Беларусi, якiя ў той час знаходзiлiся ў канцлагеры пад Баранавiчамi. Але вясной 1943 года фашысты наваельнiнскi прытулак расфармiравалi, а дзяцей перавезлi ў Дзятлава. Умовы жыцця тут былi невыносныя, яны згаралi як свечкi. Толькi на дзятлаўскiх могiлках пахавана 76 дзяцей. За некалькi дзён да прыходу сюды Чырвонай Армii рабяты загадкава знiклi. Лiчылася, што фашысты iх расстралялi. Дзе менавiта адбылося гэта жудаснае злачынства, нiхто з мясцовых жыхароў не ведаў. Не знаходзiлi магiлу следапыты i пасля вайны. Лёс дзяцей так i заставаўся невядомым.
Звесткi, якiя выпадкова трапiлi вучням Наваельнiнскай школы i iх настаўнiцы, сталi пачаткам пошуку.
Высветлiлася, што дзяцей перавезлi ў Вензавец, дзе яны сталi заложнiкамi карнай брыгады. Потым змучаных i галодных падлеткаў у тэрмiновым парадку павезлi на чыгуначную станцыю, зноў у Наваельню. Там да эшалона прычапiлi некалькi платформ з ваеннай тэхнiкай, нарабаваным дабром. А ў сярэдзiне састава як прыкрыццё ў таварных вагонах знаходзiлiся дзецi.
Чыгунка была забiта адступаючымi немцамi, таму падлеткаў больш як два месяцы вазiлi па Польшчы, Чэхаславакii, Венгрыi. Потым яны трапiлi ў далёкае Закарпацце, сяло Чэрвянёва, якое восенню 1944 года вызвалiла Чырвоная Армiя. Дзяцей адправiлi ў розныя дзiцячыя дамы. I сувязь памiж iмi была страчана.
I вось праз 40 гадоў пасля вайны, у 1985-м, у Наваельню з розных куткоў свету ехалi ўжо сталыя “дзецi лiхалецця”. Гэта была сустрэча, якая ўскалыхнула ўвесь пасёлак. Яго жыхары, якiя перажылi вайну, памяталi гэтых дзяцей i радавалiся таму, што многiя з iх жывыя.
Потым было яшчэ тры сустрэчы. Лёс дзяцей лiхалецця стаў сюжэтам не для адной кнiжкi, у Балгарыi выйшла нават дакументальная стужка пад назвай “Народжаныя для мужнасцi”. А ў невялiкi пасёлак Наваельня, якi спаўна перажыў усе жахi вайны, i зараз iдуць звесткi з усяго свету. Пошук працягваецца.

Жыццё не застаялася “Новоельня под крыльями сосен.
Нет в них святости, нет и греха.
Между ними — небесная просинь,
И к молитве она не глуха”.
Гэтыя пранiкнёныя радкi належаць пяру мясцовага паэта Яўгена Мацвеева. Шмат вершаў у сваiх зборнiках ён прысвяцiў гэтым мясцiнам, людзям, якiя тут жывуць.
А жыццё ў невялiкiм пасёлку не стаiць на месцы. I не толькi моладзь у Наваельнi энергiчная. Маладым яшчэ трэба павучыцца любовi да жыцця ў сваiх бабуль. Я маю на ўвазе фальклорны гурт “Свiтанак”, якiм кiруе Галiна Сушко. Пяць яго ўдзельнiц: Кацярына Iванаўна Валчанiна, Алена Васiльеўна Анушкевiч, Ганна Канстанцiнаўна Кезiк, Алена Андрэеўна Нагорная i Валянцiна Мiкалаеўна Лiтвiнская, маюць узрост ад 60 да 80 гадоў. Але ж як заспяваюць — кроў зайграе! На жаль, не сустрэлася з iмi — былi на канцэрце ў раённым цэнтры, артысты яны запатрабаваныя.
Затое пазнаёмiлася яшчэ з адным самабытным чалавекам, якiм ганарацца землякi, — Таццянай Загорцавай, мастацкая вышыўка якой праславiла Наваельню.
— Вышывала колькi сябе памятаю, — расказвае мая субяседнiца. — У Ганцавiцкiм раёне, адкуль я родам, лiчылася, што калi дзяўчына вышываць не ўмее, яе i замуж могуць не ўзяць.
— А цi вышылi сабе пасаг? — цiкаўлюся.
— А як жа! Нават дачка мая Антанiна, якая нядаўна выходзiла замуж, падтрымала гэтую традыцыю: абдорвала гасцей жанiха ўласнаручна вышытымi ручнiкамi i сурвэткамi.
Аказваецца, вышытыя карцiны Антанiны, якая зараз па мужу носiць прозвiшча Валуевiч, разам з работамi яшчэ адной наваельнiнскай майстрыхi мастацкай вышыўкi Сняжаны Пiцур удзельнiчалi ў абласных i нават у рэспублiканскiх конкурсах.
“ Цуд маiх рук” — так называецца гурток у мясцовым Доме культуры, якiм кiруе Таццяна Загорцава. Яна перадае сакрэты мастацкай вышыўкi, бiсерапляцення наваельнiнскiм дзецям.
Аб тым, што жыццё культурнае ў пасёлку бурлiць, расказала i загадчыца Дома культуры Ася Шмыгiна. Мяркуйце самi: тут створаны ажно тры аркестры: духавы, эстрадны i дзiцячы духавы. Што i казаць: Наваельня — мясцiна паэтычная, усё наваколле ды водар соснаў на лiрычны лад настройваюць.
Цiкавасць да невялiкай Наваельнi, якая раней была мястэчкам, выклiкана рознымi абставiнамi.
Але, вядома ж, галоўнае яе багацце — гэта людзi. Цiкавыя, працалюбiвыя, шчодрыя. I не знайсцi найлепшых пажаданняў iм, чым выказаў адданы душой землякам Яўген Мацвееў:

“У Творца, что царит безраздельно,
Я прошу: в мире смерчей и вьюг
Под крыло взять мою Новоельню,
Белорусскую землю мою”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter